Гарадзенец Юзаф Нямера атрымаў 2,5 года «хатняй хіміі» за высьпятак амапаўцу. Мы паглядзелі, як ягонае жыцьцё зьмянілася пасьля прысуду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З вас бы зрабілі адбіўную катлету». Пэнсіянэр прасядзеў амаль два месяцы ў СІЗА, бо даў высьпятка апамаўцу1. Юзафу Нямеру 63 гады, пэнсіянэр. Летась 6 верасьня выйшаў на мірны марш пратэсту. Калі пачаліся затрыманьні, Юзаф убачыў, як амапавец цягне па зямлі дзяўчыну. Ня вытрымаў і даў яму высьпятка. У СІЗА пэнсіянэр правёў амаль два месяцы. Пасьля прысуду яго вызвалілі ў залі суду.
2. Летась 12 лістапада яму далі 2,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову — «хатнюю хімію». Гэта значыць, што ён павінен амаль увесь час быць дома. Выходзіць за межы падворку можа раз на тыдзень, каб адзначыцца ў міліцыі, або калі выклічуць дадаткова, то і часьцей. І штодня можа выходзіць з дому на дзьве гадзіны.
Сям’ю рэгулярна наведвае міліцыя, каб спраўдзіць, ці дома асуджаны ў належны час. Могуць прыехаць адразу пасьля таго, як ён адзначыцца ў РАУС. Ноччу пакуль не турбавалі, аднак гэта ня выключана. Самы позьні час візыту, які здараўся, — 22:30.
3. Нядаўна Нямера сплаціў 500 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу амапаўцу, а таксама дзяржаўную пошліну. Ён зьвярнуўся ў суд, каб зьняць арышт са свайго аўтамабіля. Раней сям’я шмат падарожнічала, езьдзілі разам на спаборніцтвы. Аднак з суду прыйшоў адмоўны адказ. Зь яго вынікае, што справу Нямеры запатрабавала абласная пракуратура. Навошта, ён ня ведае. Прысуд ужо ўступіў у сілу.
4. Усё жыцьцё актыўны пэнсіянэр перабудаваў так, каб заняць сябе ў хаце. Рэжым дня праз гэта не памяняўся: пад’ём у 7:30, адбой у 23:30. Зранку робіць зарадку, сьнедае, а потым займаецца хатнімі справамі.
Сям’я вырашыла зрабіць рамонт у гасьцёўні, каб «не губляць час дарма». Прызнаюцца: калі б ня тэрмін, то за рамонт бы ня браліся. Робіць яго сам гаспадар. Іхні катэдж на ўскрайку Горадні Юзаф таксама пабудаваў пераважна ўласнымі рукамі каля 30 гадоў таму.
«Прывязаныя да дому, таму трэба прыдумляць якія-небудзь сабе працы», — кажа жонка Юзафа Маргарыта.
5. Сям’я мае каля дому гарод. Жонка Юзафа Маргарыта цяпер займаецца расадай перцаў.
6. Юзаф у гэты час чытае «Дзікае паляваньне караля Стаха» Ўладзімера Караткевіча. Сужэнцы ўвогуле шмат чытаюць. Дома досыць вялікая бібліятэка. Нямеры нават склалі паэму для маці Юзафа.
«Часам паглядзіш ды падумаеш, што часу перачытаць усё ўжо ня хопіць», — кажа Маргарыта.
7. Юзаф, як і да зьняволеньня, сочыць за навінамі праз інтэрнэт, любіць чытаць незалежныя беларускія сайты. Па тэлевізары глядзіць збольшага спартовыя перадачы. У СІЗА тэлевізара ў камэры не было. Некаторы час там працавала радыё, аднак даведацца адтуль, што адбываецца ў краіне, было амаль немагчыма.
«Адзін-два сказы з прамовы Лукашэнкі прывядуць, і ўсё», — кажа Юзаф.
8. Вячэра. На харчаваньне ў турме пэнсіянэр не наракаў. Кажа, што кармілі нармальна. Аднак амаль за 3 месяцы ён усё ж страціў 3 кіляграмы.
9. Пэнсіянэр займаецца таксама пчоламі. Як вызваліўся, зрабіў шэсьць новых вульлёў. Пасьля зімы падкормлівае пчол цукровым сыропам. Пчолы ўжо выляталі са сваіх домікаў у новым сэзоне.
10. У свае дазволеныя гадзіны Юзаф часта выходзіць на прабежку. Бегае па 8–10 кілямэтраў. Усё жыцьцё ён займаўся лёгкай атлетыкай. Кажа, прынамсі двойчы абагнуў экватар па колькасьці кілямэтраў, якія прабег. Раней яны з жонкай маглі і па 3–4 гадзіны бегаць па лесе на лыжах. Цяпер — ня больш за дзьве.
Пакуль сядзеў, дык уся камэра займалася спортам на шпацыры цэлую гадзіну. Бегалі, адціскаліся, скакалі, каб захаваць форму.
11. «Юзаф Тамашавіч, вам пашчасьціла, што вы зьбеглі. Інакш мы бы з вамі не размаўлялі. З вас бы зрабілі адбіўную катлету», — прыгадвае пэнсіянэр словы сьледчых, якія займаліся ягонай справай.
Судзьдзя пасьля прагляду відэа з маршу таксама заўважыла: «Прынамсі бегаеце вы хутка».
Нямера — чэмпіён БССР і майстар спорту СССР па марскім шматбор’і. Цяпер займаецца спортам толькі для сябе.
«Спаборніцтва — гэта ўсё роўна нейкі стрэс. Ужо ня хочацца гэтага», — кажа спартовец.
12. Юзаф прызнаецца, што абмежаваньне ў дзьве гадзіны адчувальнае. Большасьць спраў па-за домам пералеглі на жончыны плечы.
«Ты пастаянна ў стане трывожнага саспэнсу, ты ў трывожным чаканьні. Павінен сачыць за часам, паехаць адзначыцца, не спазьніцца. Гэта ўсё накладае адбітак», — кажа Маргарыта.
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах