Вакцына ад COVID-19 кампаніі AstraZeneca, у тым ліку яе партыя для Аўстрыі, паводле папярэдняга заключэньня Камітэту бясьпекі EMA PRAC, ня мае асаблівых праблем, гаворыцца ў адпаведнай заяве рэгулятара.
Аўстрыйскі нацыянальны рэгулятар прыпыніў выкарыстаньне партыі вакцыны COVID-19 фірмы AstraZeneca (нумар партыі ABV5300), пасьля таго як у чалавека быў дыягнаставаны множны трамбоз (утварэньне тромбаў у крывяносных судзінах) і ён памёр праз 10 дзён пасьля вакцынацыі.
Другі аўстрыйскі пацыент быў пасьля вакцынацыі шпіталізаваны з тромбаэмбаліяй лёгачнай артэрыі (закупорваньне артэрый у лёгкіх). Цяпер ён выздараўлівае. Паводле стану на 9 сакавіка 2021 году было атрымана яшчэ два паведамленьні пра выпадкі тромбаэмбаліі ў пацыентаў, прышчэпленых вакцынай з гэтай партыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе спадзяваліся на вакцыну ад каранавірусу. Чаму вакцынацыя ідзе так павольнаКамітэт бясьпекі EMA PRAC сьцьвярджае, што няма ніякіх указаньняў на тое, што гэтыя ўскладненьні выклікала вакцынацыя. У якасьці пабочных эфэктаў гэтай вакцыны яны не пазначаныя.
Партыя ABV5300 была дастаўлена ў 17 краін Эўразьвязу — гэта Аўстрыя, Баўгарыя, Кіпр, Данія, Эстонія, Францыя, Грэцыя, Ісьляндыя, Ірляндыя, Латвія, Літва, Люксэмбург, Мальта, Нідэрлянды, Польшча, Гішпанія, Швэцыя. Партыя складалася з 1 мільёна доз вакцыны.
Сем эўрапейскіх краін, у тым ліку Данія, Латвія, Літва, Люксэмбург і Эстонія, прыпынілі выкарыстаньне вакцыны з гэтай партыі як крок засьцярогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдычныя ўлады ЗША заклікалі амэрыканцаў прышчапляцца любой з зарэгістраваных вакцынПоўнае расьсьледаваньне працягваецца. Хоць на дадзеным этапе дэфэкт вакцыны лічыцца малаверагодным, якасьць партыі вывучаецца.
Як заяўляе Камітэт бясьпекі EMA PRAC, наяўная на дадзены момант інфармацыя паказвае, што колькасьць выпадкаў тромбаэмбаліі ў прышчэпленых людзей не вышэйшая, чым у насельніцтва ў цэлым. Паводле стану на 9 сакавіка 2021 году было зарэгістравана 22 выпадкі тромбаэмбаліі сярод 3 мільёнаў чалавек, прышчэпленых вакцынай AstraZeneca ў Эўрапейскай эканамічнай зоне.