БДУ выдаў падручнік па беларускай мове для кітайскіх студэнтаў

Кітайскія студэнты, ілюстрацыйнае фота.

Першы дапаможнік па беларускай мове для студэнтаў з Кітая зьявіўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце.

«Навучальны дапаможнік „Беларуская мова для кітайскіх студэнтаў“ выдадзены ў БДУ. Яго аўтарам зьяўляецца кандыдат філялягічных навук, дацэнт Лідзія Сямешка. Фактычна гэта падручнік, падрыхтаваны паводле сучаснай мэтодыкі выкладаньня і вывучэньня беларускай мовы як замежнай», — праінфармавалі ў прэс-службе ВНУ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў «выкарыстоўваць досьвед Кітая» пры рэгуляваньні інтэрнэту

У кнізе блізу 300 старонак, яна арыентаваная на засваеньне беларускай лексыкі, граматыкі, вымаўленьня, успрыманьня на слых, чытаньня, пісьма і гутарковай мовы.

Матэрыял ахоплівае слоўнікавы запас, неабходны ў штодзённых зносінах. Гэта тэмы знаёмства, сям’і, працы, вучобы і г. д. Пры гэтым кітайскія студэнты могуць вывучаць беларускую мову як з выкладчыкам, так і самастойна, удакладняецца ў прэс-рэлізе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выкладчыкі філялягічнага факультэту БДУ выступілі за свабоду выказваньня. ВІДЭА

Кітайскія студэнты — самыя шматлікія іншаземцы, якія вучацца ў беларускіх ВНУ. Агулам іх больш за 3 тысячы.

Таксама дапаможнікам забясьпечаць паўтара дзясятка цэнтраў вывучэньні беларускай культуры пры навуковых установах Кітая.