Дасьведчаныя дактары пакідаюць РНПЦ дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі

Пратэст лекараў, Менск, кастрычнік 2020

З Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі звальняюцца і эмігруюць спэцыялісты, паведамляе «Наша ніва».

Гэтыя працэсы асабліва паскорыліся пасьля падзеяў лета-восені і прымусовага звальненьня дырэктаркі Натальлі Каноплі, якую калегі апісваюць як «спэцыяліста экспэртнага ўзроўню, прыстойнага і добрага чалавека».

Яшчэ ў лістападзе асноўных спэцыялістаў — анколягаў-гематолягаў, — было 27 чалавек. Але «Нашай Ніва» даведалася пра сыход ад таго часу як найменей 6 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніцтва РНПЦ кардыялёгіі шукае лекараў, якія зьняліся на фота з заклікам супраць Усебеларускага сходу

Мэдыкі выказваюць незадаволенасьць многімі аспэктамі рабочага працэсу, але апошняй кропляй называюць палітыку.

«Зь лета дзевяцёра з нашых дактароў прайшлі праз арышты», — паведаміў адзін з суразмоўцаў «Нашай нівы».

Найбольш грамадзтва ведае пра былую загадчыцу аддзяленьня для дзяцей старэйшага ўзросту Надзею Пятроўскую — нядаўна яе затрымлівалі проста на выхадзе з «Ладэ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – люты 2021. Мы сьведкі. „Паглядзела яго картку і ўбачыла месца працы — АМАП“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Усе, з кім гаварылі журналісты выданьня, з асаблівым нэгатывам падкрэсьлівалі факт таго, што намесьнікам дырэктара ў цэнтар прыслалі спэцслужбіста, які ні дня не працаваў у мэдыцыне. Яго функцыі — нешта кшталту кантралёра, ідэоляга і спэцыяліста па кадрах.

Мэдыкі наракаюць, што разам з павелічэньнем нагрузкі і фармалізму, заробкі сталі ніжэйшымі — у сярэднім на 200 рублёў за мінулы месяц. Тыя, хто працаваў на паўтары стаўкі, цяпер ня можа іх атрымаць.