«Сьцяжкамі зьвязваюць рукі да крыві. Навошта?» Беларускі актывіст пра свае арышты і ўцёкі праз Расею ва Ўкраіну

Ігар Уласянкоў

Ігар Уласянкоў летась двойчы адбыў адміністрацыйны арышт: у ліпені — за нібыта паклёп на супрацоўніка праваахоўнай сыстэмы, і ў лістападзе — за марш на Курапаты, у якім ня ўдзельнічаў.

Зь цягам часу на яго завялі крымінальную справу па ўжо добра вядомым 342 артыкуле, частцы 1 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і забаранілі выезд за межы. Ад ціску і рэпрэсій ён вымушаны быў уцякаць спачатку ў Расею, а потым ва Ўкраіну, дзе падаў дакумэнты на атрыманьне статусу ўцекача.

Пра ўдзел у акцыях пратэсту, «суткі» на Акрэсьціна і ў Баранавічах, а таксама пра перасячэньне мяжы Ігар Уласянкоў расказаў у інтэрвію Свабодзе.

Блогер, кухар, падарожнік

Ігар Уласянкоў ня мае спэцыяльнай адукацыі. Але гэта не перашкаджала яму некалькі апошніх гадоў жыць у розных эўрапейскіх краінах і працаваць у зусім розных сфэрах. Ён шмат чым цікавіўся і шмат што ўмеў рабіць.

«Жыцьцё ў Беларусі прымушае кожнага беларуса навучыцца шмат чаму. У Швайцарыі я ўвогуле займаўся ўсталёўваньнем сонечных батарэй і модуляў, хоць гэтаму таксама трэба вучыцца. Мяне вучылі два тыдні, а потым далі магчымасьць працаваць. Я працаваў кіроўцам, потым кухарам у Таліне — прайшоў гутарку, і мяне ўзялі на працу без адукацыі. Яны паглядзелі мой кулінарны блог, які я вёў у інстаграме, паслухалі мяне і сказалі, што хочуць узяць мяне на працу. Тэлефанаваў сам дырэктар і казаў, што яны зацікаўленыя ў добрых супрацоўніках. Зрабілі ўсё па законе: у мяне быў гадавы кантракт, і падаткі я плаціў. Нас, беларусаў, любяць за межамі», — кажа Ігар.

Ігар Уласянкоў на адной з акцый пратэсту

Калі скончыўся гадавы кантракт у Эстоніі, Ігар вярнуўся ў Беларусь. Меркаваў, што часова, але ўсе далейшыя падзеі, пачынаючы ад закрыцьця эўрапейскіх краін у сувязі з пандэміяй каранавірусу і заканчваючы прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі, істотна зьмянілі ягонае жыцьцё.

«Будзеш ведаць, як ісьці супраць міліцыянтаў і Лукашэнкі»

Ад пачатку выбарчай кампаніі Ігар Уласянкоў наведваў амаль усе мітынгі і акцыі. І ўжо ў ліпені 2020-га першы раз адбыў адміністрацыйны арышт. Яму прысудзілі 15 сутак за нібыта паклёп на міліцыянта. Расказвае, што на адной з акцый зьвярнуў увагу на сілавіка, які агрэсіўна хапаў людзей, абражаў і пагражаў ім. Пазьней гэтага сілавіка Ігар пазнаў на адным з тэлеграм-каналаў, дзе зьбіралася інфармацыя пра супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ды напісаў пра ягоныя, як ён быў перакананы, неправамерныя дзеяньні.

За актыўны ўдзел у акцыях у паштовую скрыню Ігару кідалі самаробныя ўлёткі з абразамі

Неўзабаве яго выклікалі ў ДАІ — нібыта знайшлі нейкія недакладнасьці ў пасьведчаньні для кіраваньня машынай. А ўжо на выхадзе затрымалі і павезьлі ў Ленінскі РАУС, усю дарогу пагражаючы «пасадзіць надоўга». Там Ігара абвінавацілі ў тым, што ён нібыта сачыў за міліцыянтам і пагражаў яму. Калі сьледчы выйшаў з кабінэту, яму ўдалося запісаць на аўдыё прызнаньне ўчастковага, што супраць Ігара фабрыкуюць справу. Той дадаў, што за такую працу міліцыянтам абяцаюць новыя «зорачкі» і дадаткова даплачваюць па 50 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Катаваць сілавікі ўмеюць, але думаць галавой — не». Выпускнік Ейльскага ўнівэрсытэту і былы выкладчык БДУ пра свае 15 сутак

Пасьля допыту Ігара перавезьлі на Акрэсьціна, дзе адразу разьмеркавалі ў карцар

«Мяне беспадстаўна закінулі ў карцар. Гэта такі маленькі пакойчык, дзе быў туалет, кран і стаяла вядро. Я алергік, і празь нейкі час у мяне пачаўся прыступ, я пачаў задыхацца. У мяне паніка, не хапае паветра, вочы закрываюцца, сьлёзы цякуць. Я пачаў прасіць выклікаць хуткую дапамогу. У выніку мяне проста выкінулі на вуліцу. Тады былі халодныя дні, я быў у кароткіх шортах і майцы, і яны мяне выкінулі ў холад на ноч, адмовіўшыся выклікаць хуткую дапамогу. Я ляжаў на зямлі, бо вочы не працавалі, я толькі на слых разумеў, што знаходжуся ў прагулачным дворыку на Акрэсьціна», — згадвае Ігар.

Ігар кажа, што заўсёды падарожнічаў зь бел-чырвона-белым сьцягам


«У такім стане я быў і на судзе. Мне далі 15 сутак і зноў кінулі ў карцар. Зноў здарыўся алергічны прыступ, і мяне зноў у непрытомным стане выкінулі на вуліцу. Недзе пасярод ночы мне стала крыху лепш, і я пачаў прасіцца зноў у камэру, бо было вельмі холадна. У адказ мне сказалі — будзеш ведаць, як ісьці супраць міліцыянтаў і Лукашэнкі... І толькі бліжэй да 6-й раніцы яны мяне зноў завялі ў карцар. У ім я знаходзіўся пяць дзён бяз сродкаў гігіены, мне не дазвалялі перадаваць лекі, ніжнюю бялізну. Потым мяне „перасялілі“ ў жудасную камэру да бамжоў і алькаголікаў і сказалі не супраціўляцца, бо іначай падсадзяць да „зэкаў“, якія ведаюць, што трэба са мной рабіць».

«Тады там яшчэ не было шмат палітычных. А сама камэра была жудасная — смурод, бруд, прусакі, блашчыцы. Заўсёды забіралі матрацы, нельга было прылегчы — толькі стаяць, хадзіць і сядзець з роўнай сьпінай, каб ні на што не абапірацца. Толькі абапёрся — адразу пачынаюць грукаць у дзьверы і абражаць. 15 сутак так і адседзеў, бяз душа і прагулак. Вельмі сапсаваў здароўе. Валасы павыпадалі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Невядомы лёс 66-гадовай экс-выкладчыцы ўнівэрсытэту, якую жорстка затрымаў АМАП у Гомлі

Да маршу на Курапаты не дайшоў — затрымалі

Другі арышт на 13 сутак Ігару прысудзілі пасьля затрыманьня 1 лістапада, за нібыта ўдзел у маршы на Курапаты. Але затрымалі яго па выхадзе з кавярні непадалёк ад плошчы Якуба Коласа ў Менску.

«Там не было ніякага мітынгу. Калі я выйшаў, ехала так званая „страла“, пачалі выцягваць аўтамабілістаў з машын, я ўсё гэта здымаў, і да мяне ззаду падышлі невядомыя са зброяй і прапанавалі прайсьці зь імі. Атрымаў пару разоў па галаве, перасаджвалі з аўтобуса ў аўтазак, пастаянныя абразы, плястыкавымі сьцяжкамі зьвязваюць рукі да крыві. Навошта? Я не разумею».

На адной зь вечаровых акцый у Менску

«Потым завезьлі ў Цэнтральнае РАУС, там было шмат людзей, пачалі выклікаць па адным, ладзіць допыты, адціскаць адбіткі пальцаў... І кожнаму прапанавалі на відэа прызнаць віну і раскаяцца, відаць, для БТ. Я адмовіўся. У той жа дзень „прышпілілі“ крымінальную справу, дзьве адміністратыўныя і адправілі на Акрэсьціна. Там я адбыў тры дні, а калі ўжо можа было рабіць перадачы, то затрыманых пагрузілі на вачах сваякоў і павезьлі ў Баранавічы. Мне бацькі сказалі потым, што бачылі мяне, калі вывозілі».

Ігар кажа, што ў Баранавічах каля 70 чалавек «загналі» ў камэру на 14 месцаў. У такой цеснаце іх трымалі больш як 6 гадзін, наўмысна павольна разьмяркоўваючы па камэрах.

«Душ нам дазволілі толькі адзін раз, у дзень прыезду. Матрацы забіралі, у камэры было вельмі сыра, мы былі мокрыя. У мяне пачаліся дзікія зубныя болі, я ня мог нічога есьці. Я прасіў хуткую — адмовілі. Выклікалі мясцовага лекара, але ён не дапамог».

Паводле Ігара, у Баранавіцкім ізалятары «маглі пазьней абвясьціць сон і раней падняць, прычым паднімалі пад беларускі гімн».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску судзяць за надпіс на плоце. Пацярпелыя — супрацоўнікі выданьня «Беларусь сегодня»

Адзіны варыянт уцёкаў

Пасьля выхаду з «сутак» Ігар зразумеў, што яго будуць сыстэмна перасьледаваць, і вырашыў, што трэба ўцякаць. Падаў дакумэнты на візу ў адну з эўрапейскіх краін, але атрымаць не пасьпеў. Яго зноў пачалі выклікаць да сьледчых. Адзін раз ён пагадзіўся прыехаць на «размову, бяз позвы», але яго ўзялі пад канвой і прывезьлі дадому на ператрус — нічога крымінальнага ў кватэры знайсьці не змаглі.

Другім разам, пры такім жа тэлефонным выкліку, ён, каб выйграць час, сказаў сьледчаму, што ня ў Менску, а сам паехаў дадому зьбіраць рэчы. Перад выхадам на сайце МУС даведаўся, што яму забаронены выезд за мяжу. Таму выбар быў невялікі — Расея.

Ігар Уласянкоў

«Я пачаў шукаць шляхі ўцёкаў у Расею, бо праз афіцыйны пункт пропуску я нікуды ня мог выехаць. Знайшоў кантакт, адправіўся ў Пецярбург. Там пражыў у сяброў месяц. Беларуская дыяспара там дапамагла мне з грашыма на ежу. Потым пайшла інфармацыя, што ў Расеі пачалі вылоўліваць беларусаў — у аэрапорце „Пулкава“ аднаго затрымалі, потым у Маскве — другога... Я зразумеў, што кола пачынае сьціскацца».

Ігар кажа, што ў Пецярбургу не адчуваў сябе ў бясьпецы. Вельмі баяўся, што пры перамяшчэньні па горадзе яго зафіксуюць відэакамэры і распазнаюць твар.

«Я баяўся некуды хадзіць і езьдзіць. Стараўся хадзіць усюды пешшу. У мяне на нэрвах пачала адымацца нага, правае вока пачало кепска бачыць. Даводзілася з рызыкай езьдзіць да лекара праз увесь горад ці ісьці пешшу 2–3 кілямэтры. Гэта не жыцьцё. Гэта быў жах, бо ты разумеў, што ў кожную хвіліну цябе могуць вылічыць. І я пачаў шукаць шляхі пераезду ва Ўкраіну».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьцяпан Пуціла: «З рэзыдэнцыяў трэба зрабіць музэй лукашызму, шпіталі ды школы». ВІДЭА

З Расеі — ва Ўкраіну

Празь нейкі час ён знайшоў людзей, якія паабяцалі яму дапамагчы. «Шлях быў вельмі цяжкі. Але я даехаў да вызначанага месца, сустрэўся, мяне перавялі. Чакаў кожную сэкунду, што затрымаюць... Мароз 23 градусы, сьнег па калена. Гэта было такое пякельнае выпрабаваньне».

Такім Ігар быў да сваіх арыштаў, пасьля якіх страціў больш як 10 кіляграмаў

Ва Ўкраіне праваабарончая арганізацыя «Право на захист» дапамагла яму сабраць пакет дакумэнтаў для звароту ў міграцыйную службу па статус уцекача. Free Belarus Center аплаціў першыя два тыдні пражываньня ў гостэле, а Чарнігаўскі дом правоў чалавека дапамог з грашамі на ежу.

«Я не хацеў быць нелегалам і парушаць закон. Я хацеў бясьпекі і абароны. Апошнія паўгода я не адчуваў бясьпекі. Я ў турме адчуваў сябе больш бясьпечна, чым на волі ў Беларусі. Нядаўна я ўжо атрымаў даведку, што я легальна знаходжуся на тэрыторыі Ўкраіны. Гэты дакумэнт не дае права на працу, але ён пацьвярджае маю асобу ва Ўкраіне і тое, што я легальна знаходжуся тут».

Ігар хоча знайсьці працу ва Ўкраіне і марыць напісаць кнігу пра падзеі ў Беларусі — ён захоўвае ўсе дакумэнты, фатаздымкі і відэазапісы. Пра расьсьледаваньне сваёй крымінальнай справы ў Беларусі нічога ня ведае. Перад ад’ездам папрасіў бацькоў не адказваць на тэлефанаваньні зь незнаёмых нумароў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яраслаў Крывой: «Наўрад ці Расея дазволіць беларусам абраць сабе іншага прэзыдэнта і рушыць у іншым геапалітычным кірунку»