Украінскія памежнікі затрымалі расейца і беларуса, якія нелегальна перайшлі мяжу з тэрыторыі Беларусі

Затрыманыя прызналіся, што ў далейшым плянавалі працягнуць сваё падарожжа ў краіны Эўрапейскага зьвязу, інфармуе ТАСС.

Пра гэта затрыманьне паведаміла прэс-служба Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны на афіцыйным сайце ведамства.

«Учора памежнікі Луцкага атраду (Валынская вобласьць, Заходняя Ўкраіна) затрымалі двух мужчын, якія незаконным чынам трапілі на тэрыторыю Ўкраіны зь Беларусі», — гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да стабілізацыі сытуацыі ў Беларусі». Украіна ўзмацніла ахову украінска-беларускай мяжы

Памежнікі ўдакладнілі, што пасьля незаконнага перасячэньня мяжы іх выявілі паблізу пункту пропуску «Пища». «Мужчыны мелі пры сабе дакумэнты, аднак дзяржаўную мяжу вырашылі перасекчы незаконна. Акрамя таго, затрыманыя прызналіся, што ў далейшым плянавалі працягнуць сваё падарожжа ў краіны ЭЗ, таксама нелегальна», — праінфармавалі ў Дзяржпагранслужбе Ўкраіны.

У прэс-службе ведамства дадалі, што затрыманых даставілі ў памежны атрад для прыняцьця рашэньня аб прыцягненьні іх да адказнасьці за адміністрацыйнае правапарушэньне па артыкуле аб незаконным перасячэньні мяжы Ўкраіны.

Пра асобы затрыманых пакуль не паведамляецца.