Па словах экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі, якая вымушана жыве ў эміграцыі ў Літве, яна «сем месяцаў працавала, каб зрабіць гэтую заяву». Мэту і сэнс звароту Сьвятлана Ціханоўская захоўвала ў таямніцы да самага пачатку трансьляцыі.
Працяг сюжэту У агульнанацыянальным галасаваньні, абвешчаным Ціханоўскай, за 2 гадзіны прагаласавалі больш за 150 тысяч чалавек«Беларусы не зьмірыліся»
У пачатку свайго выступу Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што беларусы не зьмірыліся і па-ранейшаму рыхтуюць вулічныя акцыі. Палітык заявіла пра старт агульнанацыянальнага галасаваньня:
«Напярэдадні 25 сакавіка Лукашэнка пачаў пагражаць нам грамадзянскай вайной. Ён разумее, што ня можа спадзявацца на МУС. Выбраны ім шлях непазьбежна прывядзе да яго сыходу. Але мы не зьбіраемся чакаць. Наш шлях мірны, гэта крок да дзяржавы, дзе паважаюць чалавека. І канкрэтны сыгнал да міжнародных партнэраў да дзеяньняў».
Ціханоўская ўпэўнена, што дзейнічаць трэба менавіта цяпер, а перамовы выгадныя нават прадстаўнікам улады, жыцьцё якіх таксама пагоршылася. Міжнароднае пасярэдніцтва патрэбна, каб пазьбегнуць тайных перамоваў. Галасы людзей, на думку Ціханоўскай, дапамогуць арганізаваць перамоўныя пляцоўкі з удзелам АБСЭ, ААН і іншых міжнародных арганізацый.
Галасаваньне будзе на плятформе «Голас»
Вялікае галасаваньне пры падтрымцы Каардынацыйнай рады, ByPol і іншых дэмакратычных арганізацый адбудзецца на плятформе «Голас». Дзеля гэтага Ціханоўская заклікала ўсталяваць чат-бот «Голасу» ў Тэлеграме і прагаласаваць.
Тым, хто ўдзельнічае ў галасаваньні, прапануецца адказаць станоўча ці адмоўна на адно пытаньне:
«Я патрабую мірнага вырашэньня крызісу ў Беларусі шляхам перамоваў. Я заклікаю Сьвятлану Ціханоўскую правесьці іх пры міжнародным пасярэдніцтве».
«Мы мабілізуем усе нашы рэсурсы, каб на другую хвалю пратэсту ў рэжыму не хапіла ні сілаў, ні грошай. Мы падрыхтуем пакет рашэньняў, як у пераходны пэрыяд падтрымліваць бясьпеку, стабілізаваць эканоміку і рыхтаваць новыя прэзыдэнцкія выбары»,— заявіла Ціханоўская.
Таксама яна паведаміла, што будзе сфармаваная перамоўная група, а праграма «Дыялёг» пашырыцца для ўключэньня дзяржаўных службоўцаў і сілавікоў.
Перад гэтым, 17 сакавіка, Ціханоўская выступіла на слуханьнях у Кангрэсе ЗША. «Людзі пакутуюць і паміраюць проста цяпер. Беларусы патрабуюць вашай дапамогі, як ніколі раней», — сказала яна падчас выступу, згадаўшы пацярпелых ад рэжыму Таксама яна падтрымала прыезд у Менск амбасадаркі Злучаных Штатаў Джулі Фішэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская падтрымала прыезд амбасадаркі ЗША ў Беларусь. Пра што яшчэ сказалі на слуханьнях у Кангрэсе. ВІДЭАПерад візытам у ЗША Ціханоўская наведала шэраг эўрапейскіх краін, у сакавіку яна правяла сустрэчы ў Фінляндыі, Партугаліі і Швайцарыі.
Муж экс-кандыдаткі, былы кіраўнік яе перадвыбарчага штабу Сяргей Ціханоўскі з траўня 2020 году ўтрымліваецца ў турме. Ён адзін з 290 палітвязьняў рэжыму Лукашэнкі.
Нядаўна яму выставілі канчатковае абвінавачаньне паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці), 191 (перашкода працы ЦВК), 342 (арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Хто такая Сьвятлана Ціханоўская?
Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.
- Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
- 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
- Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
- Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
- З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
- Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
- 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
- 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
- Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
- Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
- Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
- За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
- Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
- У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
- Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
- У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
- У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам