Невядомы лёс 66-гадовай экс-выкладчыцы ўнівэрсытэту, якую жорстка затрымаў АМАП у Гомлі

АМАП. Ілюстрацыйны здымак

Прайшло трое сутак з моманту затрыманьня экс-выкладчыцы БелДУТ Валерыі Дзяцук, але ў суд яе так і не прывезьлі. Цэлы дзень у судзе яе чакалі сын і валянтэры. У канцылярыі сказалі, што справа сёньня не разглядалася. У Цэнтральным РАУС сыну сказалі, што маці далі 15 сутак.

Але ў судзе Цэнтральнага раёну гэтую інфармацыю зьняпраўдзілі.

Кандыдата хімічных навук Валерыю Дзяцук затрымалі ранкам 6 сакавіка ва ўласнай кватэры. Да восені яна выкладала ў БелДУТ, зьвесткі аб ёй прыбралі з сайта ўнівэрсытэту пасьля навіны пра затрыманьне.

«Ранкам 6 сакавіка ў кватэру пазванілі. Дзьверы адчыніў тата — і ў хату ўварваліся пяць чалавек. Закрычалі: „Усім ляжаць, працуе АМАП!“. Маці, тату і мяне зьбілі з ног, паклалі тварам у падлогу. Нічога не тлумачылі абсалютна, сказалі толькі: „Мы яе забіраем“. Маму ўдарылі ў твар — мне падалося, яна адразу страціла прытомнасьць. Яна была яшчэ ў начной бялізьне, ёй нават не давалі адзецца — маўляў, толькі пры нас, а то нож схавае пад вопратку. Калі выводзілі, яна плакала», — расказваў Сяргей, сын затрыманай.

Сын пераказвае, як чуў, што ў дачыненьні да маці могуць пачаць крымінальную справу паводле артыкула 130 — «Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці» — і перавесьці ў СІЗА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маму ўдарылі ў твар, нас зьбілі з ног». У Гомлі АМАП затрымаў выкладчыцу ўнівэрсытэту

9 сакавіка МУС выказалася пра затрыманьне былой выкладчыцы БелДУТ

На відэа міністэрства прадэманстравана, як супрацоўнікі міліцыі прыйшлі дахаты да Валерыі Дзяцук.

«28 лютага каля вёскі Асаўцы Гомельскага раёну некалькі жанчын арганізавалі несанкцыянаваны пікет. Для стварэньня бачнасьці масавага флэшмобу ўдзельніцы зрабілі з розных ракурсаў некалькі пастановачных фота з бчб-атрыбутыкай», — піша ведамства.

Па вэрсіі міліцыі, здымкі плянавалася разьмясьціць у «незалежных СМІ» і «дэструктыўных тэлеграм-каналах» для «стварэньня дадатковых інфанагодаў».

«Да акцыі мела дачыненьне і 65-гадовая жанчына, якая нарадзілася ў Вільні і жыве ў Гомлі. Міліцыянты прыйшлі да яе 5 сакавіка: прадставіліся і ўвайшлі ў кватэру. Сын жанчыны спрабаваў супраціўляцца законным дзеяньням праваахоўнікаў, абражаючы і правакуючы іх. Гаспадыня кватэры зладзіла паказальнае шоў з крыкамі і непадпарадкаваньнем», — перадае МУС.

Міліцыя затрымала за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце і іншых жыхарак Гомля. Ім ад 35 да 41 году.