На кнігу «Мова 404» пра дыскрымінацыю за беларускую мову сабралі неабходную суму

Аліна Нагорная

Збор грошай адбываўся ў інтэрнэце. Неабходную суму сабралі за 5 дзён да заканчэньня кампаніі.

Прадстаўніца ініцыятывы «Умовы для мовы» Аліна Нагорная рыхтуе да выданьня кнігу «Мова 404». У ёй сабраныя 100 аповедаў пра тое, як у Беларусі за беларускую мову могуць зьняважыць, абразіць і нават пабіць.

Дзеля выданьня кнігі аўтарка запусьціла збор грошай у інтэрнэце на плятформе «Талака», і за 5 дзён да заканчэньня кампаніі збору ўся неабходная сума ўжо ёсьць — сабрана 4025 рублёў, патрабавалася 4 тысячы.

У кнізе, у прыватнасьці, надрукуюць гісторыю мастака, якога 8 гадзін білі на Акрэсьціна; пэнсіянэркі, якую не абслужылі ў банку; сьпявачкі, якую прынялі за ўкраінку; студэнткі, зь якой сьмяяліся; філёзафа, якога звольнілі з АНТ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская мова выходзіць на пярэдні плян супраціву

«Першы крок вырашэньня праблемы — асэнсаваньне яе грамадзтвам. У кнізе рэальныя гісторыі людзей, якія сутыкнуліся з моўнай дыскрымінацыяй», — гаворыць Нагорная.

У 2018 годзе Аліна Нагорная выпусьціла ў сааўтарстве зь Ігарам Случаком дапаможнік для абароны моўных правоў «Абаронім мову», а ў 2019 годзе арганізавала выданьне дзіцячай кніжкі «Кошык вожыка». Яе дарылі дзіцячым установам, дзе амаль няма літаратуры на беларускай мове.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Могуць абразіць і нават пабіць». Рыхтуецца кніга са 100 гісторыямі дыскрымінацыі за беларускую мову
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З падворку Ігара Случака і Аліны Нагорнай укралі бел-чырвона-белыя сьцягі