Пакуль яму ня вызначана месца адбыцьця пакараньня, Ігнат Сідорчык абскарджвае прысуд, які вынес судзьдзя Юры Машкетаў 16 лютага паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь СІЗА выпусьцілі палітвязьня Ігната СідорчыкаПадставай для крымінальнай справы стаў тэлеграм-чат «Прагулка», які сілавікі знайшлі ў ягоным тэлефоне. Ігнат не адмаўляў, што стварыў чат для сустрэч зь сябрамі.
Ігната Сідорчыка затрымалі 10 жніўня 2020 году. Знаходзіўся ў ІЧУ Жодзіна, пазьней быў пераведзены ў менскае СІЗА № 1 на Валадарскага. Вызвалілі з-пад варты ў залі суду.
«Дзяцінства насычанае тэатрам і кіно»
Ягоны бацька Ігар Сідорчык быў акторам Тэатру юнага гледача, займаўся зь дзецьмі, хворымі на аўтызм, у інклюзіўным тэатры, цяпер працуе ў Тэатры беларускай драматургіі. Маці Раіса Сідорчык — актрыса Моладзевага тэатру. Брат сьпявае ў хоры ў кансэрваторыі. Дзядзька Алег Сідорчык таксама актор, каля дзесяці гадоў жыве ў Вялікай Брытаніі.
«Уся сям’я творчая, — кажа Ігнат. — Я ў дзяцінстве іграў у ТЮГу маленькага лорда Фаўнтлероя. Можна сказаць, што жыў у тэатры і жыў тэатрам. Зьняўся ў фільме „Дунечка“ нашага рэжысэра Аляксандра Яфрэмава. Дзяцінства было насычанае тэатрам і кіно».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актор Алег Сідорчык: Я б хацеў сыграць Лукашэнку, бо граю тых, хто ўжо сышоўІгнат скончыў Акадэмію мастацтваў па спэцыяльнасьці «рэжысура тэлевізіі». Стажаваўся ў расейскім Інстытуце кінэматаграфіі.
«Потым мы пачалі рабіць паэтычныя вечары ў Менску — „Чытай на плоце“, „Адкрыты паэтычны мікрафон“ — і я ўліўся ў паэтычную тусоўку. Усе гэтыя іпастасі мяняліся, і ў выніку ўсё зьлілося ў вольную творчасьць», — кажа Ігнат.
«Лісты пахнуць свабодай»
Пакуль Ігнат быў у зьняволеньні, ягоныя вершы чыталі на «Ночы расстраляных паэтаў» у Курапацкім лесе. Пра гэта Ігнат даведаўся зь ліста, які атрымаў у СІЗА ад сяброўкі Дар’і Бялькевіч.
«Было вельмі прыемна; не чакаў, што будзе так. І зразумеў, што паэзія не дарэмна прысутнічае ў маім жыцьці, яна грэе яшчэ некага. І калі я ў турме, то мае словы на волі некаму аблягчаюць жыцьцё. Таму ёсьць матывацыя пісаць далей і глыбей».
Ігнат пісаў вершы ў турме і многа прозы, якую хоча спачатку пераасэнсаваць, а потым, магчыма, выдаць кнігай. Яна ня толькі пра цяжкасьці ў зьняволеньні, але найперш пра надзвычай цікавых, глыбокіх, удумлівых і шчырых людзей за кратамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Будкін: «Яны рэальныя спадкаемцы савецкіх катаў»Ці цяжка вытрымаць такое доўгае зьняволеньне творчаму чалавеку?
«Выратоўвалі кнігі, а найбольш выратоўвалі лісты. Гэта тое, чаго чакае кожны вязень, гэта сьвятое. Усе засмучаюцца, калі яны не прыходзяць. Іх усе нюхаюць, ёсьць такі „парфумны“ фэтыш. Бо лісты пахнуць свабодай, любімымі пахамі, жанчынай ці домам. Гэта адзіная крыніца навінаў, энэргіі, узаемаабмену, і гэтая зваротная сувязь вельмі важная. Мы прызвычаіліся жыць у сьвеце, дзе яна ёсьць, а там — поўны вакуўм. Людзі ператвараюцца ў прывідаў, калі ім ня пішуць, бо існуюць датуль, пакуль у іх нехта верыць... Зразумела, лісты праходзяць цэнзуру, але людзі творчыя ведаюць, як гэта абысьці».
«У кожнага мужчыны ёсьць любімая жанчына — ягоная душа»
Паводле Ігната, у Жодзіне ўмовы былі суровейшымі, чым на Валадарцы. У камэры яму было даволі страшна першы месяц, бо ён ня меў адрасоў і не прыходзілі лісты.
«Я быў цалкам ізаляваны, ня ведаў, што адбываецца на волі, у якім становішчы краіна і што творыцца. Вісеў артыкул, і калі ты разумееш, што ні ў чым не вінаваты і нікуды ня можаш падзецца, ёсьць пачуцьце няпэўнасьці, — кажа Ігнат. — Па другое, турма — новае месца, ты ня ведаеш законаў, усяго асьцерагаесься. Але ў нейкі момант адбываецца глыбокі інсайт. Мяне выратавала такая фраза: „У кожнага мужчыны насамрэч ёсьць любімая жанчына — гэта ягоная душа“. Калі я прыгадаў пра сваю душу і што яна ў мяне такая клясная, моцная, гэта супакоіла і падняло нейкія рэсурсы. Я сьціснуў кулакі і зразумеў, што гэта шлях і ім трэба ісьці, пакуль ня стане лепш».
«Да трох гадзін наступнага дня прастаялі каля плота»
Ігната Сідорчыка затрымалі ля дому, калі ён выйшаў па цыгарэты ў краму ля цырку. Спытаў у міліцыянтаў, якія ачаплялі двары, ці можна прайсьці, паказаў пашпарт. Яму дазволілі. Але, як толькі перайшоў дарогу, затрымалі і завялі ў аўтобус, дзе былі ўжо іншыя людзі. Не дапамог нават пашпарт з пазнакай месца жыхарства. Потым усіх упакавалі ў аўтазак, там было вельмі цесна, не было чым дыхаць.
«Мы ехалі спацелыя, як кількі мятыя, у Савецкі РУУС. Ад 9 вечара да 3 гадзін наступнага дня прастаялі каля агароджы РУУС. Нельга было паварочвацца і прысядаць. Нам перадавалі ваду ў бутэльцы недзе раз у гадзіну. Было чалавек 70. Я раней часта хадзіў на фэстывалі, танцы, таму „ўключыў“ у галаве музычку, танчыў адной нагой усю ноч, — кажа Ігнат. — Гэта дапамагло маральна. Я бачыў, што хлопцы побач па-рознаму перажывалі сытуацыю, і я раіў ім, каб яны таксама паспрабавалі патанчыць, бо дапамагае... Людзі стаялі і ня ведалі, што будзе далей, і гэтая няпэўнасьць была трывожнай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рашуча настроены». У якім стане рок-музыкант, які трымае сухую галадоўку дзявяты дзеньПратакол затрыманьня Ігнату паказалі толькі ўначы. Ён толкам ня змог яго прачытаць і напісаў, што ня згодны. Днём пачалі «пакаваць» у жодзінскія аўтазакі.
«Людзей клалі ў два ярусы: адных на другіх кідалі, як мяшэчкі. Цела здранцьвела і ня вельмі адчувалася. Куды нас вязуць, мы, зноў жа, ня ведалі. У Жодзіне была прабежка з аўтазакаў у турэмны корпус праз кухталі, рослым хлопцам даставалася больш».
У камэры было чалавек 15, потым пачаліся хуткія суды. Ігната выклікалі апошнім, спыталіся, ці ствараў ён тэлеграм-чат «Прагулка» і ці ўваходзіць у палітычныя арганізацыі. Але Ігнат сказаў, што летась упершыню галасаваў на выбарах і дагэтуль быў даволі апалітычным. Спачатку яму прад’яўлялі ч. 1 арт. 293, потым памянялі на ч.1 арт. 342.
«Вельмі спадзяюся на хатнюю „хімію“»
Праз паўгода зьняволеньня Ігнату прысудзілі тры гады «хіміі» з накіраваньнем у папраўчую ўстанову. Яму засталося адбыць два гады, бо дзень у ізалятары ідзе за два.
«Я рыхтаваўся да горшага, бо так лягчэй успрымаць рэальнасьць, — кажа Ігнат. — Я вельмі спадзяюся, што апэляцыйны суд памяняе рашэньне і мне дадуць «хімію» без накіраваньня. Бо ў мяне ў Менску ёсьць цудоўная праца ў сфэры рэклямы, выдатная каманда, мы даўно працуем разам, усё адладжана, падтрымліваем адно аднаго. Вельмі спадзяюся, што змагу застацца на гэтай працы і адбываць пакараньне ў рэжыме «хатняй хіміі».
«Сумленныя людзі ўсюды выжываюць»
Першы дзень на волі пасьля вызваленьня ў судзе з-пад варты хлопец правёў вельмі насычана.
«Ня верылася, кожнае імгненьне ўспрымалася як новае, як упершыню. Проста ехаць, ісьці, размаўляць было настолькі клясна. Напоўненасьць жыцьцём, шмат інфармацыі, мозг перагружаўся, бо я ж быў паўгода ў інфармацыйным вакуўме. І калі пераварыў усё тое, што было тут, цяжка было хутка засвоіць. Я зразумеў, што ў нейкі момант на волі людзям было страшней, чым нам там, у турме. Асабліва праз тры месяцы ў турме. Людзі выжываюць усюды. У турме мне сьніліся сваякі і блізкія штоноч, яны мяне абдымалі і падтрымлівалі. А потым, калі пераехаў на Валадарскага, пачкамі паляцелі лісты».
Ігнат кажа, што ў зьняволеньні «злавіў» філялягічны вірус і часам яшчэ размаўляе «на фені». Што да думак пра будучыню, то ўспамінае песьню «Ўсё будзе добра», якая гучала на радыё ў СІЗА № 1.
«Гэта непазьбежна, што будзе лепш. Проста цяпер такі цёмны пэрыяд, але заўсёды будзе сьвятло. Я ведаў, што і мая сытуацыя вырашыцца, і што сумленныя людзі ўсюды выжываюць, нават калі гэта даецца зь нейкай працай, траўмамі, стратамі, ранамі».