Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» рэгулярна піша кіраўніку суседняй дзяржавы напярэдадні яго «вялікай прэс-канфэрэнцыі», спадзеючыся пачуць адказ у жывым эфіры, але пакуль марна.
Міністэрства культуры Расеі: «Крыж зьнік бясьсьледна»
Дасланы ў сьнежні 2020 году ліст адміністрацыя Пуціна пераадрасавала ў Міністэрства культуры. У адказе Падбярэцкаму падзякавалі «за неабыякавае стаўленьне да захаваньня рэлігійных каштоўнасьцяў і адной з галоўных праваслаўных сьвятыняў» і паінфармавалі, што не валодаюць зьвесткамі аб знаходжаньні крыжа на тэрыторыі Расеі. Магілёўцу параілі зьвярнуцца ў аддзел зьнешніх царкоўных сувязяў Рускай праваслаўнай царквы.
У лісьце зь расейскага Міністэрства культуры ні разу ня згадваецца Беларусь, зь якой вывезьлі рэліквію. Адзначаецца, што яна «бясьсьледна зьнікла ў 1941 годзе» і лёс яе невядомы.
Сацыял-дэмакрат ужо зьвяртаўся ў згаданы аддзел Рускай праваслаўнай царквы, адказу не атрымаў. Цяпер зьбіраецца зноў туды пісаць. Ён перакананы: крыж у Расеі, і «яна ня хоча яго беларусам аддаваць». Актывіст сумняваецца, што яму скажуць, дзе ён, але пісаць Пуціну не перастане.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілёвец напісаў Пуціну: «Вярніце Крыж Эўфрасіньні Полацкай»«Нагадваць расейскаму кіраўніцтву аб праблеме вяртаньня беларускіх каштоўнасьцяў на радзіму варта»
Раней Падбярэцкі падказваў Пуціну, што Крыж Эўфрасіньні Полацкай варта шукаць у Троіца-Сергіевай лаўры падмаскоўнага Сергіевага Пасаду. Ён спасылаўся на зьвесткі гісторыка Сяргея Тарасава, паводле якога вывезеную ў вайну беларускую рэліквію Сталін аддаў герархам Рускай праваслаўнай царквы, каб задобрыць сьвятарства . Па словах навукоўца, захоўваньне Крыжа Эўфрасіньні Полацкай у Троіца-Сергіевай лаўры вельмі значнае для Расейскай праваслаўнай царквы. Звычайнаму чалавеку трапіць у скарбніцу немагчыма.
Сяргей Тарасаў скептычна ставіўся да спадзеваў, што Пуцін дасьць зьвесткі пра крыж, але лічыць, што нагадваць расейскаму кіраўніцтву аб праблеме вяртаньня беларускіх каштоўнасьцяў на радзіму варта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крыж Эўфрасіньні Полацкай знаходзіцца пад Масквой?Беларускую рэліквію шукалі і ў ЗША
Крыж Эўфрасіньні Полацкай быў выраблены ў Полацку для царквы Сьвятога Спаса на замову прападобнай ігуменьні Эўфрасіньні Полацкай майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе.
У 1921 годзе яго рэквізавалі бальшавікі. Да ўварваньня нацыстаў у Беларусь рэліквія захоўвалася ў Магілёве. У 1941 годзе машыну, наладаваную партыйным архівам ды гістарычнымі і культурнымі каштоўнасьцямі, адправілі ў Маскву. Там павінен быў быць і Крыж Эўфрасіньні Полацкай.
Пасьля вывазу рэліквіі яе лёс застаецца невядомым. У 1943 і 1945 годзе сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панарамэнка двойчы публічна казаў пра крыж як прадмет мастацтва, які ня быў згублены, а знаходзіцца ў распараджэньні кіраўніцтва СССР.
Афіцыйна Крыж дагэтуль у вышуку. Адшукаць беларускую рэліквію спрабавалі ў ЗША, але бясплённа.
У 1997 годзе ювэлір-эмальер зь Берасьця Мікалай Кузьміч вырабіў копію Крыжа, якую 24 жніўня 1997 году асьвяціў мітрапаліт Філарэт. Копія захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага Спаса-Эфрасіньеўскага жаночага манастыра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярніце, гэта наша. 5 каштоўнасьцяў, якія забралі зь Беларусі