Парацэтамол на 2 капейкі таньнейшы ў прыватных
Паводле ўладаў, «прыватныя аптэкі задзіраюць цэны». Правяраем, ці так гэта.
Глядзім на цэны праз сэрвіс tabletka.by, які дазваляе шукаць лекі па аптэках. Звычайны парацэтамол айчыннай вытворчасьці ў некалькі першых-лепшых прыватных аптэках каштуе 46–47 капеек за адну пласьцінку. А ў дзяржаўных аптэках ад «Белфармацыі» — 47–49 капеек. На 2–3 капейкі даражэй.
Ацэтылсаліцылавая кіслата, або звычайны асьпірын, знаходзіцца таньней таксама ў прыватных аптэках — 79 капеек за пласьціну, а ў дзяржаўных — на капейку даражэй.
Антыгрыпін знаходзім у прыватных аптэках за 8 рублёў, а ў дзяржаўных — за 9,5 рубля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 прычын, чаму ў Беларусі растуць цэны амаль на ўсёАскарбінавую кіслату беларускай вытворчасьці ў прыватных аптэках знаходзім па 68–69 капеек. А ў дзяржаўных цэньнік пачынаецца ад 70 капеек.
Смэкту францускай вытворчасьці ў прыватных аптэках знаходзім за 21 рубель 70 капеек, а ў дзяржаўных аптэках ад «Белфармацыі» — за 23 рублі 69 капеек. Пошук лекаў выдае адразу самыя танныя варыянты. Сярод 10 найменьняў, якія тэстуем, самыя танныя варыянты — у прыватнікаў. Але ёсьць і такія прыватныя аптэкі, дзе цэны вышэйшыя, чым у дзяржаўных.
Колькі прыватных аптэк, а колькі дзяржаўных
Па інфармацыі на 2018 год агулам у Беларусі было 3320 аптэк, зь іх 55% дзяржаўныя і 45% прыватныя. Гэта агулам па краіне. У некаторых вёсках і паселішчах аптэкі толькі дзяржаўныя.
Цяпер у Менску 217 аптэк ад дзяржаўнай сеткі «Белфармацыя», а агулам іх у сталіцы каля тысячы. То бок аптэк дзяржаўнай сеткі РУП «Белфармацыя» ў Менску крыху больш за 20%.
Правяраем на прыкладзе аднаго мікрараёну — у межах бульвара Шаўчэнкі і Кіеўскага сквэру. Тут працуе 5 аптэк, адна зь іх — дзяржаўная.
Што будзе, калі зачыняць прыватныя аптэкі
З 1 студзеня 2021 году ўлады абклалі некаторыя мэдыкамэнты падаткам на даданую вартасьць, ён складае 10%. Раней у адносінах да некаторых лекаў гэты падатак не прымяняўся. Гэта прывяло да росту цэнаў. Напрыклад, імпартныя аднаразовыя лінзы зь мінулага году падаражэлі ў 1,5 раза.
Пазьней улады ўвялі рэгуляваньне цэнаў на больш як 40 найменьняў лекаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад забараніў павышаць цэны на больш як 40 лекаў і 60 прадуктаўНа думку старшага навуковага супрацоўніка цэнтру эканамічных дасьледаваньняў Beroc Льва Львоўскага, улады ня пойдуць на закрыцьцё прыватных аптэк.
«Гэта рыторыка, якая паўтараецца з году ў год. Савецкае ўяўленьне пра фінансістаў і пасярэднікаў, якія псуюць народу жыцьцё і завышаюць цэны. Гэта наўрад ці адбудзецца. Калі іх усё ж закрыюць — гэта чарговы ўдар па эканоміцы. Прыціснулі адных, другіх, трэціх. Будзе горшы сэрвіс, менш аптэк. Магчыма, яны зьбіраюцца нацыяналізаваць аптэкі, але па выніку ўсё адно будзе горш», — мяркуе Леў Львоўскі.
Ад пачатку году ўлады абрынуліся на прыватны бізнэс. Сьпярша ў павелічэньні цэнаў былі «вінаватыя» прыватныя гандлёвыя сеткі, пра якія Лукашэнка згадаў на Ўсебеларускім сходзе, цяпер «вінаватыя» аптэкі. Інфляцыя за мінулы год склала больш за 7%. І гэтае павышэньне адбылося ня толькі ў прыватных аб’ектах гандлю.