Ганна Панішава вярталася аўтобусам з Польшчы ў Беларусь 12 сакавіка, аднак на беларускай тэрыторыі сувязь зь ёй зьнікла.
Напярэдадні ў Берасьці затрымалі сузаснавальніка арганізацыі: 43-гадовы берасьцеец праходзіць падазраваным у крымінальнай справе «аб гераізацыі ваенных злачынцаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па справе аб «гераізацыі ваенных злачынцаў» затрымалі сузаснавальніка «Польскай школы» ў БерасьціПадставай стала «незаконнае масавае мерапрыемства» у памяць аб «праклятых жаўнерах» 28 лютага ў памяшканьні, якое арандуюць Берасьцейскі форум польскіх лякальных ініцыятываў і «Польская школа».
Крымінальную справу распачалі 10 сакавіка па факце ўчыненьня групай асобаў наўмысных дзеяньняў паводле нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасьці і рэабілітацыі нацызму (ч. 3 арт. 130 КК). Санкцыя крымінальнага артыкулу прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Варшава адказала на высылку двух польскіх дыпляматаў з ГорадніАфіцыйны Менск заявіў, што ўдзельнікі ўшаноўвалі памяць вайсковага злачынцы Рамуальда Райса «Бурага», чые байцы спалілі на Беласточчыне пяць беларускіх вёсак і забілі дзясяткі жыхароў.
За ўдзел у імпрэзе зь Беларусі выслалі польскага консула Ежы Цімафеюка. Варшава адказала адпаведнымі контразахадамі, пасьля чаго беларускі МЗС выдварыў яшчэ двух супрацоўнікаў кансуляту ў Горадні. Польшча зрабіла тое ж самае.
Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі расказаў, што імпрэза ў «Польскай школе» ня мела ніякага дачыненьня да постаці Рамуальда Райса, а ўсё тое, што адбылося, падобна на непаразуменьне:
«Можа быць, не хапае інфармацыі, можа быць, ня ўсе ў Беларусі ведаюць кантэкст дня памяці 1 сакавіка ці нехта не зусім правільна прадставіў інфармацыю аб гэтай сустрэчы. Я спадзяюся, што зь цягам часу ўсё высьветліцца і сытуацыя не будзе нагодай для працягу канфлікту. Спадзяёмся, што людзі, зьвязаныя са школай, будуць вызваленыя. Але гэта будзе рашэньнем беларускіх уладаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік польскай амбасады ў Менску пракамэнтаваў скандал пасьля імпрэзы ў Берасьці, які скончыўся высылкай дыпляматаў