У Брусэлі пракамэнтавалі DW абвінавачваньні тэлеграм-каналу Nexta у тым, што сродкі эўрапейскай дапамогі выкарыстоўваюцца ў Беларусі не па прызначэньні. У ЭЗ назвалі гэтыя заявы беспадстаўнымі.
Афіцыйны прадстаўнік ЭЗ у пытаньнях палітыкі суседзтва і пашырэньня Ана Пісанэра назвала здагадкі пра тое, што дапамога ЭЗ пайшла на будаўніцтва будынкаў або жылых дамоў, якія выкарыстоўваюцца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, «цалкам неабгрунтаванымі і беспадстаўнымі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм пра маёмасьць Лукашэнкі за 2 дні паглядзелі 3 мільёны чалавек, яны пакінулі 230 тысяч падабаек і 35 тысяч камэнтароўПаводле яе, двухбаковая фінансавая дапамога ЭЗ скіраваная на тое, каб прынесьці канкрэтную карысьць беларускаму народу. Рэалізацыя бязвыплатнай дапамогі ЭЗ у Беларусі знаходзіцца пад непасрэдным кіраўніцтвам Эўразьвязу і накіроўваецца праз арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, міжнародныя арганізацыі, такія як Сусьветны банк, а таксама кампаніі прыватнага сэктару для заключэньня кантрактаў на аказаньне тэхнічнай дапамогі. «Яна не ўключае перадачу фінансавых сродкаў дзяржаве», — сьцьвярджае прадстаўніца ЭЗ.
Ана Пісанэра падкрэсьліла, што для ўсёй бязвыплатнай дапамогі з боку ЭЗ існуе значная колькасьць працэдур унутранага і вонкавага кантролю, уключаючы праверкі і аўдыт, для таго каб забясьпечыць правільнае выкарыстаньне сродкаў у адпаведнасьці з мэтамі праекту і пры поўным выкананьні фінансавых правілаў.