Палітзьняволеная Вольга Паўлава абскардзіла ў Менскі гарадзкі суд вынесены ёй прысуд у тры гады хатняй «хіміі». У якіх умовах давядзецца адбываць пакараньне, яна пакуль ня ведае.
У чым абвінавацілі Вольгу Паўлаву
19 лютага Ленінскі суд Менску прысудзіў 32-гадовай Вользе Паўлавай тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле ч.1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Прысуд вынесла судзьдзя Ленінскага суду Менску Марына Запасьнік.
Пры адбыцьці пакараньня жанчыне будзе залічана знаходжаньне пад вартай з 18 лістапада па 19 лютага (адзін дзень прыраўноўваюць да двух дзён абмежаваньня волі).
Вольгу вызвалілі з-пад варты ў залі суду, цяпер яна пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Паводле выраку, Вольга 1 лістапада на несанкцыянаванай акцыі «публічна выкрыквала лёзунгі, падымала рукі ўгору», не рэагавала на патрабаваньні амапаўцаў і разам зь іншымі перашкаджала руху транспарту.
Вольга Паўлава адмовілася даваць паказаньні і не выказвалася аб абвінавачаньні.
Падчас ператрусу ў яе знайшлі два сьцягі з надпісам «Страна для жизни. Уручье» і «Страна для жизни». Іх суд пастанавіў зьнішчыць.
Хто такая Вольга Паўлава
Вольга мае вышэйшую мэдычную адукацыю, працавала галоўным касмэтыкам на прадпрыемстве «Беліта», мае 6-гадовага сына. Калі заўважыла канал Сяргея Ціханоўскага «Страна для жизни», шмат глядзела і чытала пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і захацела далучыцца да каманды Сьвятланы Ціханоўскай, зьбірала за яе подпісы.
«Проста паўстаў выбар: альбо ты ўдзельнічаеш, альбо працягваеш жыць як жыў. Я выбрала ўдзельнічаць. Працу заўсёды можна знайсьці, а другую краіну — не, краіна адна», — кажа Вольга.
Цяпер Вольга як рамесьнік займаецца флярыстыкай. Таксама яна дапамагае зьбіраць перадачы для палітзьняволеных, асабліва для тых, хто ня мае магчымасьці атрымаць іх ад сваякоў.«Пабыўшы там, па той бок, я разумею, наколькі гэта важна», — кажа яна.
Падчас пратэстаў Вольгу Паўлаву затрымлівалі чатыры разы. 9 жніўня яе параніла сьвятлашумавой гранатай каля стэлы.
«Дагэтуль застаўся сьлед ад аскепкавага раненьня. Калі людзей закідвалі гранатамі, мне таксама прыляцела. Тады гэта быў стан шоку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывістку «Страны для жизни» пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі». Над яе апошнім словам у судзе плакаліЯна кажа, што пасьля ўсяго перажытага мае глыбокую псыхатраўму.
«Цяпер я зьбіраю дакумэнты на шпіталізацыю ў аддзяленьні нэўрозаў, бо ў мяне панічныя атакі, посттраўматычны сындром. Трэба лячыцца, паціху выходзіць з гэтага стану».
«З супрацоўнікамі хунты я вітацца не зьбіраюся»
Апошні раз Вольгу затрымалі 15 лістапада на «плошчы Пераменаў», куды яна прыйшла, каб запаліць зьніч, і завялі на яе крымінальную справу. Зь Менску яе этапавалі ў турму № 8 у Жодзіне.
Вольга Паўлава 2 сьнежня трапіла ў карцар за тое, што адмовілася вітацца з ахоўнікамі.
«Яны асобы службовыя, а я грамадзянская, таму яны абавязаны былі вітацца. Паколькі я іх не паважаю, то вітацца зь імі не зьбіралася. Хаця ў астатнім я выконвала ўсё, што патрабавалася. Іх пачало проста рваць, яны крычалі, што я абавязана. Я папрасіла паказаць закон ці правілы, што я абавязаная. А паколькі я не абавязаная, то гэты выбар застаецца за мной. На мяне склалі рапарт, у якім я патлумачыла, што ў нас у краіне не манархія, а рэспубліка. І з супрацоўнікамі хунты я вітацца не зьбіраюся. Я думаю, ім было весела паглядзець, ці буду я вітацца з начальнікам, мо спалохаюся, але гэтага не адбылося».
Вольга спачатку атрымала 7 сутак карцару, потым яшчэ 5 і яшчэ, усяго 17.
Як выглядае карцар у Жодзіне
Паводле Вольгі, яе карцар № 111 — гэта невялікае памяшканьне. Яна яго замярала крокамі, гэта прыкладна 1,5 мэтра ў шырыню на 2,5 у даўжыню, з дрэннай вэнтыляцыяй.
«Гэта цокальны, падвальны паверх. Там маленькае акенца з мэталічнымі кратамі і „расьнічкамі“, якое практычна не прапускае сьвятла. Хаця дзённае і начное сьвятло гарыць 24 гадзіны на суткі.
У цэнтры памяшканьня знаходзіцца крэсла, забэтанаванае ў падлогу. Прычым бэтон заліты нейкімі хвалямі і ўпадзінамі. Крэсла мэталічнае, у цэнтры драўлянае, але паколькі яно вельмі маленькае, то, як ні садзіся, усё роўна будзеш сядзець на мэтале.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Дэанон“ — псыхалягічная зброя». 15-гадовы стваральнік тэлеграм-каналу пра сілавікоў уцёк ад перасьледу за мяжуТам ёсьць ракавіна, прыступка і туалет, як на вакзале. Насупраць прыбіральні вісіць відэакамэра. Нары на дзень падымаюць да сьцяны, і атрымліваецца невялікі столік з падножкі. На ім зьмяшчаецца толькі талерка і кубак. На ноч дастаюць мэталёвую палку, і тады ложак адкідваецца ад сьцяны і абапіраецца краем на крэсла.
Перад дзьвярыма ўсталяваныя мэталічныя краты, якія замыкаюцца на замок. У мэталічных дзьвярах, якія маюць некалькі засавак, ёсьць акно, празь якое ты нічога ня бачыш, але цябе бачаць усе».
Нары ў карцары раскладаюцца ўвечары.
«Прыходзяць ахоўнікі з сабакамі без наморднікаў, дастаюць мэталічны штыр, нары падаюць. Адчыняюць дзьверы, ты выходзіш у падсобнае памяшканьне, забіраеш матрац і вяртаесься».
Вольга кажа, што сядзець на мэталічным крэсьле ў карцэры было нязручна.
«Я казала начальніку турмы, што гэта дрэнная ідэя трымаць жанчыну ў карцэры, дзе толькі халодная вада з-пад крана і мэталічнае крэсла. Ён сказаў, маўляў, усё аднолькава. Я садзілася на гумавыя тапкі на бэтоннай падлозе».
У карцэр з камэры дазваляюць узяць толькі бялізну, шкарпэткі, выдаюць адмысловыя штаны, камізэльку, гумавыя тапкі; можна ўзяць туалетную паперу, мыла, зубную шчотку і пасту. Вользе таксама дазволілі ўзяць акуляры. Паперу для пісьма і ручку ўзяць у карцэр не дазваляецца, таксама там няма магчымасьці чытаць кнігі, няма радыё. У карцэры толькі халодная вада, кіпяцільніка няма, перадачы атрымаць немагчыма.
«У карцары нічога нельга, там рэжым цішыні. Перагаворвацца з вязьнямі ў суседніх памяшканьнях забаронена. Хаця, калі нехта чхае ў суседняй камэры, то гэта добра чуваць. Усе сядзяць і маўчаць. Там у мэню недастатковая колькасьць клятчаткі, таму, калі няма перадач, амаль усе пакутуюць ад запораў, — кажа Вольга. — У камэрах вялізная колькасьць тараканаў, апроч карцара. Але ў карцары ёсьць мышы. Я аднойчы так спалохалася, крычала і адразу пачала стукаць у дзьверы. Гэта было так нечакана», — кажа Вольга.
Нейкіх надпісаў на сьценах карцара яна ня бачыла, але са сьцен асыпаецца тынкоўка. Распарадкам дня прадугледжана пяціразовае прыбіраньне камэры.
«Карцэр — гэта пекла на зямлі. Папраўдзе, калі маеш кепскае ўяўленьне, то там можна звар’яцець. Ты проста выратоўваесься тым, што нешта ўяўляеш, — кажа Вольга, — Штодня ты маеш гадзіну прагулкі. Усё роўна цябе выводзяць адну, даюць шапку-аблавух, целагрэйку і заводзяць у дворык на аднаго. Гэта таксама невялікае бэтоннае памяшканьне, ня большае за камэру, зьверху краты і лавачка. Пакуль гуляеш, там чуваць радыё».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ў перапынку перад другім таймам». Саша Філіпенка — пра дзейнасьць Чырвонага Крыжа і маральна-этычную рэвалюцыюГаладоўка ў карцэры
За нібыта знойдзены пыл на ложку Вользе дадалі яшчэ пяць сутак карцару. Яна аб’явіла галадоўку, якая працягвалася 10 дзён, і напісала ў заяве, што начальнік турмы перавышаў службовыя паўнамоцтвы.
«За гэты час прыехаў адвакат, а я не магла да яго выйсьці ад слабасьці. Гаспадарчы работнік данёс мяне да адваката, — кажа Вольга, — Я нават акуляры не магла надзець, бо ў мяне адразу кружылася галава і я падала. І ў гэтыя дні я проста ляжала на бэтоннай падлозе. Мяне нават спрабавалі паставіць на ўлік па суіцыду, маўляў, тое, што я абвясьціла галадоўку — гэта схільнасьць да суіцыду. Я сказала, што ў мяне схільнасьць да справядлівасьці. У мяне ў карцары празь дзень рабілі шмон. Мяне нават папярэджвалі, што праз 14 дзён могуць пачаць карміць гвалтам».
У карцар Вольгу накіравалі, нягледзячы на тое, што яна папярэдзіла супрацоўнікаў турмы, што пакутуе ад панічных атак і кляўстрафобіі.
«У мяне гэта ўсё пачалося пасьля жніўня, калі я трапіла ў ЦІП на Акрэсьціна. Псыхічная траўма была атрыманая там падчас катаваньняў, калі нас было 36 чалавек у камэры, мы задыхаліся і на нас вылілі два вядры вады, — кажа Вольга. — І калі я трапіла ў карцар, у маленькае, душнае памяшканьне, мозг вярнуўся ў жнівень, калі мы ўсе задыхаліся. Гэта паніка, страх сьмерці, моцная тахікардыя, арытмія. Ты ня можаш выйсьці, і ты задыхаесься».
Пасьля галадоўкі Вольга трапіла ў санчастку.
Што Вольга думае цяпер пра будучыню, пра краіну, пра ўсю сытуацыю?
«Мы станем вольнымі, калі возьмем на сябе частку калектыўнай адказнасьці. Бо цяперашняя сыстэма не жыцьцяздольная ад пачатку, — кажа Вольга. — Мне будзе вельмі шкада, калі ўсё так і застанецца. Але я не гатовая жыць у Паўночнай Карэі і не гатовая ахвяраваць сваім адзіным дзіцем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не абмяркоўваць шпіца і не трансьляваць парадак дня „Пула первого“». Пазытыўныя парады хранікёраў мірнай рэвалюцыі Жвалеўскага і Пастарнак ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы б усё роўна засталіся тут». Гісторыя Ўладзімера Гундара, якога ўлады вінавацяць у тэрарызьме