Адзін з самых вядомых журналістаў Горадні Руслан Кулевіч, які спадзяваўся, што з аўтазака яго выцягне старшыня гарвыканкаму, пасьля выбараў зьехаў ад перасьледу ў Латвію. Ён расказаў, як паўгода жыве і працуе ў іншай краіне, ці памяняў сваё стаўленьне да міліцыянтаў і што зробіць адразу, як вернецца дадому.
- Руслану Кулевічу 29 гадоў, у журналістыцы зь 2009 году зь перапынкамі.
- Ня мае профільнай адукацыі. Раней працаваў будаўніком, служыў у спэцназе, жыў за мяжой.
- У Горадні яго называюць «самы хуткі журналіст». Звычайна яго можна было сустрэць у цэнтры гораду на ровары.
- Ён мог пазваніць на асабісты нумар старшыні Горадзенскага гарвыканкаму Мечыслава Гоя, а зь мясцовымі міліцыянтамі абмяркоўваў ход спартовых матчаў.
- Аўтар дзьвюх кніг вусных успамінаў па міжваеннай гісторыі Горадні і сябар горадзенскіх старажылаў.
«Навошта ты туды палез?»
Руслана спрабавалі затрымаць летась 9 жніўня разам зь іншымі журналістамі, але тады ён уцёк. Па тэлефоне прадстаўнік прэс-службы горадзенскай міліцыі Ігар Белазёраў зьдзівіўся, чаму Кулевіча не відаць у горадзе, і паабяцаў яму бясьпеку. Журналіст надзеў камізэльку «Прэса» і выехаў на працу.
Яго затрымалі разам з жонкай Тацянай 11 жніўня, пабілі, зламалі абедзьве рукі. Жонку неўзабаве выпусьцілі, яго асудзілі на 7 дзён арышту.
Цягам месяца Кулевічы хаваліся, а 10 верасьня зьехалі ў Латвію.
«Асноўная прычына, чаму я зьехаў, — мяне пачалі паказваць па тэлевізары, узьвялі на мяне паклёп. Усе кантакты зьлілі ў сацыяльныя сеткі. Пачалі паступаць пагрозы. Пастаянна пісалі і мне, і Тані», — успамінае Руслан.
Па дзяржаўнай тэлевізіі паказалі сюжэт пра тое, што ў Кулевіча рукі не зламаныя, а гіпс — гэта фэйк.
«Я мог езьдзіць на ровары, але людзі б казалі: „Яму зламалі рукі, як ён езьдзіць на ровары?“ Мне было сорамна паказацца людзям з гіпсам. Калі на дзяржаўнай тэлевізіі такое паказваюць, я ніяк не магу абараніцца, бо законы не працуюць», — прызнаецца Руслан.
Падчас затрыманьня журналіст здолеў патэлефанаваць кіраўніку гораду Мечыславу Гою, які дазволіў да яго зьвяртацца ў такім выпадку.
«Ён мяне спытаў: „Навошта ты туды палез?“», — прыгадвае Руслан.
Руслан лічыць, што яго затрымалі, бо быў надта актыўным.
«Каб я не асьвятляў гэтыя падзеі. У мяне была самая вялікая „гармата“ (фатаапарат з даўгафокусным аб’ектывам. — РС) і самыя хуткія ногі. Як мне сказалі, я муляў ім вочы. Мяне многія параўноўваюць з актывістам, але я проста актыўна вяду сацыяльныя сеткі. Я ні да чога не заклікаў», — кажа журналіст.
Калі Кулевіч быў у шпіталі пасьля арышту, яму пазванілі са сцэны на шматтысячным мітынгу. Тады Руслан публічна сказаў, што прабачае міліцыянтам. Але потым памяняў думку.
«Хтосьці мне тады параіў: „Скажы так“, інакш і далей будуць беспарадкі. Але калі пачалася гэтая лухта, то не, не прабачаю», — кажа ён.
«Я баяўся, што мяне будуць называць здраднікам»
Каб адпачыць, сужэнцы паехалі на два тыдні ў санаторый у Юрмалу. Але потым дадому так і не вярнуліся.
«Было цяжка адаптавацца, бо ўсе там, а я зьехаў. Я прызвычаіўся быць заўсёды ў цэнтры падзей, на ровары, усё хутка рабіць. Тут ня мог знайсьці сабе месца. Хацеў ехаць назад у Горадню. Я лічу сябе часткай гэтага гораду. Мяне заўжды пыталіся: „Руслан, якія навіны?“ Я як дворнік гэтага гораду, які мяце, толькі пяром», — успамінае гарадзенец.
Першы час яму было сорамна прызнацца ў пераезьдзе сваім чытачам.
«Я ствараў выгляд, што я зь імі, на маршах, паўсюль хаджу. Я баяўся, што мяне будуць называць «здраднікам», што скажуць: «Ты нас кінуў». Але я ня кінуў. Я быў вымушаны зьехаць. Пачалі паступаць сыгналы: «Калі ня зьедзеш, мы цябе „закрыем“», — кажа журналіст.
Кулевічы пасяліліся ў кватэры ў цэнтры Рыгі, якую дапамагаў здымаць Саюз журналістаў Рыгі. Фінансава сям’і таксама дапамог фонд MediaSol. Сужэнцы зьяжджалі бязь цёплых рэчаў, куртак. Спачатку куплялі адзеньне ў сэканд-хэндах, дапамагалі і латыскія калегі. Урэшце ў сьнежні сябры прывезьлі іхныя рэчы.
Латвія адкрылася гарадзенцам зь іншага боку.
«Гэтыя людзі сапраўды як браты, гісторыя вельмі падобная да нашай. Яны, як ніхто іншы, разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. У 1991 годзе ў іх барыкады былі. Латышы салідарныя зь Беларусьсю. Яны рабілі падсьветку праз Даўгаву, ратушу падсьвяцілі. У некаторых месцах пастаянна вісяць бел-чырвона-белыя сьцягі», — дзеліцца ўражаньнямі ад суседняга народу Руслан.
«Цяпер сувязі з амапаўцамі абарваліся»
Журналіст ня ведае, ці ён памяняў сваё стаўленьне да міліцыі пасьля таго, як яго затрымалі, пабілі, ад чаго ён урэшце мусіў зьехаць.
«Я да выбараў гаварыў на плошчы з Краўцэвічам (начальнік горадзенскага АМАПу) і Стасюкевічам (намесьнік старшыні УУС горадзенскага аблвыканкаму). Краўцэвіч пытаўся, чаго я здымаю ягоных „пацаноў“, а я пытаўся, чаму яны барадатыя ходзяць, не адпаведна статуту. Ён папрасіў: „Не здымай, бо па тваіх здымках апазнаюць хлопцаў“. Я адказаў: „Добра. Бяз справы я не здымаю. Але калі затрыманьне або нешта сур’ёзнае, тады я буду здымаць“. Так мы разышліся. Гэта была просьба, гэта не супрацоўніцтва», — успамінае Руслан.
Раней Кулевіч быў знаёмы і вітаўся на футбольных матчах з галоўным горадзенскім міліцыянтам Вадзімам Сіняўскім, якога цяпер прызначылі міністрам надзвычайных справаў.
«Дудко (прэс-сакратар горадзенскай міліцыі. — РС) раней заўжды мне даваў камэнтары, а потым яны з прэс-службы ўсе адвярнуліся. Я ж ім кнігі свае дарыў. Самае непрыемнае, калі яны прыйшлі ў наш офіс (ператрус у рэдакцыі Hrodna.Life сёлета 29 студзеня. — РС) і пачалі здымаць на камэру», — камэнтуе суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У рэдакцыях Hrodna.life і Newgrodno.by прайшлі ператрусы з АМАПамРуслан кажа, што амапаўцы раней замаўлялі ягоныя кнігі ўспамінаў гарадзенцаў.
«Я зь імі камунікаваў. Мы жывём у адным горадзе, бегалі разам. Цяпер сувязі абарваліся. Яны заблякавалі сацсеткі або проста не адказваюць. Я дагэтуль думаю, што там ёсьць нармальныя хлопцы, якія хочуць дапрацаваць да канца кантракту і сысьці», — падсумоўвае Кулевіч.
«Я б пайшоў працаваць мулярам за 50 эўра ў дзень»
Кулевіч за мяжой працягвае працаваць на горадзенскі партал Hrodna.Life. Таксама стаў супрацоўнічаць з буйным балтыйскім выданьнем, піша для яго дайджэст беларускіх навінаў. Здымае відэа пра ўцекачоў, знаёміцца зь цікавымі людзьмі. Навучыўся працаваць дыстанцыйна, з кароткіх апэратыўных тэкстаў перайшоў на разгорнутыя. Лічыць, што гэта крок наперад у працы.
«Я гаварыў з псыхолягам. Той параіў шукаць ад пераезду плюсы», — тлумачыць цяпер свой падыход да жыцьця журналіст.
Упершыню Кулевічу далі акрэдытацыю журналіста ў Латвіі, на радзіме яе ня меў.
«Цяпер я існую дзякуючы чытачам. Інакш бы я пайшоў працаваць мулярам за 50 эўра ў дзень», — кажа Руслан пра тое, хто яму дапамагае атрымліваць інфармацыю для матэрыялаў.
Колькасьць падпісчыкаў у сацыяльных сетках у яго пасьля ад’езду ня ўпала.
Ён хацеў за мяжой больш заняцца кнігамі, але зразумеў, што іх трэба пісаць «у атмасфэры Горадні». Журналіст шкадуе толькі, што за час ягонага ад’езду паміраюць старыя гарадзенцы, чые вусныя ўспаміны ён не пасьпеў запісаць для сваіх кніг.
Руслан у Латвіі вучыўся на курсах ангельскай мовы амэрыканскага ўнівэрсытэту. Ягоная жонка Таня, дызайнэрка адукацыяй, пачала вывучаць праграмаваньне. Таксама пачала больш бегаць і рыхтавацца да маратону. Руслан зрабіў перапынак у прабежках. Таксама ня езьдзіў на ровары ад моманту затрыманьня.
За апошнія паўгода Кулевічы пасьпелі зьняцца ў польскім фільме пра Горадню і сталі там аднымі гарадзенцамі. Рэжысэр іх знайшоў, бо ведае кнігі Руслана.
«Гэта было неймаверна. Тры дні мы здымаліся ў фільме ў масоўцы. Недзе я нават свае парады даваў», — камэнтуе Руслан.
На зваротным шляху з Польшчы ў Латвію Кулевічы заехалі да гарадзенкі 1933 году нараджэньня, запісалі ейныя ўспаміны.
«Яна таксама ўцякачка, як і я. Я веру, што вярнуся. Я не прашу палітычнага прыстанішча. Нашыя гісторыі падобныя. Яна зьяжджала ў 1940-х гадах ад камуністаў, а я ў ХХІ стагодзьдзі, бо баяўся за сябе і за жонку», — кажа Руслан.
Ён часта параноўвае сябе цяпер зь людзьмі ў выгнаньні, з героямі сваіх кніг.
«Яны, калі прыйшла савецкая ўлада, ехалі ў Польшчу і не вярталіся дадому. Яны расказвалі, як кідалі свае дамы, рэчы, інакш іх маглі пасадзіць або вывезьці ў Сібір», — параўноўвае суразмоўца.
Руслан не дапускае, што застанецца жыць за мяжой назаўжды. Ён уяўляе ўжо момант свайго вяртаньня.
«Буду цалаваць плітку на Савецкай. Пайду ў „Карыцу“, якая цяпер не працуе, паем чабурэкаў, дранікаў і зраблю некалькі сваіх стандартных колаў па горадзе. Хачу сустрэць гэты момант: „О, Руслан, ты прыехаў!“», — уяўляе гарадзенец.
Пакуль рыхтавалася публікацыя, Кулевічы пераехалі з Рыгі ў Беласток, бліжэй да Горадні.