У 2020 годзе было шмат нэгатыўных прагнозаў аб разьвіцьці Парку высокіх тэхналёгій, краіны-суседкі распачалі актыўныя дзеяньні, каб перацягнуць да сябе рэзыдэнтаў ПВТ, заявіў дырэктар Адміністрацыі ПВТ Усевалад Янчэўскі на тэлеканале «Беларусь 1».
Аднак пасьля падвядзеньня вынікаў, па словах Янчэўскага, высьветлілася, што ніякай катастрофы не адбылося, наадварот, «аказалася, што той самы год, які з аб’ектыўных прычынаў выдаўся, можа быць, самым складаным у гісторыі Парку высокіх тэхналёгій, стаўся рэкордным па выніках працы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парку высокіх тэхналёгій загадалі ўсталяваць сьцягі на дахах«У нас рэкордны экспарт — 2,7 млрд даляраў. Ніколі такога экспарту не было. У нас рэкордны агульны аб’ём вытворчасьці — 7,5 млрд рублёў. Прырост у 2020 годзе ў параўнаньні з 2019-м, які таксама вельмі ўдалым быў для парку: 25% — прырост экспарту, 43% — прырост агульнага аб’ёму вытворчасьці», — заявіў Янчэўскі.
Галоўным вынікам 2020 году ён лічыць рост колькасьці рэзыдэнтаў.
«Практычна за год — сотні. Гэта ў асноўным ня вельмі вялікія кампаніі, часьцей стартапы. Але гэта менавіта тыя кампаніі, якія заўтра могуць стаць гігантамі высокага, вельмі высокага і сярэдняга ўзроўняў».
У канцы студзеня ў анкетаваньні, праведзеным рэсурсам dev.by, узялі ўдзел 1 150 адмыслоўцаў. Яно паказала, што 15% беларускіх айцішнікаў ужо працуюць за мяжой, яшчэ 30% гатовыя зьехаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 15% беларускіх айцішнікаў ужо працуюць за мяжой, яшчэ 30% заявілі, што гатовыя зьехаць,— апытаньнеБелстат за 2020 год налічыў 23 стратныя кампаніі ў сэктары «інфармацыя і сувязь». Іх агульныя страты перавысілі 50 млн рублёў, што ажно ў 4 разы больш, чым у 2019 годзе. Тады стратнымі былі 11 кампаній.
Пры гэтым экспэрты адзначылі, што дадзеныя афіцыйнай статыстыкі яшчэ няпоўна адлюстравалі фінансавы стан сэктару, у тым ліку ІТ-кампаній, бо ў разьліках Белстату ёсьць паказьнікі толькі часткі буйных кампаній ПВТ. А больш поўная інфармацыя аб сумарным прыбытку непасрэдна ІТ-кампаній з офісамі ў Беларусі, без уліку кампаній па сувязі , зьявіцца не раней за травень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лік стратных ІТ-кампаній у Беларусі летась вырас у два разы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рай для фрылансэраў». Айцішнікі зь Беларусі заснавалі цэнтар распрацовак на Азорах