468 крымінальных спраў супраць 631 асобы — статыстыка перасьледу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Спраў за катаваньні няма

Генпракуратура

У Генпракуратуры паведамілі колькасьць крымінальных справаў, зьвязаных з абразамі і гвалтам супраць сілавікоў, хуліганствам і апаганьваньнем маёмасьці.

Больш за 400 чалавек ужо асудзілі, паведамляе прэс-служба ведамства.

Па стане на сярэдзіну сакавіка пракуроры накіравалі ў суды 468 крымінальных спраў у дачыненьні 631 асобы.

Справы зьвязаныя з удзелам у «незаконных масавых мерапрыемствах і дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, гвалтам і пагрозай яго прымяненьня да прадстаўнікоў праваахоўнага блёку, іх публічнай абразай, апаганеньнем надпісамі чужой маёмасьці, хуліганствам, зьдзекам зь дзяржаўнай сымболікі».

У Генпракуратуры сказалі, што «апэратыўнае вызначэньне грамадзян» праводзіцца ў тым ліку пры дапамозе аўтаматызаванага абсталяваньня і спэцыялізаванага праграмнага забесьпячэньня.

Пры гэтым пасьля выбараў 9 жніўня на сілавікоў не завялі ніводнай крымінальнай справы за перавышэньне паўнамоцтваў і катаваньні, а таксама па факту сьмерцяў падчас разгонаў пратэстаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Занадта мяккае рашэньне». Генпракуратура настойвае на пераглядзе прысуду журналістцы Кацярыне Барысевіч
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненьні да прадстаўнікоў ініцыятывы BYPOL