Пра гэта заявіў у інтэрвію DW намесьнік міністра замежных справаў Літвы Мантас Адаменас.
«Я думаю, у кіраўніцтве Беларусі добра разумеюць: любы запыт аб выдачы Святланы Ціханоўскай будзе дзеяньнем чыста рытуальным. Літва не выдае людзей, якія зазнаюць палітычны перасьлед. У Менску выдатна ведаюць, які адказ мы ім дамо» — сказаў намесьнік кіраўніка літоўскага МЗС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт ініцыяваў экстрадыцыю Ціханоўскай. А яна сёньня сустракаецца з кіраўніцтвам Фінляндыі2 сакавіка Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што абвясьціў Сьвятлану Ціханоўскую ў вышук і што дакумэнты на яе экстрадыцыю перададзеныя ў Генэральную пракуратуру.
У лютым беларускія ўлады спрабавалі пераканаць Латвію выдаць ім іншага былога прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду — Валера Цапкалу. Але калі Цапкалу выстаўляюцца абвінавачваньні ў карупцыі і хабарніцтве, то Ціханоўскай прыпісваюць падрыхтоўку беспарадкаў і захопу ўрадавых будынкаў.
Ціханоўская праз сваю прэсавую сакратарку Ганну Красуліну абвінавачаньні адпрэчыла. «Як паказваюць больш 200 дзён беларускага пратэсту, Сьвятлана Ціханоўская і яе каманда падтрымлівалі толькі мірныя мэтады», — паведаміла Красуліна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская абумовіла гарантыі Лукашэнку; пэнсіянэрак судзілі за беларускія кнігі. Найважнейшае за 1 сакавікаНа пытаньне аб тым, ці не можа адмова выдаць Ціханоўскую яшчэ больш ўскладніць адносіны Вільні і Менску, намесьнік кіраўніка МЗС Літвы Мантас Адаменас адказаў:
«Наш амбасадар адкліканы для кансультацыяў яшчэ ў кастрычніку летась. Цяпер Літву ў Беларусі прадстаўляе часовы павераны. Зрабіць афіцыйныя стасункі яшчэ горшымі наўрад ці магчыма».
Падчас падзеяў мінулага году ў Беларусі Літва дала прыстанішча сотням беларускіх палітычных уцекачоў, у тым ліку і Сьвятлане Ціханоўскай.
«Любы літоўскі ўрад, які пагадзіўся б выдаць хоць бы аднаго палітычнага ўцекача менскаму рэжыму, не пратрымаўся б і дня», — лічыць дэпутат сэйму Літвы Эмануэліс Зінгэрыс.
Хто такая Сьвятлана Ціханоўская?
Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.
- Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
- 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
- Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
- Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
- З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
- Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
- 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
- 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
- Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
- Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
- Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
- За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
- Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
- У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
- Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
- У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
- У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам