Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Ігара Банцэра і Юлію Бодак

Ігар Банцэр, архіўнае фота

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі прынялі супольную заяву, у якой патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызваленьня з-пад варты Юліі Бодак і Ігара Банцэра і спыненьня крымінальнага перасьледу ў дачыненьні да іх.

Другое патрабаваньне, якое ўтрымліваецца ў заяве, апублікаванай на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна», — неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў краіне.

Юлію Бодак абвінавацілі ў хуліганстве і ўзялі пад хатні арышт. Паводле абвінавачаньня, яна разам зь іншымі грамадзянамі 23 кастрычніка 2020 году вырабіла пудзіла, «прадстаўляючы яго перад грамадзкасьцю як прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, далучыўшы да яго два аркушы паперы, на якіх неўсталяваная асоба зрабіла надпіс «скраў галасы» і «асудзіў невінаватых», вывесіла пудзіла на дрэве на ўчастку мясцовасьці па Варшаўскай шашы, тым самым выставіўшы пудзіла на агляд нявызначанаму колу асобаў».

Праваабаронцы адзначаюць, што дзеяньні Бодак нельга кваліфікаваць як хуліганства, а яе форма выказваньня думкі трапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і ня мае нічога агульнага з вылучанымі абвінавачаньнямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Несанкцыянаванае частаваньне блінамі». Вядомага фатографа выклікалі ў міліцыю за Масьленіцу на ягоным падворку

Ігара Банцэра судзяць за тое, што дэманстраваў палавыя органы перад міліцыянтам. Пазыцыя Банцэра: гэта быў пэрформанс з танцам, падчас якога ён зьняў шорты, але заставаўся ў стрынгах, а сьпераду яго прыкрывала паясная торбачка.

Пацярпелы міліцыянт ня мае прэтэнзій да Банцэра, першапачаткова ён расцаніў ягоны ўчынак як п’яную выхадку, а не як крымінальнае злачынства. Банцэру пагражае да трох гадоў калёніі. Ён пад вартай з 20 кастрычніка мінулага году. Апошнія 13 дзён ён трымае сухую галадоўку.

Праваабаронцы адзначаюць, што такая форма пратэсту, як публічнае поўнае ці частковае агаленьне цела, зьяўляецца адной з распаўсюджаных формаў пратэсту і выказваньня сваёй думкі. «Нягледзячы на дзёрзкі характар такога кшталту акцыі, яна носіць мірны характар і, з улікам абставінаў, адрасата, месца і часу зьдзяйсьненьня дзеяньняў, не перасьледуе гнюсных матываў, ня мае на мэце пасяганьня на ахоўваныя свабоды іншых грамадзян».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рашучы, рыхтуецца да суду». Горадзенскі рок-музыка працягвае галадаць на сухую 13-ы дзень

Паводле заявы, кваліфікацыя дзеяньняў Ігара Банцэра як крымінальнага злачынства (хуліганства) і ўтрыманьне яго пад вартай на працягу некалькіх месяцаў — абсалютна непрапарцыйная мера, што сьведчыць аб палітычным матыве перасьледу Банцэра з боку ўладаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы патрэбныя Беларусі». Сьвятлана Ціханоўская заклікала палітвязьняў спыніць галадоўку. ВІДЭА