Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», затрыманьне Максіма Ялканава праводзілі супрацоўнікі Гомельскага абласнога ўпраўленьня ГУБАЗіК.
Інфармацыю аб гэтым пацьвердзіў тэлеграм-канал МУС Беларусі. Паводле сілавікоў, Максім Ялканаў у жніўні мінулага года «падчас несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў у Рэчыцы і Гомлі арганізаваў групавыя беспарадкі, спалучаныя зь непадпарадкаваньнем міліцыянтам».
МУС піша, што Максім Ялканаў зьяўляецца прыхільнікам нэанацысцкай ідэалёгіі. Але, як удалося даведацца «Палескай Вясне» ў знаёмых Максіма, яны ніколі не заўважалі за ім нейкіх паводзінаў, якія б сьведчылі пра ягоную прыхільнасць да нэанацызму.
Максіма Ялканава затрымалі на працы 9 сакавіка. Яго папрасілі праехаць для гутаркі да сьледчага, але на волю ён так і ня выйшаў. Увечары 10 сакавіка зьявілася інфармацыя МУС пра ягонае затрыманьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяперашняя палітыка вядзе ў тупік». Футбольны фанат аб рашэньні байкатаваць матчы чэмпіянату БеларусіНягледзячы на тое, што ў пачатку паведамленьня МУС Ялканава абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў (артыкул 293 Крымінальнага кодэксу), урэшце міліцыянты пішуць, што на яго завялі крымінальную справу аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя з адкрытым непадпарадкаваньнем прадстаўнікоў улады (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу). Цяпер Максім Ялканаў зьняволены ў ІЧУ ў Гомлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі са жніўня на 65 футбольных фанатаў завялі крымінальныя справы