Налёт сілавікоў на ўстаноўчую канфэрэнцыю Лігі студэнцкіх аб’яднаньняў. Удзельнікі — у міліцыі

Ілюстрацыйнае фота

У пятніцу 5 сакавіка на пасяджэньне Свабоднага беларускага прафсаюзу прыйшлі сілавікі ў масках

Мерапрыемства адбывалася ў менскім бізнэс-клюбе «Імагуру». Сёньня там меліся выбіраць старшыню Студэнцкага прафсаюзу.

Паводле тэлеграм-канала Каардынацыйнай Рады, у «Імагуру» адбывалася ўстаноўчая канфэрэнцыя Лігі студэнцкіх аб’яднаньняў. Менавіта на яе і зьявіліся сілавікі. Сярод удзельнікаў канфэрэнцыі былі два чальцы асноўнага складу Каардынацыйнай Рады — палітоляг і грамадзкі дзеяч Андрэй Ягораў і палітык Віталь Рымашэўскі (Віталя Рымашэўскага пазьней адпусьцілі з РУУС, Андрэя Ягорава адправілі ў ЦІП на Акрэсьціна).

Затрымалі таксама журналіста Арцёма Ляву, які рыхтаваў матэрыял зь мерапрыемства. Яго разам з тэхнікай даставілі ў РУУС, але пазьней выпусьцілі, паведамляе БАЖ.

Валянтэры @spiski_okrestina і тэлеграм-канал «Студэнцкая думка» публікуюць сьпісы затрыманых:

Як расказала ў Фэйсбуку заснавальніца бізнэс-клюбу Imaguru Тацяна Марыніч, пасьля ўварваньня сілавікоў супрацоўнікі і каворкеры ня мелі магчымасьці пакінуць памяшканьне або ўвайсьці ў будынак. Удзельнікаў канфэрэнцыі вывелі з будынку, пасадзілі ў аўтазакі і павезьлі. Сярод затрыманых ёсьць супрацоўнік Imaguru.

«Мы не разумеем, калі і як гэта скончыцца. Мы расцэньваем тое, што здарылася, як сілавы захоп, які ня мае пад сабой ніякай прававой асновы. Гэта новая хваля рэпрэсій, маскі-шоў у офісах, якая ставіць мэтай пад сабой застрашваньне і ліквідацыю ўсіх актыўных і вальнадумных людзей», — напісала Тацяна Марыніч.

У незалежны прафсаюз ЛіСА ўвайшлі прадстаўнікі мясцовых ініцыятыў студэнтаў сямі ВНУ: Белдзяржунівэрсытэту (БДУ), Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту (БНТУ), Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка (БДПУ), Беларускага дзяржаўнага мэдунівэрсытэту (БДМУ), Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (БДАМ), Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў (БДУКМ) і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (БДАМ).

На ўстаноўчай канфэрэнцыі ЛіСА плянавалася правесьці выбары кіраўніцтва, прыняць праграмы дзеяньняў, абмеркаваць пляны працы арганізацыі, паслухаць лідэраў мясцовых студэнцкіх арганізацый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнцкія арганізацыі беларускіх ВНУ аб’ядналіся ў адну асацыяцыю

Як раней паведаміла БелаПАН намесьнік старшыні аднаго з арганізатараў канфэрэнцыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) Марыя Тарадзецкая, мэта новага прафсаюзу — абараняць і адстойваць правы студэнтаў законнымі мэтадамі, аказваць ім юрыдычную дапамогу, садзейнічаць паляпшэньню ўмоваў навучаньня.