Абарона абскардзіла абвінавачаньне сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады беларускай апазыцыі Максіму Знаку, паведаміў у сваім тэлеграм-канале адзін з адвакатаў Знака Дзьмітры Лаеўскі.
Ён растлумачыў, што гэта менавіта тое абвінавачаньне, якое зьявілася ў лютым 2021-га і ў якім, акрамя арт. 361 КК аб публічных закліках да дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацбясьпецы, ёсьць арт. 361-1 КК аб стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, якім названая Каардынацыйная рада , і арт. 357 КК пра змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.
На думку Лаеўскага, у абвінавачаньні «мала прававых паняцьцяў і шмат ідэалягічных ацэнак», што спараджае сумнеў аб матывах крымінальнага перасьледу.
Асобна ён пракамэнтаваў абвінавачаньне, выстаўленае Знаку паводле арт. 357 КК.
«Зыходзячы са зьместу арт. 357 КК, для абвінавачаньня ў зьдзяйсьненьні такога злачынства трэба даказаць перш за ўсё абставіны, якія ўтвараюць катэгорыі „змова“ і „захоп дзяржаўнай улады“. Прычым захоп павінен плянавацца змоўшчыкамі менавіта з дапамогай неканстытуцыйных дзеяньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіўся законапраект, які забараняе адвакатам-індывідуалам абараняць у крымінальных і адміністрацыйных справахГэта, на думку Лаеўскага, значыць, што сьледчаму трэба сфармуляваць, у якіх дзеяньнях былі «змова» і намер на «захоп улады» і што ўлада, згодна з плянам, мелася перайсьці да ўдзельнікаў змовы менавіта спосабам, які супярэчыць Канстытуцыі.
«Але ў абвінавачваньні Знака гэтыя прыкметы не раскрытыя. Калі ж паглядзець даступныя ў інтэрнэце выступы грамадзкіх і палітычных лідэраў, якія гучалі летам 2020 году да затрыманьня Знака, то ў іх ідзе гаворка альбо аб новых выбарах, альбо пра адстаўку, альбо пра неабходнасьць перамоваў. Аднак усё гэта працэдуры, якія не супярэчаць Канстытуцыі. [...] Такім чынам, склад злачынства паводле арт. 357 КК адсутнічае. Значыць, няма падстаў для крымінальнага перасьледу — трэба вызваляць чалавека», — заявіў Лаеўскі.
Максіма Знака затрымалі 9 верасьня, а 18 прад’явілі абвінавачаньне. Адвакат аб’явіў галадоўку і трымаў яе больш за тыдзень. Пазьней яму выставілі абвінавачаньні яшчэ паводле двух артыкулаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Максіма Знака пакінулі пад вартай да 9 траўня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня калегіі адвакатаў Чайчыц заклікаў калегаў «ня лезьці ў палітыку»