Каб пратэставаць, як паказалі лета і восень, увогуле не патрэбныя палітыкі, дастаткова мэсэнджэраў і некалькіх тэлеграм-каналаў. Калі б Ціханоўская абвясьціла сябе прэзыдэнткай, то яе б крытыкавалі, што ўжо позна і што гэта сьмешна.
Прапанова Ціханоўскай галасаваць за перамовы з уладай — гэта не сіла і не слабасьць, гэта разуменьне рэальнасьці. І гэта ніяк не выключае наяўнасьці пратэстаў. Наадварот, без іх ніхто на ніякія перамовы ніколі ня пойдзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заявіла пра старт агульнанацыянальнага галасаваньня дзеля пачатку перамоваў з уладамі. ВІДЭААпошнія паўгода паказалі, што нават паўмільёна на вуліцах не прымусяць Лукашэнку сысьці. А цяпер, пасьля месяцаў тэрору, такой масавасьці і не паўтарыць, якія б ілюзіі хто не будаваў. Апанэнтаў улады ня стала менш, наадварот. Але ў атмасфэры поўнай беспакаранасьці сілавікоў і амаральнасьці ўлады, мірныя пратэсты менавіта цяпер не прымусяць кіраўніка рэжыму «адляцець на верталёце». Выключэньне — нейкія працэсы ўнутры самой сыстэмы, пра якія мы не здагадваемся, або сур’ёзная памылка, якая стане пачаткам чарговага грамадзкага выбуху.
Нават у Польшчы часоў «Салідарнасьці» ў пачатку 1980-х, дзе страйкавала проста ўся краіна, а студэнты тысячамі начавалі ў залах ВНУ, з падтрымкай дзясяткаў тысяч на вуліцах, рэжым Ярузэльскага трымаўся яшчэ 8 год. І сышлі польскія камуністы не пад уплывам пратэстаў, а ў выніку перамоваў, новых выбараў і поўнай перамогай на іх апазыцыі. Гэта забясьпечыла краіне мірны пераход улады, без пераваротаў кожныя некалькі гадоў, якія мы бачым на постсавецкай прасторы. Ды і нейкі захоп будынкаў пратэстоўцамі, як у суседзяў, гэта ўвогуле не беларуская тэма.
Падсумоўваючы, пра што кажа Ціханоўская. 1) Мірныя пратэсты рознага фармату, каб ціснуць на ўладу. 2) Перамовы пра выбары. 3) Перамовы з Лукашэнкам ці без, напрыклад з чыноўнікамі, якія возьмуць на сябе адказнасьць. Сёньня гэта выглядае як фантастыка, але фантастыкай яшчэ 7 месяцаў таму мы лічылі ўсё, што бачым апошнія паўгода.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У агульнанацыянальным галасаваньні, абвешчаным Ціханоўскай, за 2 гадзіны прагаласавалі больш за 150 тысяч чалавекІ апошняе. Прапанова ці патрабаваньне перамоваў выбівае і ў рэжыму аргумэнт, што іх нехта хоча гвалтам зьвяргаць і страляць у дварах. Нехта скажа, што ім гэты аргумэнт да лямпачкі. Не. Менавіта іх неразуменьне гэтага аргумэнту і прывяло да магутнага непрыняцьця гэтай улады вялікай часткай грамадзтва. Калі «губазікі» бегалі за мірнымі пратэстоўцамі з аўтаматамі і білі шкло, каб увайсьці ў кавярню, ці судзілі людзей за аркуш белай паперы на бальконе, кожны ўбачыў, што ў гэтая ўлада звар’яцела.
Ціханоўская агучыла ўсяго толькі стратэгію. Дарэчы, яе плюс яшчэ ў тым, што яна робіць амаль немагчымай інтэрвэнцыю Расеі. А тактыка — гэта ўжо справа, здаецца, саміх беларусаў. Тут ужо і не патрэбная Ціханоўская, каб вадзіць за ручку. Як дамаўляцца і нешта плянаваць, апошнія паўгода ўсіх навучылі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.