Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэфры Джук 4 сакавіка сустрэўся з прадстаўнікамі рэлігійнай грамады «Новае жыцьцё» царквы Хрысьціян поўнага Эвангельля, якую менскія ўлады выселілі з дому малітвы на вуліцы Кавалёва.
Джэфры Кук выказаў занепакоенасьць ЗША з нагоды высяленьня і патрабаваньняў уладаў аб выплаце царквой падатковых запазычанасьцяў, ад якіх рэлігійныя групы вызваленыя, гаворыцца ў паведамленьні на старонцы амбасады ЗША ў Фэйсбуку.
«ЗША пацьвярджаюць падтрымку свабоды веравызнаньня любой рэлігійнай групы, уключаючы грамады Поўнага Эвангельля і царкву „Новае жыцьцё“, і заклікаюць улады аднавіць магчымасьці яе прыхаджан зьбірацца і маліцца без абмежаваньняў або фінансавых штрафаў у месцах, бясьпечных і надзейных для вернікаў», — адзначаецца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску вернікі другую нядзелю запар прыйшлі на малітву ля забранай уладамі царквы «Новае жыцьцё»- 17 лютага судовыя выканаўцы ўварваліся ў царкву ў суправаджэньні міліцыянтаў падчас малітвы. У царкве на той момант знаходзіліся каля 50 вернікаў. Судовыя выканаўцы апісалі маёмасьць, а вернікаў выгналі, пагражаючы ім арыштам.
- Рэлігійная грамада Царквы хрысьціян поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё» ў Менску летась атрымала судовае прадпісаньне вызваліць будынак на вуліцы Кавалёва, 72 да канца году. У адваротным выпадку царкве пагражалі прымусовым высяленьнем. Улады гораду заплянавалі збудаваць тут квартал шчыльнай забудовы.
- Вернікі «Новага жыцьця» пасьля выбараў запісалі відэазварот, у якім выказаліся супраць забойстваў, гвалту і катаваньняў, ілжывых сьведчаньняў у судах, маніпуляцый.
- Выселіць царкву «Новае жыцьцё» з будынка, у які прыхаджане за свае сродкі перабудавалі выкуплены ў дзяржавы паўразбураны кароўнік, Менгарвыканкам спрабаваў яшчэ 15 гадоў таму. У 2005 годзе гарадзкія ўлады пазбавілі рэлігійную суполку права карыстаньня зямельным участкам, хоць ён быў выдзелены бестэрмінова.
- Каб прыцягнуць увагу грамадзтва, у кастрычніку 2006 году вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася каля месяца. Пасьля таго як сытуацыя вакол «Новага жыцьця» атрымала шырокі міжнародны рэзананс, улады адступілі.