Архітэктара Дзьмітранка асудзілі на 3 гады «хіміі»
У судзе Цэнтральнага раёну сталіцы на 3 гады «хіміі» асудзілі архітэктара Вадзіма Дзьмітранка, якога абвінавацілі ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак».
На працэсе замянялі пракурора: замест Арцёма Цьвяткова на баку абвінавачваньня выступаў Іван Процкі. Ён зьняў шэраг артыкулаў, якія інкрымінавалі архітэктару, пакінуўшы толькі арт. 342, па якім запатрабаваў для падсуднага 3 гады «хіміі», з чым пагадзілася і судзьдзя Тацяна Акавітая.
Дзьмітранка адпусьцілі з-пад варты ў залі суду пад падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах на час абскарджваньня прысуду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор запрасіў для зьбітага пры затрыманьні архітэктара тры гады «хіміі»Вадзіма Дзьмітранка затрымалі 15 лістапада непадалёк ад «плошчы Перамен», на вуліцы Чарвякова. У той дзень у Менску праходзіў «Марш сьмелых» памяці Рамана Бандарэнкі. На наступны дзень пасьля затрыманьня па БТ паказалі сюжэт «На мірны пратэст зь нямірным арсэналам», дзе паказалі моцна пабітага Дзьмітранка з разьбітымі вуснамі і заплюшчанымі вачыма.
Паводле БТ, у заплечніку затрыманага былі дымавая шашка, рагатка, мэталічныя шарыкі для яе, самаробны дручок, балаклава.
З РУУСа Дзьмітранка забрала хуткая дапамога. Ён доўга праходзіў лячэньне ў аддзяленьні спалучанай траўмы шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі. У яго была чэрапна-мазгавая траўма, шматлікія гематомы, сінякі, разьбіты твар. Пасьля шпіталя яго трымалі ў Жодзіне, напярэдадні суду перавезьлі ў Менск.
Суд над пратэстоўцамі, якія адбіліся ад АМАПу
У судзе Фрунзэнскага раёну Менску 17 сакавіка працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да чатырох жыхароў сталіцы — Яўгена Бароўскага, Івана Зянько, Аляксея Драбы і Ўладзімера Кацкеля, паведамляе «Вясна».
Іх абвінавачваюць адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, але ўсіх чатырох — у гвалце альбо пагрозе ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК). Таксама ставяць у віну арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК), а аднаго — і ў наўмысным зьнішчэньні альбо пашкоджаньні маёмасьці (арт. 218).
Справу разглядае судзьдзя Юлія Блізьнюк. Дзяржабвінаваўца — пракурор Вікторыя Таратыка.
Падзеі адбываліся пасьля 17 гадзіны 11 кастрычніка 2020 году: у час разгону «Маршу гонару» каля станцыі мэтро «Пушкінская» падсудныя, як вынікае з матэрыялаў сьледзтва, перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, уступілі зь імі ў бойку, нанесьлі некалькі ўдараў па галовах і разьбілі шкло ў службовым аўтамабілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выракі за надпіс «Не забудзем!» на месцы гібелі Тарайкоўскага пакінулі ў сілеСуд над дзяўчынай, якую катавалі на Акрэсьціна
Суд над Аляксандрай Патрасаевай перанесьлі на 25 сакавіка, пасяджэньне прызначылі на 10:30.
Сёньня адбылася замена дзяржаўнага абвінаваўцы. Замест Фёдара Сініцкага бок абвінавачаньня цяпер будзе прадстаўляць памочнік пракурора Раман Бізюк.
Аляксандру абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў. Справу вядзе судзьдзя Вольга Малашэнка. Магчыма, 25 сакавіка агучаць прысуд.
Аляксандра Патрасаева віны не прызнала, патлумачыла, што інфармацыю даведвалася ў тэлеграм-каналах. Прачытала, што людзям патрэбна мэдычная дапамога, паехала пасьля працы, каб дапамагаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачаўся судовы працэс над дзяўчынай, якая перажыла катаваньні на АкрэсьцінаПершы раз Аляксандру схапілі ў ноч на 11 жніўня, тры дні яна была ў ізалятары на Акрэсьціна, дзе зазнала катаваньні: біцьцё, зьнявагі, абразы, пагрозы згвалціць. Яе прымушалі разьдзявацца, станавіцца на расьцяжку і пры гэтым бесьперапынна білі, прычым рабіла гэта жанчына. Затым адпусьцілі. У дзяўчыны былі моцна траўмаваныя зьвязкі, лекары наклалі гіпс.
Сьледчы камітэт адмовіўся прыняць заяву Аляксандры Патрасаевай пра катаваньні на Акрэсьціна.
Справу супраць удзельнікаў чату кіроўцаў накіравалі ў суд
Cьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да адміністратараў і актыўных удзельнікаў тэлеграм-каналу «Водители 97%» і чатаў з падобнымі назвамі. Мужчыну і жанчын — фігурантаў справы затрымалі восеньню. У ходзе допытаў яны растлумачылі, што былі незадаволеныя ходам выбарчай кампаніі.
Ім прад’явілі абвінавачаньне па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) КК Беларусі. Ім пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Траіх абвінавачаных заключылі пад варту, яшчэ адна жанчына на свабодзе, але пад падпіскай аб нявыезьдзе і належных паводзінах.
Матэрыялы перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.
Артыкул дапаўняецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – сакавік 2021. Мы сьведкі. „Яны разглядалі маю рану і захапляліся тым, як куля разарвала тканкі“. АБНАЎЛЯЕЦЦА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мужчыну асудзілі на 3 гады «хіміі» за пагрозы жонцы амапаўца. Тая паскардзілася, што ня можа зацяжарыць