«Пасьля выбараў міліцыянты неаднаразова прасілі адрамантаваць машыны. Мой адказ заўсёды быў адмоўны. Не хачу дапамагаць людзям, якія не абараняюць сваіх грамадзян», — кажа 30-гадовы белаазёрскі аўтасьлесар Уладзімер Зубрыцкі.
Ён сьцьвярджае, што на адмову ў рамонце супрацоўнікі праваахоўных органаў рэагавалі спакойна, пагроз яму не паступала.
«У асноўным сыходзілі моўчкі. Часам казалі: „Зразумела“. Можа, сапраўды, усьведамлялі, што нарабілі», — кажа суразмоўца.
Уладзімер расказаў, што быў адным зь першых у горадзе, каго асудзілі паводле самага «папулярнага» адміністрацыйнага артыкулу 23.34. Пасьля пачатку выбарчай кампаніі на аўтасьлесара склалі 7 пратаколаў за несанкцыянаваныя акцыі. Затрымлівалі яго ў большасьці выпадкаў раніцай, на працоўным месцы. Але былі і выключэньні.
14 кастрычніка, калі Зубрыцкі забіраў дзяцей зь дзіцячага садка, (Уладзімер мае дзьвюх дачок, 6 і 4 гадоў) яго спынілі прадстаўнік берасьцейскага ГУБАЗіКу, начальнікі крымінальнага вышуку і мясцовай міліцыі. Пазьней Уладзімера даставілі ў Белаазёрскі РАУС проста зь дзецьмі. Паколькі мужчына быў адміністратарам чату тэлеграм-каналу «ЯМы 97 Белаазёрск», яму загадалі выдаліць групу, пасьля чаго адпусьцілі. Як сам ён гаворыць, «абышлося безь вялікіх наступстваў».
«Некалькі разоў міліцыянты прыходзілі да мяне без „папер“. Тады я патрабаваў, каб адразу склалі пратакол затрыманьня. Казаў: „Няма паперы — ідзіце шукайце!“. Такім чынам іх адваджваў. Апошнія 2 разы мной займалася не раённая міліцыя, а крымінальны вышук. Яны ўжо дзейнічалі больш груба і нахабна — абодва разы мяне забіралі без складаньня пратаколу. Першы раз сілай, на другі я ўжо добраахвотна пайшоў, таму што знаёмым пачалі даваць артыкулы за супраціў».
«Мяне няма за што прыцягнуць»
Па словах Уладзімера, практычна ўсе штрафы, якія ён атрымаў (іх сумарная колькасьць перавышае 3600 рублёў) выплаціў сам. Нягледзячы на тое, што гэта ўдар па сямейным бюджэце, сваякі Ўладзімера ва ўсіх рашэньнях яго падтрымліваюць.
«Мяне няма за што прыцягнуць, але сілавікі спрабуюць. Калі мясцоваму міліцыянту размалявалі плот, сказалі, што гэта я зрабіў. Нада мной пастаянна вісіць пагроза крымінальнага перасьледу».
Раніцай 26 лістапада на месцы працы Ўладзімера Зубрыцкага адбыўся пажар. У будынку станцыі тэхнічнага абслугоўваньня былі вялікія пашкоджаньні, згарэла абсталяваньне.
«Ужо на наступны дзень мяне затрымаў крымінальны вышук. Першае, што сілавікі сказалі: ходзяць чуткі, і хутчэй за ўсё недарэмныя, што гэта ты падпаліў. Я пачаў сьцьвярджаць, што гэта хлусьня, таму што я там прапрацаваў каля 10 гадоў. З усімі калегамі мы ў сяброўскіх стасунках, — расказвае Ўладзімер. — Потым праваахоўныя органы ад мяне адчапіліся. Сытуацыя неяк вырашылася».
Праблем з пошукам новай працы Ўладзімер ня меў. Паводле яго, пасьля пажару знаёмыя адразу ж прапанавалі перайсьці ў суседнюю СТА (іх у горадзе 3).
«Большасьць з тых, хто са мной працуе, прытрымліваюцца такіх жа поглядаў, што і я. Выходзілі на плошчу, стаялі ў „ланцугах салідарнасьці“. Свае людзі, можна сказаць», — кажа Ўладзімер. Гаворыць, што сёньня сваю грамадзянскую пазыцыю будзе праяўляць «больш асьцярожна». Аднак па-ранейшаму сьцьвярджае, што рамантаваць машын сілавікоў ня будзе. «Гэта мая прынцыповая пазыцыя. І яна толькі ўзмацняецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маму захапілі чорныя дзядзькі». Гісторыя берасьцейскіх актывістаў Паліны і Андрэя Шарэндаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты ў трывожным чаканьні». Як жыве пэнсіянэр на «хатняй хіміі». ФОТА