«У чаце хтосьці абразіў прэзыдэнта». Жыхар Новай Баравой пра «аблаву» на жыхароў раёну

Жылы квартал у Новай Баравой, архіўнае фота

10 сакавіка ў Новай Баравой адбыліся масавыя затрыманьні. Адзін з мужчын, да якіх прыйшлі, расказаў, чаго ад яго хацелі сілавікі.

Альгерд Голуб у гэты дзень сьвяткаваў свой дзень нараджэньня, падзяліўся ён падрабязнасьцямі з «Нашай Нівай».

«Я зьбіраўся паехаць зь сябрамі ў рэстаран. Аднак ля пад’езду мяне сустрэў бусік. Затрымалі, пачакалі сьледчага з панятымі, пасьля правялі ў маёй кватэры ператрус. Забралі тэхніку: два ноутбукі, два пляншэты, два тэлефоны. Патлумачылі, што ў нейкім чаце хтосьці абразіў прэзыдэнта. У якім, што за абраза — ня ведаю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ТГ-каналы паведамляюць пра аблавы ў Новай Баравой

Мужчына прызнае, што ён удзельнік чату дома, але адназначна «не адмініструе ніякіх чатаў раёну».

«Усё было амаль паводле пратаколу — амаль, бо на рукі не далі паперу, што быў ператрус, што мяне затрымлівалі, у якім я статусе. Адпаведна, я падазраваны ці сьведка — не зразумела».

Па словах Альгерда, пасьля ператрусу яго даставілі ў Бараўлянскае РАУС. Там правялі прафіляктычную гутарку аб недапушчальнасьці ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях — і адпусьцілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцам вядома 25 прозьвішчаў затрыманых у менскіх мікрараёнах Лебядзіны і Новая Баравая

«Сказалі праз тры дні прыходзіць на Першамайскую, 7, дзе знаходзіцца ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менску. Можа, аддадуць мне тэлефон, а можа, і закрыюць, хто яго ведае. Пракансультуюся з адвакатам, што ён параіць, бо ніякіх папер мне не далі», — кажа Альгерд.

Пра лёс іншых жыльцоў, каго таксама затрымлівалі 10 сакавіка, мужчына нічога ня ведае.

Паводле праваабаронцаў, напярэдадні ў мікрараёнах Новая Баравая і Лебядзіны сілавікі затрымалі больш за два дзясяткі чалавек.