Сядзеў суткі за мітынгі
Ігар Банцэр — рок-музыкант з Горадні, лідэр стрыт-панкавага гурту Mister X. Называе сябе «легендай андэграўнду» і «зоркай рок-н-ролу». Яму 41 год, жанаты з экс-кіраўніцай незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі Анжалікай Арэхвай, мае траіх дзяцей 8, 10 і 16 гадоў. Раней не судзімы.
Банцэр лічыць сябе апалітычным, аднак летась хадзіў на вулічныя пратэсты, дзе яскрава праяўляў сябе: махаў бел-чырвона-белым сьцягам на даху аўтамабіля, танцаваў перад судом з ружовым сьцягам. Летась тройчы сядзеў па адміністрацыйных справах за мітынгі, агулам 18 сутак.
20 кастрычніка Банцэра затрымалі па крымінальнай справе аб хуліганстве — за тое, што танцаваў перад міліцыяй без штаноў. 4,5 месяца ён пад вартай. Яго прымусова вазілі ў Навінкі на псыхіятрычную экспэртызу, тая паказала, што ён адэкватны. У горадзенскім СІЗА трымалі ў адзіночнай камэры, зьмяшчалі ў карцар. З турмы ён перадаў пажаданьне сустрэцца з натарыюсам і напісаць тэстамэнт.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, 5 верасьня гарадзенец выйшаў на вуліцу з забаўляльнай установы на вуліцы Горкага, убачыў машыну міліцыі, падышоў да лабавога шкла і пачаў дэманстраваць геніталіі.
«Справядлівасьці няма»
Падтрымаць Ігара Банцэра ў суд прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку бацькі, жонка, брат, прадстаўнікі Саюзу палякаў, моладзь.
Каб завесьці Банцэра ў суд, прысутных папрасілі зайсьці ў калідор за дзьверы і вызваліць фае.
«Злосны злачынца», — чуліся камэнтары ад сяброў фігуранта.
Да пачатку суду фігурант трымаў у руках аркуш з надпісам «Справядлівасьці няма», упаў на падлогу, нібыта страціўшы прытомнасьць.
«Шмат людзей прыйшло. Адразу стала душэўна, як на вечарыне», — сказаў Банцэр да пачатку паседжаньня.
У малую залю пусьцілі толькі 10 чалавек.
Справу разглядае судзьдзя Натальля Козел. Пракурор — Сяргей Нічыпарук. Пацярпелы міліцыянт — Сяргей Багдзевіч.
Калі Банцэр адказваў на пытаньні судзьдзі, амаль пасьля кожнага слова ён дадаваў зварот: «Высокі суд».
«Мяне судзяць за танец», — паведаміў ён судзьдзі, калі тая зрабіла яму заўвагу, каб ён не танцаваў у судзе.
Банцэр паведаміў суду, што нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, сваім пастаянным месцам жыхарства назваў «плянэту Зямля». «Я касмапаліт... Праз локдаўн я жыў у Беларусі», — адзначыў ён.
Банцэр заявіў хадайніцтва, каб паседжаньне вялося толькі на беларускай мове. Суд яго адхіліў.
У судзе ён абвясьціў сухую галадоўку, бо справа, на ягоную думку, мае палітычныя матывы.
Таксама ён адмовіўся ў судзе ад адваката: «Канстытуцыя мяне абароніць». Адвакат пакінуў залю.
У залі пэрыядычна быў чуваць ціхі сьмех. Жартам Банцэра ўсьміхалася нават сакратарка судзьдзі.
«Цішыня ў залі, і не ўсьміхацца тут», — зрабіла заўвагу прысутным у залі судзьдзя.
«Я таксама плачу», — падтрымаў яе Банцэр.
Пацярпелы: «Я ня думаў, што гэта крымінальна трэба караць»
Паводле дзяржаўнага абвінавачаньня, Банцэр 5 верасьня быў у ап’яненьні, агаліў свае палавыя органы і дэманстраваў іх міліцыянту і кіроўцу ў службовай машыне.
Сваю віну фігурант прызнаў часткова.
На чарговую просьбу судзьдзі прысесьці Банцэр падзякаваў са словамі: «У мяне баліць анус».
Першым выступіў пацярпелы міліцыянт Ленінскага РАУС Горадні Сяргей Багдзевіч. Ён сядзеў за стырном міліцэйскай машыны, калі ўбачыў, што побач з машынай «танцуе голы мужык». Потым той зьбег у натоўп. Багдзевіч узяў дручок, выйшаў з машыны, аднак не пабег у натоўп за Банцэрам, таму што быў адзін.
«У сувязі зь мітынгамі і ўсёй гэтай абстаноўкай я адзін не пабег у натоўп, бо невядома, якія там грамадзяне», — сказаў міліцыянт.
«То бок вы не пабеглі за мной і не спынілі крымінальнае злачынства праз палітычную абстаноўку?» — удакладніў Банцэр.
«Бо я расцаніў гэта як пʼяную выхадку. Я ня думаў, што гэта крымінальна трэба караць», — адказаў пацярпелы.
«Як доўга я танцаваў перад вамі з гэтым сваім... „слонікам“, скажу, каб вас не траўмаваць?» — запытаўся абвінавачаны.
«10 сэкундаў», — пасьля доўгіх роздумаў адказаў пацярпелы.
«А што менавіта вы бачылі, назавіце, усе мы дарослыя людзі», — працягнуў задаваць пытаньні абвінавачаны.
«Палавыя органы».
«А што канкрэтна?», — дапытваўся Банцэр.
«Чэлес», — удакладніў міліцыянт.
«А дзе была мая паясная торбачка?» — задаў пытаньне абвінавачаны.
«Ня памятаю. Мой позірк быў накіраваны не туды», — адказаў пацярпелы. На відэа моманту, дзе Банцэр танцуе перад машынай, відаць, што торбачка вісела на поясе.
«То бок вашая ўвага была сканцэнтраваная на маім чэлесе», — у залі зноў раздаўся сьмех.
Пасьля допыту пацярпелага ў судзе абвясьцілі перапынак да 4 сакавіка, дапытаюць сьведак.
«Ён вельмі свабодны, а гэтага ў нашай краіне нельга», — сказала пасьля суду маці Ігара Банцэра Тамара Мікалаеўна.
«Мы „махаем“ цяпер на крымінальныя справы»
Незадоўга да затрыманьня ў кастрычніку Ігар Банцэр даў невялікае інтэрвію, якое раней не публікавалася. Прыводзім гэтую гутарку.
— Як вас можна прадставіць, чым вы займаецеся?
— Пазаўчора я хацеў падвезьці дзяўчыну, якая галасавала на дарозе. Мы вярталіся з-за гораду з гітарыстам, які таксама ўвесь у тату. Адчыніліся дзьверы, яна нас убачыла і сказала: «Дзякуй, я паеду бяз вас».
Для большасьці грамадзян Беларусі мы выглядаем як крымінальныя асобы, «сінія», як той казаў. Насамрэч я люблю музыку і тату. Я дырэктар культурна-асьветніцкай установы «Горадзенскі рок-клюб», лідэр культавага стэп-панкавага калектыву Mister X. Я 20 гадоў нашу свае ідэі ў сэрцы, даношу іх да простых грамадзян, не баюся гаварыць, што я за рок-н-рол.
У мяне шмат андэрграўндавых знаёмых, якія выступаюць у Польшчы для 300–500 тысяч чалавек, нямецкія знаёмыя — для 10–20 тысяч чалавек. Калі б я жыў у заходнім сьвеце, гэта б выклікала ўсьмешкі ў людзей, а ў Беларусі на мяне глядзяць, як на бязглуздага гарадзкога варʼята. Вельмі цяжка тлумачыць год за годам, што ты не ідыёт, не вярблюд. Усё жыцьцё — барацьба.
— Наколькі вы палітычны чалавек? Навошта вы выходзілі на вулічныя мітынгі, маршы, пратэсты?
— Я не палітычны чалавек. Я адмаўляю палітыку, я супраць палітыкі. Але калі палітыка прыходзіць да цябе, нельга сядзець дома і глядзець у інтэрнэце, што адбываецца.
У мяне шмат знаёмых у беларускім андэрграўндавым сьвеце, якія сьпявалі пра кактэйлі Молатава 10–20 гадоў таму, цяпер іх няма. Цяпер яны пасьпяховыя бізнэсоўцы, у іх свае фірмы, дзеткі, трэба катэдж пабудаваць, выбраць новыя шпалеркі ў кватэру. Яны сьпявалі «Выйдзем на вуліцу» — і дзе яны? Выходзяць простыя працоўныя людзі, моладзь, якой цяжка глядзець на вышэйшую ўладу Беларусі па тэлевізіі; простыя жанчыны выходзяць, якія баранілі нас у жніўні, калі пачаўся гвалт, забойствы, калі нас калечылі ў фізычным сэнсе, калечылі лёс.
Я супраць палітыкі, але калі палітыка адбываецца тут і цяпер, няможна казаць: «Я зараз кавы пайду папʼю капучына ў нейкай новай моднай кавярні гораду Горадні».
— Вы асабіста зь якой мэтай выходзіце?
— Я часта не выходжу, калі ведаю, што мяне затрымаюць. Я хацеў бы, каб гэта было, як у заходніх дэмакратыях, калі выходзяць жоўтыя камізэлькі ў Парыжы, якімі пужае Лукашэнка, калі рабочыя выходзяць за свае правы, а потым усё заканчваецца адміністрацыйнымі справамі; калі вялікая падтрымка насельніцтва. У нас зараз людзі выходзяць мірна, і мы «махаем» цяпер на крымінальныя справы — гэта даволі бязглузда. Мне б хацелася, каб гэта ўсё набыло канчатковы сэнс і скончылася зьменай улады.
— Вы яркі чалавек. Вас складана не заўважыць ня толькі дзякуючы зьнешнасьці. Вы танцуеце на машынах, здымаеце штаны перад супрацоўнікамі міліцыі, ходзіце ў ружовым адзеньні ў суд. Імаверна, гэта хутчэй заўважаць і пакараюць. Вы не баіцеся?
— Я ўжо больш за 20 гадоў у пратэставай дзейнасьці. Майму гурту спаўняецца 18 гадоў. Гэтыя песьні пра тое, што я хачу ісьці па вуліцы з гонарам, не азірацца па бакох, як нейкая гіена. Гэта можна рабіць нават у ружовым. Калі ўсе лічаць, што я гей, — гэта вельмі асьвяжае.
Першы раз у жыцьці я стаяў, цалкам апрануты ў ружовае, на прыступках Кастрычніцкага РАУС, і пачалі падʼяжджаць амапаўскія бусы, аўтазакі. Там было 200–300 чалавек, усе ў чорным. Я ніколі такога ня бачыў. Гэта такі хічкокаўскі саспэнс (трывога чаканьня. — РС). Адразу людзей няма. Запавольваецца час. І я разумею, што лепш было б быць простым чалавекам, сядзець недзе на кухні, піць гарэлачку, гаварыць, што ўлада дрэнная. Але я так не магу. Тату ў мяне сапраўдныя, ужо позна іх змываць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перад прысудам зьнік горадзенскі таксіст, якога пасьля выбараў моцна пабіў АМАПУ ружовым ці ў блакітным, галоўнае, каб у галаве былі разумныя думкі, каб паводзіць сябе як адказныя чальцы грамадзтва. Я не хачу хадзіць у пінжаку, быць прэзыдэнтам, але рабіць такія рэчы, за якія асабіста мне было б сорамна.
Я спрабую займацца нізавым актывізмам, працаваць з моладзьдзю, з музычнай тэмай, з тэмай лайфстайлу, экалягічнай. Гэта займае шмат часу, і ў першую чаргу гэта праца арганізацыйная, часта нудная, зь бюракратыяй, даводзіцца мець шмат кантактаў зь дзяржаўнымі органамі, а ня бегаць са сьцягамі па вуліцы. Але сёлета сядзець дома і хавацца было б здрадай маіх ідэалаў. Тыя, хто так сябе паводзіць, абсалютна для мяне не зразумелыя. У мяне няма павагі да такіх людзей.
Файна, што людзі не баяцца выходзіць. Але хочацца, каб больш масава гэта было. Мне падабаецца, што частка майго ўдзелу ў гэтым ёсьць: як мінімум, выхоўваеш моладзь, паказваеш сваім прыкладам, што можна не баяцца міліцыі, на роўных зь імі размаўляць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэкордны тэрмін зьняволеньня запрасіў пракурор для затрыманага падчас пратэстаўЯ падыходзіў да ППСнікаў і казаў, што я супраць міліцэйскага гвалту, але ўдзячны сапраўдным супрацоўнікам міліцыі. Калі я сядзеў у ІЧУ, мяне вёў хлопец 18–20 гадоў, аж тросься, бо думаў, што я схаплю дручок і буду біць і рэзаць, бо я ўвесь зь сябе страшэнны. Гэта таксама частка адукацыі.
Калі я стаю ўвесь у ружовым, у сваіх кароценькіх сэксі-шорціках, насупраць мяне АМАП, і ідзе наш самы вядомы амапавец, начальнік АМАПу Краўцэвіч. Ён мне кажа: «Штосьці ты схуднеў». Я кажу: «Дык я ж галадаў на сутках. А вы тут працуеце, дык, калі ласка, толькі не выконвайце злачынных загадаў, заставайцеся чалавекам». Гэта выглядае вельмі фантасмагарычна, даволі тэатральна, што я так кажу таму, хто цкаваў людзей, пагражаў маім знаёмым, дзяўчат цягаў, аддаваў загады. А ён мне кажа: «Усё будзе ў межах заканадаўства». Пытаньні да нашага заканадаўства і да галоўнага нашага генэралісімуса, чаму няма ніводнай крымінальнай справы ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі, якія сябе жудасна паводзілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – сакавік 2021. Мы сьведкі. „Яны разглядалі маю рану і захапляліся тым, як куля разарвала тканкі“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЗбоку гэта можа выглядаць як фіглярства, экзальтацыя, эпатаж, што я хачу да сябе прыцягнуць увагу. Але я так жыву 20 гадоў. Мая свабода пачынаецца там, дзе заканчваецца кончык носа другога чалавека. Мне здаецца, калі я ня кідаюся на людзей, не займаюся крымінальнымі справамі, то чаго мяне чапаць? Гэта тычыцца ўсіх актывістаў.
10 гадоў паміж кампаніямі 2010 і 2020 году працаваў нізавы актывізм. Людзі выхаваныя на нейкіх прыкладах, размовах, сустрэчах. Усё гэта як у скарбонку кладзеш, і з цагліначак складаецца падмурак. Тут эфэкт матылька: мы гэта зрабілі сёньня, а эфэкт заўтра, праз год, праз 10 гадоў. Тое, што ў Беларусі цяпер адбываецца, я спадзяюся, скончыцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З матываў палітычнай варожасьці». Жыхара Гомля асудзілі на 3,5 года зьняволеньня за спробу падпалу «Табакеркі»Усё мае плён. Хтосьці ходзіць у ружовым, хтосьці спыняе тэатральную пастаноўку і кажа: «Мы ня можам зь сябе рабіць вялікіх актораў, калі затрымліваюць нашых супрацоўнікаў», хтосьці звальняецца зь міліцыі, хтосьці звальняецца з простай працы. Роля асобы ў гісторыі — наколькі гэта важна?
Хачу ў турму, каб кніжку напісаць. То бок у турму не хачу, але няма варыянту, бо ў мяне тры кніжкі ляжаць, толькі калі пасадзяць надоўга, будзе час. Мая карэктарка кажа, што ёй было б зручней правяраць у электронным варыянце, а я кажу, што буду пісаць лісты. Тады яна кажа, каб пакідаў шырокія міжрадкоўі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.