«Ва ўнівэрсытэце пагражалі пракуратурай», — студэнтка валянтэрыла каля Акрэсьціна, а цяпер паступае ў мэдунівэрсытэт у Польшчы

Тацяна Васюніна

Былая студэнтка Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Тацяна Васюніна валянтэрыла каля Акрэсьціна. Цяпер яна ў Варшаве вывучае польскую мову і рыхтуецца паступаць у польскі мэдунівэрсытэт. У канцы лістапада яна вымушана была зьехаць зь Беларусі — адміністрацыя ўнівэрсытэту за ўдзел у акцыях пратэсту пагражала крымінальнай справай паводле артыкула 326 — «экстрэмізм».

З 12 гадоў марыла пра мэдыцыну, але спачатку паступіла вучыцца на правізара

Тацяна зь дзяцінства марыла стаць лекарам, але бацькі настаялі, каб яна паступала на фармацэўтычны факультэт. Спачатку іх паслухалася, а потым усё ж праявіла характар і зрабіла па-свойму.

«У мяне клясычная савецкая сям’я: мама па адукацыі настаўніца, тата вайсковец. І яны не хацелі, каб я стала мэдыкам. А я з 12 гадоў марыла пра мэдыцыну, чытала мэдычныя кніжкі, за сьняданкам магла разглядаць карцінкі, што ўнутры чалавечага чэрапа, удзельнічала ў алімпіядах па біялёгіі і хіміі.

Калі яшчэ вучылася ў школе, была магчымасьць трапіць у апэрацыйную. Бацькі думалі, што я спалохаюся крыві і перадумаю. Бацька ў мяне аўтарытарны чалавек, і пасьля 11-й клясы мяне прымусіў паступаць на фармацэўтычны факультэт», — узгадвае дзяўчына.

Тацяна Васюніна

Тацяна паслухалася бацькоў і паехала вучыцца на правізара ў Віцебск. У першыя два тыдні зразумела, што гэта дакладна не яе. Аднак вымушана была працягваць вучобу.

«У інтэрнаце ў адным блёку са мной жылі дзяўчаты, якія вучыліся на лячэбным факультэце. Я плакала ў падушку, зайздросьцячы ім. Пасьля 1 курсу мне не было 18 гадоў, таму я не магла забраць дакумэнты. А бацькі былі катэгарычна супраць. Правучыўшыся амаль 2 курсы, я ўсё ж забрала дакумэнты і паехала дамоў у Баранавічы рыхтавацца да паступленьня. Набрала добрыя балы, паступіла ў Менскі мэдунівэрсытэт на пэдыятрычны факультэт.

Цяпер бацькі паступова прывыкаюць, што пераканаць мяне немагчыма. Калі пабачылі, як мне падабаецца вучоба, крыху супакоіліся», — кажа Тацяна.

«Не магла зразумець, як можа не хапаць элемэнтарных сродкаў індывідуальнай абароны»

З пачаткам пандэміі ўвесну мінулага году Тацяна пайшла працаваць у 6-ы клінічны шпіталь.

«Мэдыкі рабілі ўсё магчымае, працавалі вельмі самааддана. Але было вельмі цяжка і фізычна, і псыхалягічна. Не хапала сродкаў індывідуальнай абароны. Не магла зразумець — як можа не хапаць такіх элемэнтарных рэчаў! Тое, што лічылася аднаразовым, даводзілася выкарыстоўваць шматразова, пакуль не пратрэцца да дзірак альбо не парвецца. Гэта, канечне ж, ненармальна. А чалавек, які стаіць ва ўладзе, не разумее маштабу праблемы. Усё паказвала на тое, што клопату пра народ не было», — кажа Тацяна.

Тацяна з калегамі

«Мой малады чалавек быў за 10 мэтраў ад месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага»

Летам пачалася перадвыбарчая кампанія, затрыманьні кандыдатаў у прэзыдэнты, людзі сталі выходзіць на акцыі пратэсту. Выходзіла і Тацяна. Зноў пачаліся непаразуменьні з бацькамі. На выбарах студэнтаў прымусілі галасаваць па месцы прапіскі, таму давялося 9 жніўня быць у Баранавічах. Увечары выйшла ў цэнтар гораду.

«Там таксама выкарыстоўваліся спэцсродкі: рваліся сьвятлашумавыя гранаты, ужылі газ, гумовыя кулі. Я абсалютна не чакала, што такое можа здарыцца ў малым горадзе. У мяне быў шок. Я зразумела, што не выходзіць на акцыі пратэсту я ўжо не змагу. На наступны дзень ад хваляваньняў маці і нэгатыўнай рэакцыі бацькі я зьехала ў Менск», — кажа дзяўчына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – сакавік 2021. Мы сьведкі. „Яны разглядалі маю рану і захапляліся тым, як куля разарвала тканкі“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

10 жніўня ўвечары апынулася на Пушкінскай. Была шакаваная тым, што там адбывалася.

«На наступны дзень я здабыла аранжавы будаўнічы шлем, белым плястырам наклеіла крыж, абазначыўшы сябе як мэдыка. Хадзіла на ўсе акцыі пратэсту, дапамагала людзям.

Тацяна Васюніна з калегамі

13 жніўня быў вельмі драматычны момант — я дзяжурыла пад Акрэсьціна, калі пачалі масава вызваляць людзей. У гэты дзень было самае моцнае эмацыйнае ўзрушэньне: убачыўшы, у якім стане яны выходзілі з турмы, страшна было ўсьведамляць, што людзі пацярпелі не ад стыхійнага бедзтва, а іх так жорстка зьбівалі, зь іх зьдзекаваліся свае ж людзі», — узгадвае Тацяна.

«Нам прапанавалі „абмяняць“ выключаных студэнтаў на поўнае маўчаньне і цішыню ва ўнівэрсытэце»

Калі пачаўся навучальны год, Тацяна працягвала хадзіць на акцыі пратэсту. У верасьні ўладкавалася працаваць на станцыю хуткай дапамогі. Было нялёгка, бо па суботах працавала «на сутках», а ў нядзелю раніцай ішла на маршы. Потым пачаліся акцыі ва ўнівэрсытэце.

«Адзін раз, калі была маўклівая акцыя, мы проста сядзелі ў холе без сымболікі, прыйшлі прарэктар па бясьпецы, прарэктар па выхаваўчай рабоце і дэкан стаматалягічнага факультэту. Пачалі выхоўваць — маўляў, вы яшчэ малыя дзеці, каб займацца палітыкай, вы нічога не разумееце.

Нам прапанавалі працягнуць размову ў больш афіцыйнай абстаноўцы. Прызначылі агульны сход на чацьвер. Размовай гэта цяжка было назваць — адміністрацыя несла поўную лухту, некаторыя ня стрымлівалі эмоцый, крычалі на нас.

Тацяна Васюніна на акцыі пратэсту зь іншымі студэнтамі

Але тут варта адзначыць два важныя моманты: нам прапанавалі абмяняць выключаных студэнтаў на поўнае маўчаньне і цішыню ва ўнівэрсытэце

Другое — адміністрацыя ўнівэрсытэту мае дастаткова доказаў супраць нас і можа перадаць іх у Сьледчы камітэт, каб на нас завялі крымінальныя справы. Нам паказалі відэа, дзе ўсе нашы твары былі бачныя», — расказвае Тацяна пра падзеі апошняга тыдня кастрычніка, калі з БДМУ выключылі каля двух дзясяткаў студэнтаў.

Тацяна Васюніна

Ёй далі зразумець, што гэта ня жарты, а пытаньне часу. Дэкан пэдыятрычнага факультэту папярэдзіла, што трэба паводзіць сябе асьцярожна.

«Яна казала, што ў першых шэрагах мяне адлічыць яны не змаглі — альбо не былі ўпэўненыя, што на відэа я была, альбо таму, што я была ўжо дастаткова вядомая, і маё адлічэньне ўскалыхнула б яшчэ большую хвалю, да якой яны не былі гатовыя... Яна мела на ўвазе, што на мяне канкрэтна палююць, і калі я аступлюся, будзе расправа. Маўляў, цярпеньне ўжо на сыходзе, і перадача матэрыялаў у пракуратуру ці СК — пытаньне часу».

Ціснулі на бацькоў, шантажавалі, што ў маладога чалавека будуць праблемы

А ў панядзелак, 2 лістапада, калі Тацяна была на занятках, патэлефанавалі ўстрывожаныя бацькі і сказалі, што іх тэрмінова выклікаюць у рэктарат. Прычым патэлефанавалі ім а 10-й раніцы, а паседжаньне было прызначана на 12.30 — хоць бацькі жывуць у Баранавічах.

«Я спрабавала гаварыць голасам розуму, бацькі былі на эмоцыях, я іх супакоіць не змагла. Цалкам на размове адміністрацыі з бацькамі я прысутнічаць не магла — мяне выгналі. Бацькам паказалі відэа акцый з маім удзелам. Прарэктар па бясьпецы, якога ў той час толькі прызначылі, з маім татам размаўляў як вайсковец з вайскоўцам. Бацькоў палохалі, што могуць усе матэрыялы на мяне перадаць у пракуратуру, а гэта артыкул 326 КК — „экстрэмізм“, пагражае мне да 10–15 гадоў», — расказвае пра тую гутарку Тацяна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 8 чалавек. Такіх у Беларусі ўжо 270

Яна зразумела, што яе тэлефон паставілі на праслухоўваньне. Адміністрацыі было вядома, з кім яна сустракалася, пра што размаўляла.

«На маці спрабавалі ціснуць. Прагучала цудоўная фраза: „Давайце падумаем разам, што ваша дачка можа зрабіць для ўнівэрсытэту. Яна ж прыроджаны лідэр!“. Яны хацелі, каб я „разьвярнулася“ на 180 градусаў і пераконвала студэнтаў, што на акцыі ня трэба хадзіць, што „ў нас цудоўны ўнівэрсытэт і цудоўная адміністрацыя...“

Я зразумела, што калі мяне не „сальюць“ з палітычных прычын, то „сальюць“ на бліжэйшай сэсіі», — кажа Тацяна.

«Было цяжка адважыцца зьехаць»

Дзяўчына вырашыла, што трэба падаваць дакумэнты на праграму Каліноўскага і зьяжджаць.

Апошняй кропкай стала акцыя памяці Рамана Бандарэнкі 15 лістапада, дзе людзей жорстка разганялі. Яна вельмі хутка зрабіла гуманітарную візу, сабрала рэчы і зьехала ў вымушаную эміграцыю. Атрымала станоўчы адказ ад праграмы Каліноўскага. Спачатку ўладкавалася ў Беластоку, зусім нядаўна пераехала ў Варшаву.

«Цяжка было адважыцца зьехаць. Бо толькі наладзіліся адносіны з бацькамі — яны больш не чыталі мне натацыі», — кажа Тацяна.

Яна расказвае, што вельмі сумуе па вучобе, па парах, па занятках. Да таго ж паўсюль карантын, локдаўн, межы закрытыя — ні бацькі, ні сябры ня могуць да яе прыехаць.

Цяпер Тацяна інтэнсіўна вывучае польскую мову — бо летам паступленьне ў адзін з польскіх мэдычных унівэрсытэтаў. Пакуль ня ведае, у які канкрэтна будзе паступаць. Але спадзяецца, што вучыцца будзе цікава.

«Мяне заўсёды вельмі засмучала і прыгнятала, што Беларусі ў мэдыцыне не патрэбныя разумныя людзі. Я сабе казала, што лепш наагул ня быць лекарам, чым быць дрэнным лекарам. У мяне і на занятках былі праблемы з выкладчыкамі, бо я „глыбока капала“ — вывучала прадмет па розных сучасных крыніцах, а не па адным састарэлым падручніку 2000 году выпуску.

Я хачу стаць высакаклясным спэцыялістам, хачу чытаць спэцыялізаваныя нямецкія мэдычныя часопісы, самы знакаміты брытанскі Lancet, а не „Медицинский вестник“, на які студэнтаў прымушалі падпісвацца і ў якім хваляць прафсаюзы і пішуць, як усё цудоўна ў нашай краіне», — кажа Тацяна Васюніна.