Саюз прадпрымальнікаў адрэагаваў на ініцыятыву ўладаў змагацца з заробкамі ў канвэртах

  • БелаПАН

Ілюстрацыйнае фота.

«Перш за ўсё неабходна разьбірацца з прычынай выплаты заробкаў у канвэртах».

Такую пазыцыю выказаў Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў у лісьце на адрас Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі.

У паведамленьні гаворыцца, што міністэрства прапанавала бізнэс-саюзам аб'яднаць намаганьні ў барацьбе з выплатай заработнай платы ў канвэртах.

РСПП у адказе паведаміў, што ў сваёй дзейнасьці і ва ўзаемаадносінах зь сяброўскімі арганізацыямі заўсёды кіраваўся неабходнасьцю дакладнага выкананьня заканадаўства грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі.

Разам з тым бізнэс-саюз зазначыў, што «найперш неабходна разабрацца з прычынай зьявы, а не барацьбой зь ёй». На думку РСПП, «больш за палову выплат у каэртах грунтуецца на празьмернай падатковай нагрузцы ў вельмі складаных эканамічных умовах, асабліва пандэміі, палітычнага крызісу і недальнабачных і агрэсіўных заяў аб прыватным бізнэсе».

«Несумненна, прысутнічае некаторы субʼектыўны фактар у патэнцыйных парушальнікаў, якія ўхіляюцца з шэрагу асабістых прычын або асаблівасьцяў характару і выхаваньня, але неабходна прызнаць і наяўнасьць досыць сурʼёзных абʼектыўных прычын, якімі абумоўлены падобныя зьявы», — падкрэсьліваецца ў лісце.

Эксперты бізнес-саюзу заявілі, што ўзровень фіскальнай нагрузкі, на думку прадпрымальнікаў, перавышае 40% даданай вартасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прэзыдэнт пачаў гаварыць абсалютна пра іншае». Пагаварылі з Жаннай Тарасевіч, пасьля выступу якой Лукашэнка атакаваў бізнэс

«Нават папярэдні аналіз поўнай фіскальнай нагрузкі, зроблены з адкрытых крыніц у Беларусі, відавочна ілюструе нявыгаднае становішча беларускіх субʼектаў гаспадараньня прыватнай формы ўласнасьці адносна як нашага асноўнага партнэра, Расейскай Фэдэрацыі, так і краін далёкага замежжа», — падкрэсьліваецца ў лісьце РСПП.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што сказаў Лукашэнка на «Ўсебеларускім сходзе». Цытаты

Выступаючы 11 лютага на Ўсебеларускім народным сходзе, Аляксандар Лукашэнка даручыў Камітэту дзяржкантролю і Міністэрству падаткаў і збораў узмацніць барацьбу з выплатай заробкаў у канвэртах.

«Папярэджваю другі раз пасьля выбараў. Мною аддадзена даручэньне Камітэту дзяржкантролю і падаткоўцам: як толькі, а гэта нескладана, як толькі зловім каго-небудзь, хто грошы раздае ў канвэртах — лічыце, што вы былі бізнэсоўцамі, не крыўдуйце на мяне», — сказаў тады Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два дні запар выводзілі з камэры слухаць Усебеларускі народны сход. Заснавальнік крамы «Мой модны кут» на волі