Сьледчы камітэт скончыў расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць блогера Сяргея Ціханоўскага, палітыка Мікалая Статкевіча і іх паплечнікаў.
Сяргею Ціханоўскаму прад’яўлена канчатковае абвінавачаньне паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
- ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
- ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК);
- ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
Санкцыя найбольш цяжкога артыкулу ў гэтым пераліку прадугледжвае пазбаўленьне волі тэрмінам да 15 гадоў.
У СК лічаць, што абвінавачаныя «цягам доўгага пэрыяду часу актыўна займаліся падрыхтоўкай і арганізацыяй масавых беспарадкаў на тэрыторыі краіны ў поствыбарчы пэрыяд». А сам Ціханоўскі на сваім Telegram і youtube-каналах «Страна для жизни» «адкрыта заклікаў да гвалту ў дачыненьні прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, а таксама сваімі выказваньнямі распальваў сацыяльную варожасьць у грамадзтве па прыкметах сацыяльнай прыналежнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі завялі больш за 1800 крымінальных спраў у сувязі з выбарамі прэзыдэнта і пратэстаміУ СК лічаць, што маюць у наяўнасьці доказы «непасрэднай узаемасувязі зробленых злачынстваў зь дзейнасьцю экстрэмістаў, якія ажыцьцяўляюць маніпуляваньне грамадзкай сьвядомасьцю з дапамогай тэлеграм-каналаў».
Ведамства падкрэсьліла, што дзясяткі людзей, «натхнёныя іх заклікамі і паверыўшы ў сваю беспакаранасьць», бралі актыўны ўдзел у масавых беспарадках. Шкоду ад дзеяньняў Ціханоўскага і яго паплечнікаў ацанілі ў больш як 3,5 мільёна рублёў. Сярод крымінальных учынкаў Ціханоўскага пералічваюцца пікет у Горадні, на якім блогера затрымалі, пагрозы ў бок старшыні ЦВК Ярмошынай.
У СК таксама паведамілі, што ўжо завяршылі расьсьледаваньне вылучаных з «справы Ціханоўскага» 9 крымінальных спраў у дачыненьні 25 чалавек, у шэрагу спраў ужо ёсьць абвінаваўчыя прысуды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы целасклад Ціханоўскага бачылі?». Дапыталі міліцыянта з рупарам зь пікету ў Горадні ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вінаватыя ў злачынствах нідзе не схаваюцца». Ціханоўскі з турмы адказаў на пытаньні чытачоў «Страны для жизни»Рэакцыя Сьвятланы Ціханоўскай
Сьвятлана Ціханоўская выказалася пра абвінавачаньні супраць мужа. Яна лічыць гэта «расправай». Зьвяртаючыся да судзьдзяў, сьледчых і пракурораў, яна сказала, што іхнымі рукамі помсьцяць «сапраўднаму лідэру беларусаў».
«Сяргей не здаецца і ня здасца. Ён ведае, што беларусы працягваюць барацьбу, і разумее, што ўсе, хто прайшоў праз палітычныя прысуды і перасьлед, будуць рэабілітаваныя. Ён перадае пасланьні нашым дзецям, піша сцэнары для фільмаў пра Беларусь і застаецца свабодным духам чалавекам у любых умовах. Я ведаю: ён хоча, каб мы не спыняліся. І мы ня спынімся, пакуль не даб'ёмся вызваленьня ўсіх палітвязьняў».
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.