Журналісты Tut.by пагутарылі з пацярпелымі.
5 лютага ў двары дома на вуліцы Нёманскай у Менску людзі ў масках затрымалі дзевяць чалавек. Людзі сабраліся, каб паставіць подпіс пад калектыўным зваротам на імя дэпутата. Не было ні сьцягоў, ні лёзунгаў, нават гарбаты не было. Але гэта не перашкодзіла суду прызнаць сустрэчу несанкцыянаваным пікетам і даць затрыманым максымальныя штрафы і арышты.
Ліст дэпутатцы Ганьне Старавойтавай давялося пісаць, бо зь верасьня яна так і не змагла сустрэцца са сваімі выбарнікамі: то хварэла, то хадзіла ў адпачынак. У звароце падымаліся пытаньні статыстыкі COVID-19, закрытых межаў, кіёскаў «Табакерка» і працы міжведамаснай камісіі па заявах грамадзян, якія паведамілі аб жорсткасьці з боку сілавікоў.
Подпісы зьбіралі ля аднаго з падʼездаў дома на вуліцы Нёманскай; людзі падыходзілі, расьпісваліся, перакідваліся па-суседзку парай фразаў і разыходзіліся. Сьцягоў не было, лёзунгаў таксама, на наступны дзень гэта пацьвердзілі ў судзе і сьведкі-міліцыянты.
«Людзі падыходзілі і сыходзілі, мы таксама зьбіраліся дадому, але нечакана падʼехаў бус, — успамінае Натальля. — Выбеглі незразумелыя людзі ў цывільным адзеньні, з нацягнутымі шапкамі і маскамі, толькі вочы былі відаць. Узялі пад руку — „пройдзем з намі“. Мы пыталіся, што мы парушылі, што наогул адбываецца, але ніхто не патлумачыў, нават не прадставіліся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падпісанты звароту да дэпутаткі атрымалі штрафы і суткі«Ніхто не ўцякаў нават, таму што мы ў сваім двары, зьбіраем подпісы пад калектыўным зваротам, чаго нам хавацца? Усіх і забралі, — далучаецца да размовы суседка Натальлі Алена. — Потым у бус яшчэ прывялі пару, яны ўжо падпісалі зварот і сышлі, але іх схапілі на рагу дома. Я выскачыла літаральна на хвілін 10, у хатняй вопратцы, нават тэлефона з сабой не ўзяла. Думала, хуценька падпішу і назад. Калі затрымлівалі, я адразу сказала, што ў мяне дома засталіся двое непаўналетніх дзяцей, прасіла: дайце ў дамафон пазваню і скажу, што са мной, але нават гэта мне не адразу дазволілі зрабіць».
Затрыманых даставілі ў Фрунзэнскае РУУС. Спачатку казалі — для высьвятленьня асобы, празь некаторы час пачалі апытваць у сувязі з учыненьнем правапарушэньня — паводле арт. 23.34 КаАП (Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За адкліканьне дэпутата Гайдукевіча сабралі 700 подпісаў, Але не дапамагло«Пасьля суду муж сустракаў мяне з дочкамі. Старэйшая кінулася да мяне: „Матуля, я так баялася, што цябе забʼюць да сьмерці і я цябе больш ніколі не ўбачу“, — расказвае Натальля са сьлязьмі. — Гэта самы страшны для мяне момант, у мяне сэрца проста сьціснулася. Муж расказаў, што яна ўсю ноч не магла заснуць, плакала і пыталася, дзе мама. І цяпер мы адчуваем наступствы. Саша ўвесь час глядзіць, куды я пайшла, калі выходжу з дому, пытаецца, куды я і калі вярнуся; калі я хоць крыху затрымалася, адразу ж тэлефануе мне: „Дзе ты?“ На вуліцы, калі бачыць мужчын у чорных масках, насьцярожваецца, пытаецца, хто гэта. У яе падарвана пачуцьцё бясьпекі. І, шчыра кажучы, лепш бы я „суткі“ адседзела, толькі б маё дзіця ня бачыла, як мяне забіраюць невядомыя людзі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менская дэпутатка Старавойтава не прыйшла на сустрэчу з выбарнікамі, просіць зьвяртацца пісьмоваДэпутатка Ганна Старавойтава аб затрыманьні сваіх выбарнікаў ведае, гэта TUT.BY пацьвердзілі некалькі яе памочнікаў, але што яна думае з гэтай нагоды і ці зрабіла якія-небудзь дзеяньні, невядома — дэпутатка зноў у адпачынку, на гэты раз да 16 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі затрымалі 50 мэдыкаў, якія выйшлі на марш пратэсту ў Менску. ФОТА і ВІДЭА