Міністэрства аховы здароўя прызнала прыход у Беларусь «брытанскага» штаму каранавірусу

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі выявілі некалькі першых выпадкаў заражэньня «брытанскім» штамам COVID-19. Першыя ўзоры выявілі ў асобаў, якія прыбылі з Польшчы, Украіны і Эгіпту. 

Гэта пацьвердзілі дасьледаваньні спэцыялістаў РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя. Як расказала загадчыца лябараторыі Алена Гасіч, у РНПЦ пастаянна праводзяцца дасьледаваньні для генатыпаваньня і вызначэньня мутацый вірусу SARS-CoV-2, які цыркулюе або завозіцца на тэрыторыю краіны.

Першыя ўзоры брытанскага штаму беларускія спэцыялісты знайшлі ў асобаў, якія прыбылі з Польшчы, Украіны і Эгіпту. Яшчэ некалькі станоўчых узораў атрыманы ў асобаў, інфікаваных на тэрыторыі краіны.

Як адзначыла Алена Гасіч, для пацьверджаньня цыркуляцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь новых варыянтаў SARS-CoV-2 правялі поўнагеномнае сэквэніяваньне, «вынікі аналізу якога ў праграме GISAID паказалі прыналежнасьць досьледнага геному да „брытанскага“ варыянту».

Новы варыянт вірусу SARS-CoV-2, які атрымаў найменьне В.1.1.7, упершыню выявілі ў лістападзе 2020 году. Паводле дадзеных САЗ, агулам ужо больш за 100 краін на шасьці кантынэнтах паведамілі пра выпадкі пашырэньня «брытанскага» варыянту каранавірусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навукоўцы: брытанскі варыянт каранавірусу больш сьмертаносны, чым лічылася дагэтуль
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія ўводзіць строгі карантын праз брытанскі варыянт каранавірусу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: Мінздароўя Беларусі зноў прызнала 8 сьмерцяў за дзень, але толькі 609 новых выпадкаў