Праваахоўныя органы Ўкраіны затрымалі ўраджэнца Індыі, які мае беларускае грамадзянства, у міжнародным аэрапорце «Барыспаль» пры афармленьні пасажыраў самалёта з Шарджа (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). На яго спрацавала «чырвоная» картка Інтэрполу. У Беларусі гэты грамадзянін абвінавачваецца ў спробе арганізацыі і ў арганізацыі незаконнай міграцыі замежных грамадзян празь Беларусь у Эўропу.
Як адзначаецца ў апублікаваным рашэньні ўкраінскага суду, ён разам з групай асобаў у 2019 годзе дапамог некалькім замежным грамадзянам атрымаць візы ў Беларусь у беларускай амбасадзе ў Армэніі на падставе фальшывых дакумэнтаў, што тыя нібыта зьяўляюцца бізнэсоўцамі і заснавальнікамі некалькіх камэрцыйных кампаній. Пасьля ўезду на беларускую тэрыторыю ўсе яны нібыта плянавалі выехаць праз Горадзенскую вобласьць у Эўропу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нелегальная міграцыя ў краіны ЭЗ пасьля крызісу зьнізілася амаль удваяУ дакумэнтах, якія беларускі бок накіраваў ва Ўкраіну для экстрадыцыі затрыманага, адзначаецца, што той ня змог завершыць злачынства, бо іншаземцы зь невядомых прычын не скарысталіся атрыманымі візамі і не ўяжджалі на тэрыторыю Беларусі. Ва ўкраінскім судзе затрыманы паведаміў, што ня ведаў пра тое, што яго шукаюць беларускія праваахоўныя органы. У чаканьні экстрадыцыі ён будзе знаходзіцца пад вартай.
На пачатку лютага ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менску паведаміла аб завяршэньні расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце арганізацыі незаконнай міграцыі, у якім два абвінавачаныя – 26-гадовы грамадзянін Індыі і 52-гадовы грамадзянін Беларусі. Сьледзтва нібыта ўстанавіла 17 фактаў незаконнай міграцыі грамадзян Індыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Праблему ствараюць» незаконныя мігранты з Расеі, а з Эўропы такіх адзінкі, — МЗС Беларусі