Жанчыны ў чорных строях моўчкі прайшліся па вуліцы Кастрычніцкай. У руках яны трымалі белыя ружы, а нанесеныя паўзьверх мэдычных масак крыжы імітавалі залеплены рот і адначасова забарону на свабоду слова.
2 сакавіка суд Маскоўскага раёну Менску вынес вырак журналістцы парталу Tut.by Кацярыне Барысевіч і лекару Арцёму Сарокіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі прысуд у справе «нуль праміле»: журналістцы Барысевіч — 6 месяцаў пазбаўленьня волі, лекару Сарокіну — 2 гады з адтэрміноўкайЖурналістка пакараная 6 месяцамі пазбаўленьня волі (больш за 3 месяцы зьняволеньня да суду залічаць у тэрмін) і штрафам 2900 рублёў.
Мэдык асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на год і штрафам 1450 рублёў. Яго вызвалілі ў залі суду.
Абаіх абвінавачвалі ў разгалошваньні мэдычнай таямніцы, што нібыта пацягнула за сабой цяжкія наступствы. Сарокін у інтэрвію Барысевіч расказаў, што ў забітага актывіста Рамана Бандарэнкі не было алькаголю ў крыві, як сьцьвярджалі прадстаўнікі розных ведамстваў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам.
Суд праходзіў у закрытым рэжыме, але вырак абвясьцілі ўжо пры поўнай залі.