Адміністрацыйная справа заведзеная ў дачыненьні да рэдакцыі Hrodna.life, а таксама ў дачыненьні да галоўнага рэдактара Шоты. Прычына — на сайце знайшлі матэрыялы з тэлеграм-каналу, які летась улады Беларусі прызналі «экстрэмісцкім».
Падтрымаць Hrodna.life прыйшлі некалькі дзясяткаў гарадзенцаў. У малую залю пусьцілі толькі каля дзесяці.
Справу разглядае судзьдзя Натальля Козел. На паседжаньні прысутнічаў прадстаўнік УУС Горадзенскага аблвыканкаму Андрэй Пігульскі, у якасьці сьведкі праходзіць міліцыянт Вадзім Налівайка.
Аляксей Шота заявіў хадайніцтва, каб справу накіравалі на дапрацоўку, бо на суправаджальным аркушы не пазначана колькасьць аркушаў справы. Да таго ж Шота заявіў, што не знайшоў у абноўленым Кодэксе аб адміністрацыйных парушэньнях артыкула 17.11, паводле якога яго абвінавачваюць.
Суд не задаволіў хадайніцтва, бо інфармацыя на суправаджальным лісьце не адносіцца да зьместу справы, да таго ж судзіць Шоту можна паводле артыкула 17.11 КаАП, бо ён дзейнічаў на момант зьдзяйсьненьня правапарушэньня.
Шота заявіў яшчэ адно хадайніцтва, каб перанесьці разгляд справы, бо ён не пасьпеў заключыць дамову з адвакатам. Судзьдзя задаволіла хадайніцтва. У судзе перапынак да 19 сакавіка, 11:00.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У рэдакцыях Hrodna.life і Newgrodno.by прайшлі ператрусы з АМАПам29 студзеня ў рэдакцыі парталу правялі агляд, вынялі ноўтбук, фотаапараты, квадракоптэр, флэшкі, выдадзеныя рэдакцыяй календары і часопісы. Агляд правялі без супрацоўнікаў рэдакцыі, але з супрацоўнікамі АМАПу.
Рэдакцыі парталу пагражае штраф да 14500 рублёў, канфіскацыя прадметаў, празь якія было зьдзейсьнена правапарушэньне. Рэдактару Аляксею Шоту таксама пагражае штраф да 1450 рублёў.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.