Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні 2020 — сакавіку 2021 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкай, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.
„Яны разглядалі маю рану і захапляліся тым, як куля разарвала тканкі“
Мікіта, 22 гады, Менск:
„10 жніўня падчас пратэсту мы бачылі, як людзі беглі, у іх стралялі, і яны падалі. Стралялі тупа ў сьпіну.
На дах залезьлі сямёра сілавікоў, падышлі на край даху і пабачылі нас. І адразу: «Мордай у падлогу, на зямлю», з матамі. Я падняў рукі і пачаў прысядаць на кукішкі. І ў гэты момант супрацоўнік «Алмазу» стрэліў ва ўпор. Я быў у шоку: паглядзеў на нагу, там была дзірка тры на тры сантымэтры.
Калі б вярнуцца на пару дзён назад і сказаць, што такое можа здарыцца ў Менску, я б, напэўна, не паверыў. Ды ніхто б не паверыў.
Мне загадалі ўстаць і спускацца з даху. Далей працэдура была такая. Цябе перадаюць другому чалавеку, ён цябе б’е. Перадаюць наступнаму, ён цябе б’е, перадаюць наступнаму…
Ад болю я закрычаў. Убачыў перад сабой лекара. Сказаў, што ў мяне стралялі. У гэты момант падбег задыханы сілавік, кажа: «Вы яго забінтуйце і мы яго забярэм з сабой». Лекар яму кажа: «Ты паглядзі на нагу, тут невядома што, усё раскрытае, крыві шмат».
Так я трапіў у шпіталь. Пасьля таго, як я напісаў заяву ў Сьледчы камітэт, мама сказала, што па мяне прыходзілі міліцыянты. А адвакат сказаў, што ў яго чацьвёра такіх пацярпелых кліентаў, і дваіх ужо забралі. Я быў вымушаны ўцякаць з краіны.
Я вельмі хачу помсты, я вельмі злы. Ты страляеш у чалавека, які ўцякае. Ты страляеш ва ўпор. Ты б’еш людзей па галаве. Як можна не ўсьведамляць сваіх дзеяньняў? Запыталі: «А дзе ў цябе нага прабітая, пакажы?» Я думаў, можа, яны ня бачаць? Паказваю нагу і бачу, як дубінка з усёй хуткасьцю нясецца да маёй раны. Каля я ляжаў, яны разглядалі маю рану, захапляліся, як ад гумовай кулі разрывае мяккія тканкі“.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – люты 2021. Мы сьведкі. „Паглядзела яго картку і ўбачыла месца працы — АМАП“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
Гісторыя Натальлі Валадзько, якая памерла праз 10 дзён, як яе пабіў АМАП
Расказваюць сяброўкі:
„Наташа 17 жніўня распаўсюдзіла ў сацсетках інфармацыю, што іх з мужам пабілі сілавікі. Ёй было 45 гадоў, яна працавала ў менскай фірме касмэтыкі. Яна заўсёды выступала за перамены ў краіне і разам з мужам брала актыўны ўдзел у жнівеньскіх пратэстах.
Яна ўдзельнічала ў вялікім нядзельным маршы 16 жніўня. У той дзень гвалту супраць дэманстрантаў фактычна не было. Аднак на наступную раніцу Наташа папрасіла на працы два дні выходныя, а нам расказала, што іх з мужам пабілі.
Я спачатку падумала: што за трызьненьне? Тады ж нікога не чапалі! А яна скідае фатаграфіі сваіх ног — яны ўсе ў сіняках. Сказала, што пасьля мітынгу яны з мужам на машыне былі ў Горадні. Іх спыніла міліцыя, знайшлі сьцяг у машыне. Амапаўцы нібыта выцягнулі іх з машыны і пабілі, але потым чамусьці адпусьцілі.
Адначасова Наташа апублікавала ў Instagram фота сіняка на назе з наступным тэкстам: «Проста ехалі ў Горадню, пабілі, проста ня так паглядзела, лічаць ворагамі».
Яна пісала, што ў іх не было тэхнічнага агляду, што сілавікі палічылі іх «каардынатарамі». Але застаецца незразумелым, чаму менавіта іх машына прыцягнула ўвагу сілавікоў і чаму іх білі ў той дзень, калі па ўсёй краіне нікога не чапалі. І самае галоўнае: чаму іх пасьля зьбіцьця адпусьцілі?
У размове са мной Наташа спачатку казала, што ня хоча пісаць заяву ў міліцыю, а потым усё ж пагадзілася. Таксама яна паведаміла, што ў іх ёсьць доказы: відэарэгістратар зафіксаваў інцыдэнт зь сілавікамі.
На працы Наташы далі два дні адгулу — панядзелак і аўторак. Але ў сераду яна таксама не зьявілася ў офісе. Мы пачалі тэлефанаваць ёй і яе мужу, але ніхто зь іх на званкі не адказваў, хаця мабільнікі былі ўключаныя.
Я села ў машыну і паехала да іх дадому. Націскаю на званок — ніхто не адказвае. Тады, застаючыся за дзьвярыма, я пачынаю набіраць яе мабільны нумар і выразна чую гук тэлефоннага званка ў кватэры. Але ніхто не адказаў. Я пабыла яшчэ нейкі час і паехала. Дома яе не было 100%, таму мы выказалі здагадку, што яна на Акрэсьціна. Хоць як яна магла туды трапіць? Яна ж у панядзелак пісала, што знаходзіцца дома“.
„Дадому да Наташы прыяжджалі некалькі разоў, і кожны раз было адно і тое ж: чуваць званкі мабільніка ў кватэры, і больш нічога. Нарэшце мабільнік проста разрадзіўся. На сувязь Наташа больш не выходзіла.
Гэта вельмі дзіўна. Яна была вельмі камунікабэльны чалавек, у яе было шмат сяброў. Хоць камусьці яна мусіла даць пра сябе знаць. Так проста не бывае.
А праз 10 дзён пасьля допісу ў Instagram Наташа памерла. Канкрэтную прычыну сьмерці нам ніхто не назваў — спачатку сваякі сказалі, што ў яе былі праблемы з сэрцам, потым сьмерць тлумачылі варыкозам. Але яна ніколі ня скардзілася на стан здароўя“.„Не было ў яе варыкозу. Яна была абсалютна здаровая жанчына.
На разьвітаньне запрасілі толькі самых блізкіх. Мы ледзьве даведаліся пра час і месца разьвітаньня.
Яны з мужам прапалі адначасова. Мужа я раней ня ведала. Калі Наташу адпявалі, я яшчэ зьдзівілася: што гэта за дзіўны чалавек, у яго абутак без матузкоў, бруднае адзеньне. Ён ледзьве пасьпеў на адпяваньне. Хутчэй за ўсё, яго на пахаваньне якраз выпусьцілі. Гэта чыста нашыя развагі лягічныя. А калі я паспрабавала задаць пытаньне сам-насам, ён сышоў ад адказу. Я спытала: «Вы што, дзесьці ўляцелі?» — «Ды не, у нас усё было добра». Проста яе сваякі ня ведалі, што яна пасьпела скінуць фоткі. Я кажу: «А што ў яе з нагамі было?» — «Гэта ў яе варыкоз». Я кажу: «Ты мне гэта расказваеш, такія сінякі? Я знаёмая з мэдыцынай».
Таксама, нягледзячы на пасьмяротны грым, я разгледзела на твары Наташы сьляды ад удараў на «цьвёрдых частках твару». Прычым сьляды былі сьвежыя, ня горадзенскага часу.
Сваякі Наташы замоўчваюць сапраўдныя прычыны яе сьмерці, бо іх запалохалі. А мы ўпэўнены, што 10 дзён, цягам якіх ад Наташы і яе мужа не было ніякіх зьвестак, яна правяла ў ізалятары на Акрэсьціна“.
„Кіраўнік РАУС паставіў нагу мне на твар“
Максім Ахценка, Гомель:
„Затрымалі нас зь сябрам-цёзкам 11 жніўня. Паглядзеўшы, што гомельская міліцыя гатовая да другога дня пратэстаў нашмат лепш за дэманстрантаў, мы пайшлі ў бар. Дарогаю дадому нас затрымалі, знайшлі рацыі, празь якія мы плянавалі зьвязвацца, пакуль няма інтэрнэту, і тут жа назвалі арганізатарамі пратэстаў. Перад аўтазакам пабілі, але ня моцна. Я думаў, праблема не вялікая, калі так будзе далей. Але далей нас прывезьлі ў Цэнтральны РАУС. Нас паднялі на чацьвёрты паверх, і я пабачыў жахлівы калідор, празь які дзясяткі затрыманых мусілі паўзьці са скутымі за сьпінаю рукамі. АМАП і людзі ў цывільным бязьлітасна білі людзей. Мяне закінулі ў кабінэт, дзе сядзелі некалькі сілавікоў. Там пачалося сапраўднае катаваньне.
Пад няспынную лаянку і ўдары па ўсім целе мне падсоўвалі пратаколы, клоўнскія маскі ды іншыя рэчы, якія мелі пацьвердзіць, што я каардынаваў пратэсты. Усё працягвалася гадзінамі. Гэтыя «сьледчыя дзеяньні» спыніў Аляксандар Штрапаў, кіраўнік АУС Цэнтральнага раёну Гомля. Ён запрапанаваў «паразмаўляць па-нармальнаму». Свае словы падмацаваў, паставіўшы нагу мне на твар. У гэты момант я ляжаў і глядзеў у плінтус у гэтым кабінэце. І я не скажу, што я надта перажываў – я быў спакойны. Хутчэй за ўсё, я проста зьмірыўся.
«Ты разумееш, што ты можаш проста прапасьці і табой ніхто наагул не зацікавіцца? — прагучала пытаньне ў перапынку паміж сэрыямі жорсткіх удараў. — Ты разумееш, што я дзесяць магілаў за горадам у лесе выкапаў!» Я паверыў і працягваў глядзець у плінтус. Я выдатна разумеў: у той дзень сілавікам дазволілі абсалютна ўсё. Допыт спыніла толькі непрытомнасьць. Відавочна, забіваць гомельскім сілавікам дазволена не было. Мяне завезьлі ў шпіталь, дзе прымусілі падпісаць паперу аб атрыманьні бытавой траўмы, пасьля чаго прывезьлі ў актавую залю РАУС, дзе дзясяткі гэтак жа сама моцна пабітых мужчын ляжалі на падлозе і чакалі суду.
Троххвілінны працэс і пастанова аб пакараньні арыштам на 12 дзён не спынілі катаваньняў. Мяне закінулі ў чарговы пакой, дзе былі двое мужчын — я падумаў, што кадэбэшнікі. Яны працягнулі допыт у тым жа стылі, што і іхныя калегі з папярэдняга кабінэту. Білі ды прымушалі прызнацца, што я ўладальнік клоўнскіх масак. Калі я адмовіўся, мне далі тры дні. За гэты час я меўся ўсё прыгадаць і ўсіх здаць. У мяне была такая параноя — я разумеў, што я цалкам у іхнай уладзе. Яны могуць рабіць са мной, што ім заўгодна. Не спадабаюся — могуць цалкам сшыць справу».
Але праз тры дні мяне і большасьць іншых затрыманых пасьля выбараў вызвалілі з гомельскага ізалятара, прымусіўшы падпісаць паперу аб наступным няўдзеле ў несанкцыянаваных мерапрыемствах. Назаўтра я паехаў у абласны шпіталь, дзе расказаў пра зьбіваньне ў міліцыі. Пачаліся тэлефанаваньні са Сьледчага камітэту. Кажуць мне: «Мы вас хочам усіх сабраць на 4-м паверсе РАУС, каб вы ўсе далі паказаньні». Я падазраваў, што, як толькі зьбяромся, мы ўсе нармальна ад’едзем на суткі. Калі заклікі вярнуцца ў РАУС зрабіліся больш настойлівымі, мы зь сябрам доўга ня думалі. Я на мяжы так і сказаў: «Я іду на польскую мяжу па палітычнае прыстанішча». Ён паўгадзіны штосьці спраўджваў, а потым: «Усё, шчасьлівай дарогі»“.
„Убачаным у Чэрыкаўскім ізалятары я быў шакаваны“
Дзьмітры Іваноў, 43 гады, прадпрымальнік, Чэрыкаў:
„Да мінулага году я лічыў сябе апалітычным чалавекам, аднак пагаршэньне жыцьцёвага ўзроўню і адсутнасьць адэкватных захадаў улады ў вырашэньні праблемаў простага чалавека прымусілі зацікавіцца праграмамі канкурэнтаў дзейнага кіраўніка дзяржавы. Зь ягоных выступаў вынікала, што мы будзем і далей таптацца на месцы.
Для насельніцтва невялікіх, як наш райцэнтар, паселішчаў такая пэрспэктыва азначала яшчэ большае зьбядненьне, адсутнасьць працы з годным заробкам ды прыгнечанае страхам жыцьцё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАДа гэтага ўсяго дадаюцца праблемы з каранавірусам. Тутэйшыя выяжджалі на заробак у Расею, і гэта дазваляла выжываць іхным сем’ям. Цяпер мяжа закрытая, і мне як таксоўцу было відаць, наколькі зьменшыўся ў людзей дастатак. Іншым разам у размове працаздольныя мужчыны з зайздрасьцю гавораць пра старых, якія атрымліваюць пэнсію...
9 жніўня я ўжо ведаў, за каго галасаваць. На ўчастку, як і прапаноўвалася на плятформе «Голас», сфатаграфаваў бюлетэнь, склаў яго гармонікам ды дэманстратыўна кінуў ува урну.
Калі зачыніліся ўчасткі, зь дзясятак актывістаў сабраліся на прыпынку непадалёк ад райвыканкаму. Мы абураліся тым, як праводзіліся выбары. Зьвярнулі ўвагу, што ля будынка раённай адміністрацыі стаяла шмат службовых машын. На наш погляд, яны зьехаліся з выбарчых участкаў раёну, і нас зьдзівіла, што так хутка былі падведзеныя вынікі галасаваньня. У той вечар нас ніхто не чапаў. Пастаяўшы зь дзьве гадзіны, мы разышліся.
У наступныя тры дні, калі быў адключаны інтэрнэт, кожны з нас са сваіх каналаў даведваўся пра гвалт, затрыманьні, страляніну ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА13 жніўня мы зноў сабраліся каля райвыканкаму, каб выказаць пратэст супраць вынікаў выбараў ды гвалту сілавікоў пасьля іх. Чалавек пятнаццаць выстраілася ўздоўж праезнай часткі без пратэставай атрыбутыкі.
На наступны дзень нас пабольшала, да трох дзясяткаў. 16 жніўня на пікет прыйшло пад 200 чалавек. Мы стаялі са сьцяжкамі, шарыкамі белых і чырвоных колераў, гучала музыка. Сыгналячы, нас віталі з машын. Супрацоўнікі ДАІ, якія стаялі наводдаль, штрафавалі кіроўцаў за такія праявы салідарнасьці. Апэратыўнікі з РАУС здымалі пікетоўцаў на відэа ды фатаграфавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦАБыў інцыдэнт з жанчынай нападпітку, якая стаяла на праезнай частцы і абражала нас. Міліцыя на яе не зьвяртала ўвагі, хоць мы і гаварылі супрацоўнікам аб правакацыйных паводзінах грамадзянкі. Уздоўж пікету праяжджалі, паказваючы кукішы, нядобразычліўцы. Мы жывём у невялікім горадзе і ведаем, хто гэтак дэманстраваў сваю пазыцыю. У праўладных сацыяльных сетках удзельнікаў пратэстаў палівалі гразьзю. Мы не давалі ім спуску і адказвалі.
Пратэставая актыўнасьць у Чэрыкаве трывала да 19 жніўня. На наступны дзень актывістаў, якія сабраліся на звыклым месцы, міліцыя стала палохаць адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьцю, штрафамі. Людзі разышліся і больш грамадою не зьбіраліся.
20 жніўня ў Магілёве мяне аштрафавалі за тое, што праехаў праз увесь цэнтар гораду з пратэставай музыкай і са сьцягамі на баках машыны. У той жа дзень у Крычаве затрымалі «за дробнае хуліганства». У міліцыі сказалі, што я перашкаджаю сваёй музыкай грамадзянам адпачываць. Арыштавалі машыну, склалі пратакол і адпусьцілі ў 20 гадзін, без дакумэнтаў і грошай. Вярнуцца ў Чэрыкаў дапамог калега.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦАНя маючы машыны, я заставаўся бяз працы больш за 15 дзён. Машыну адмовіліся аддаваць нават пасьля суду, які пакараў мяне штрафам у 54 рублі. Увесь гэты час па Чэрыкаве я езьдзіў на ровары зь бел-чырвона-белым сьцягам ды ладзіў адзіночныя пікеты. Адзін раз за іх аштрафавалі на 27 рублёў. Потым каралі адміністрацыйным арыштам. У Чэрыкаўскім ізалятары агулам я адседзеў 13 дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦААсуджаных у ім трымаюць у паўпадвальных памяшканьнях. Першыя тры дні я сядзеў адзін. Сьцены маёй камэры былі атынкаваныя «шубай» з вострымі «варсінкамі». Жалезныя ложкі без належнага дагляду праржавелі. Матрацаў, падушак, коўдраў з камэры не забіралі, таму яны ўвабралі ў сябе яе пахі. Фарба на драўлянай падлозе вышмаргалася. Унітаз быў закарэлым, а ўмывальнік з адбітай эмальлю. Гарачай вады не было. Да ўсёй гэтай антысанітарыі дадаваліся клапы. Ежу давалі альбо крыху падагрэтую, альбо наагул халодную. Адсутнасьць прагулак ахоўнікі тлумачылі нібыта няспраўным прагулачным дворыкам.
Наступны дзесяцідзённы арышт за групавы фатаздымак на фоне дарожнага знаку «Чэрыкаў» я правёў з сукамэрнікамі, асуджанымі за сямейныя скандалы нападпітку. Зьняволеным землякам я тлумачыў, чаму ня згодны з палітыкай цяперашняй улады і пратэстую супраць гвалту. Сумняваюся, каб мая асьвета мела на іх хоць нейкае ўзьдзеяньне, але ўсё ж спадзяюся, што некалі маю лекцыю яны ўспомняць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦАСупрацоўнікі ізалятару выкарыстоўвалі асуджаных як дармавую сілу. Наколькі я зразумеў, міліцыі даведзены плян здачы макулятуры, дык нявольнікаў прымушалі рваць на шматкі старыя дакумэнты. У нас не пыталіся, ці хочам займацца такой справаю. Выводзілі з камэры, нічога ня кажучы, і на некалькі гадзінаў пакідалі ў кабінэце аднаго з начальнікаў РАУС.
Па вызваленьні я паскардзіўся на ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары, але адказу ня маю дагэтуль, хоць мінула больш за тры месяцы. За фота пад знакам асудзілі ня толькі мяне. Іншых удзельнікаў «пікету» аштрафавалі і правялі прафіляктычную гутарку.
Апошні раз мяне затрымалі ў Крычаве 20 лютага. Падчас агляду машыны знайшлі дэкаратыўны бел-чырвона-белы сьцяжок пад лабавым шклом, а таксама невялікі партрэт Сьвятланы Ціханоўскай. Гэтага было дастаткова, каб абвінаваціць мяне ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У маім доме ў Чэрыкаве апэратыўнікі правялі ператрус. Дазволу на яго мне не паказалі. Забралі тры сьцягі, тэлевізар у заклад аплаты штрафу, калі яго прысудзяць, ды тэлефоны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – люты 2021. Мы сьведкі. „Паглядзела яго картку і ўбачыла месца працы — АМАП“. АБНАЎЛЯЕЦЦАКрычаўскі суд пакараў мяне 12 днямі арышту. Іх я адбыў у мясцовым ізалятары. Умовы ў ім былі значна лепшыя, чым у Чэрыкаве, бо паўтара года таму там зрабілі рамонт. У камэрах не было скразьнякоў і была гарачая вада. На прагулкі не выводзілі. Каб дайшла перадача, сястру прымусілі аплаціць наперад маё ўтрыманьне, што, на маю думку, незаконна.
Па вызваленьні аддалі машыну, тэлефон ды тэлевізар. Калі вяртаўся ў Чэрыкаў, аштрафавалі на 14,5 рубля за бел-чырвона-белую паласу на капоце.
Раней крычаўская міліцыя мяне падазравала ў тым, што я адзін зь мясцовых «партызанаў», якія размалёўваюць горад палітычнымі графіці і вывешваюць сьцягі. Тады таксама арыштоўвалі былі машыну. Празь дзесяць дзён яе аддалі, але правёўшы агляд. Крыміналу ў ёй ня выявілі.
Прызнаюся, убачаным у ізалятарах я быў шакаваны. Дагэтуль мне не даводзілася там бываць. Для ХХІ стагодзьдзя ўмовы ўтрыманьня зьняволеных у Чэрыкаўскім ІЧУ параўнальныя хіба з канцлягерам. Так ставіцца да людзей антыгуманна. Вядома ж, тыя, хто трапляе ў ізалятар, са сваёй доляю мірацца, як і з тым, што адбываецца зь імі ў жыцьці. Большасьць зь іх ня ведае, як жыць іначай, і шукае паратунак у алькаголі. Нямала жыхароў райцэнтру, ідучы вуліцай, не падымаюць вачэй, і гэта шмат пра што сьведчыць...“
„Здымкам каля ялінкі парушыў Канвэнцыю ААН“
Ігар Краўчанка, Гомель:
„Я ўжо трапляў у ІЧУ ў канцы жніўня 2020 году за ўдзел у мірным пратэсьце. На пачатку 2021-га мяне затрымалі за акцыі зь бел-чырвона-белым сьцягам. Выйшлі на мяне пасьля праверкі тэлефона аднаго з затрыманых — там быў выхад на закрыты чат, якім я валодаў. Перад гэтым затрымалі некалькі ўдзельнікаў чату.
Міліцыя спачатку прыйшла да маёй дачкі, запалохвалі яе, пагражалі адабраць дзіця, якому 5 месяцаў. Правялі ператрус, забралі ўсю тэхніку ў мяне і дачкі. Потым міліцыя спрабавала пачапіць на мяне ўсю партызанскую актыўнасьць у раёне Фэстывалю.
Больш за ўсё міліцыю разьюшыў фатаздымак каля ялінкі ў 5-м мікрараёне, зроблены 1 студзеня, на якім я нібыта стаяў са сьцягам. Я адмаўляў, што на фота я. Але міліцыю доказы не цікавілі, і там склалі пратаколы менавіта на мяне. Судзьдзём у справах быў Аляксандар Мохараў, які даўно займаецца палітычнымі прысудамі.
Там цікавостка ў пастанове суду была. Яны змаглі прыплесьці, што я парушыў Канвэнцыю ААН па правах чалавека. Усе ўжо сьмяяліся. Я бачыў сотні рашэньняў суду, але ўпершыню яны спасылаліся на Канвэнцыю.
На другі суд мяне павезьлі з ІЧУ Буда-Кашалёўскага раёну. Надзелі ззаду кайданкі і не зьнялі іх нават у машыне. Хоць адміністрацыйным затрыманым у транспартным сродку кайданкі наогул здымаюць. Гэта абсалютна нікога не хвалявала. У мяне рукі апухлі, пакуль я прыехаў.
Судзьдзя Мохараў проста «прышпіліў» мне тыя пратэставыя фатаграфіі. На гэта я, асуджаны да адміністрацыйнага арышту, сказаў, што лічу затрыманьне і заключэньне пад варту незаконнымі і палітычна матываванымі. Адзінай формай пратэсту ў гэтых умовах я палічыў галадоўку. Цалкам галадаў усе 28 дзён арышту.
Першыя 13 дзён была толькі вада, потым зьявіліся гарбата і цукар. І яшчэ мне перадалі пасылку, там быў літар соку. Адразу думаў галадаць дзён 10, а потым выходзіць. Але 10 дзён прайшлі нядрэнна. Аднойчы адчуў сябе ня вельмі добра. Калі заставаліся 13 дзён, вырашыў, што яшчэ пацярплю. Некалькі разоў «накрывала» досыць моцна. Я хадзіў на прагулкі. Думаў некалькі разоў, што не дайду да камэры».
Я ўдзячны за падтрымку ўсім, хто пісаў мне шматлікія лісты. Праўда, адказаць змог толькі на частку, бо ў Буда-Кашалёўскім ІЧУ ў камэры няма стала. Пісаць можна толькі на кнізе на каленях. Акрамя таго, умовы ўтрыманьня досыць жорсткія. У якасьці прыбіральні — вядро. Вады няма, трэба прасіць, каб бутэльку вады набралі, і тады зь яе ўсе п’юць.
Вялікіх наступстваў пасьля галадоўкі пакуль не адчуў. Адзінае, што хутка стамляюся нават ад паходу ў краму, пасьля чаго пачынаю думаць, што мне 80 гадоў“.
„Баялася, што мужа і сына вывезьлі ў лес і там кінулі“
Алена Букас, 51 год, кантралёр-касір, Бабруйск:
„Ужо сем месяцаў я жыву з чаканьнем вестак ад асуджаных мужа і сына. Цяпер іх трымаюць у Бабруйскім сьледчым ізалятары №5 і неўзабаве адправяць на зону. У няволі мужу Ігару Букасу споўнілася 54 гады. Сын Алег адзначыць 25-годзьдзе ў лягеры. Безь яго расьце дачка. Ёй ужо 9 месяцаў, і сын змог яе ўбачыць упершыню за паўгода 26 лютага, на спатканьні.
27 лістапада 2020 году Алега і Ігара Бабруйскі суд прызнаў вінаватымі ў гвалце над супрацоўнікам унутраных спраў. Сёньня ў нашай краіне інкрымінаваньне нападу на міліцыянта стала звыклай зьяваю. Шанцаў у падсудных даказаць невінаватасьць няма ніякіх. Прызнаньне віны не ратуе. Мае блізкія не адзіныя, хто пацярпеў за тое, што наважыўся зьявіцца ў цэнтры гораду адразу пасьля выбараў.
Мужа пакаралі 4 гадамі калёніі строгага рэжыму, а сына двума ў калёніі агульнага. Прызнаны судом пацярпелым маёр ДАІ Ўладзімер Мяньшоў прасіў судзьдзю Андрэя Літвіна не пазбаўляць іх волі, бо яны раскаяліся і папрасілі прабачэньня перад ім. Але той падтрымаў пазыцыю дзяржаўнага абвінавачаньня і пастанавіў адправіць Алега і Ігара ў калёнію.
Муж і сын спадзяваліся, што Магілёўскі абласны суд зьмякчыць пакараньне. У кожным лісьце яны супакойвалі: «Усё будзе добра». Цуду, аднак, ня здарылася, і 25 лютага прысуд набыў моц.
Жыцьцё нашай сям’і зьмянілася 10 жніўня. Увечары таго дня мы выправіліся ў адну з крамаў у цэнтры гораду. Таго, што там адбывалася, я ня бачыла ніколі ў жыцьці. Плошча Леніна была шчыльна ачэпленая сілавікамі ў чорным, а іхныя твары хавалі балаклавы. Ніякіх мітынгаў і пратэстаў там не было. Мінакі звыкла прагульваліся па тратуарах.
Мужаву ўвагу прыцягнуў лямант дзяўчыны, якая голасна прасіла міліцыянта адпусьціць кіроўцу, які, як потым высьветлілася, адважыўся пасыгналіць. Ігар спытаў у мяне, ці варта пацікавіцца, што адбываецца. Я не была супраць, бо небясьпекі ў гэтым ня бачыла.
Пагутарыўшы з супрацоўнікам ДАІ Мяньшовым, муж ужо ад яго адыходзіў, калі той выгукнуў: «Гэтага актыўнага браць» — і схапіў Ігара за руку. Я стаяла крыху наводдаль і не зразумела адразу, каго і за што браць. Чалавек пятнаццаць у балаклавах без апазнавальных знакаў кінуліся на мужа. Павалілі яго, і адзін зь сілавікоў стаў душыць дручком. На паратунак кінуўся сын — і на яго наваліліся. Мне тады здалося, што жывымі яны не застануцца. Стала крычаць, прасіць у людзей дапамогі. Некаторыя спрабавалі адцягнуць людзей у чорным.
Палезла ў натоўп. Адзін у балаклаве зірнуў на мяне такімі шклянымі вачыма, што я скамянела і слова вымавіць не магла. Ачулася, калі дачка папрасіла адысьці, бо ёй было страшна. Бачыла, як сына і мужа акрываўленых цягнулі ў аўтазак. Потым стала фатаграфаваць месца здарэньня. На асфальце было шмат крыві, і я не разумела, адкуль яе столькі.
Пазьней даведалася, што Ігар ад удараў страціў прытомнасьць, а як ачуўся, то яшчэ адным ударам яму зламалі нос. Мужа вазілі ў лякарню, але ён адмовіўся ад шпіталізацыі. Пацярпелы Мяньшоў сьцьвярджаў, што Ігар ударыў яго, вырываючы руку, а яшчэ, як затрымліваў Алега, то паваліўся. Па словах міліцыянта, людзі з натоўпу білі яго, і на целе засталіся абдзерына і кровападцёк.
Куды завезьлі сына і мужа, я дазнавалася да дзьвюх гадзінаў ночы. Баялася, што пабітых вывезьлі ў лес і там кінулі. У Сьледчым камітэце напісала заяву аб іхным зьнікненьні і пабіцьці невядомымі. Гэта ж зрабіла і дачка. Адказу ад сьледчых дагэтуль няма.
Потым былі яшчэ два дні бясплённых пошукаў. Мяне пасылалі з пракуратуры ў Сьледчы камітэт ды ўпраўленьне ўнутраных спраў. На трэці дзень сказалі, што яны ў ізалятары.
Першы ліст зь вязьніцы мне прыйшоў толькі ў кастрычніку, і тады мы пачалі рэгулярна ліставацца. З допісаў даведалася, што камэры ў іх халодныя і муж сьпіць у шапцы ды куртцы. Абодва цяжка хварэлі, доўга трымалася тэмпэратура. Лячылі іх нейкімі пігулкамі.
Муж пісаў, калі яго выводзяць з камэры, ён выкрыквае: «Сын, дзе ты і як ты?» Выпытваў у іншых нявольнікаў. У кожным лісьце адзначае, што зрабіў слушна, пайшоўшы 10 жніўня высьвятляць, чаму лямантуе дзяўчына. Сын піша таксама, што, не задумваючыся, зноў кінуўся б ратаваць бацьку. Абодва спадзяюцца, што іхныя выпрабаваньні ня будуць марнымі і ў краіне адбудуцца зьмены.
Упершыню пасьля зьняволеньня Алега і Ігара я пабачыла ў лістападзе на судзе. Яны схуднелі. Па іх было відаць, што дужа перажываюць. Калі зачыталі прысуд, то мужу зрабілася кепска. Непрытомны, ён паваліўся ў клетцы. Яму выклікалі хуткую дапамогу, а нас выправадзілі з залі. Яго хацелі забраць у лякарню, але ён адмовіўся, патлумачыўшы, што сына ня кіне. Алегу пасьля прысуду таксама было кепска. Ён заснуў быў удзень у камэры, і яго адправілі на тры дні ў карцар.
На судзе я свае перажываньні старалася не паказваць. Не хацела сваім рабіць яшчэ больш балюча. Як выходзіла з залі, плакала. У мяне ўнутры ўсё калацілася. Спадзяваліся на няжорсткі вырак. Чакалі, што абмяжуюцца адседжаным.
У лістах падтрымлівала сваіх нявольнікаў, маўляў, суд у нас справядлівы і ўва ўсім разьбярэцца. Але ў думках разумела: справядлівасьці і раней не было, а цяпер пагатоў. Літасьці чакаць ня варта, бо тое, што творыцца ў краіне, не дае для гэтага падставаў. Пісала, што імі ганаруся і што час выпрабаваньняў перажывём. Звыкнуцца, што мужа і сына няма побач, не магу дагэтуль.
На спатканьні іх прыводзілі ў кайданках, бо яны на прафіляктычным уліку як «схільныя да экстрэмісцкіх дзеяньняў і захопу закладнікаў».
Падчас сустрэч супакойваем адно аднаго. Яны просяць расказаць навіны з волі, бо інфармацыі ніякай ня маюць. Муж распытваў пра долю Бабарыкі, што зь Ціханоўскай. Я яму расказвала пра суды над журналістамі і што перасьлед іншадумцаў не сунімаецца.
Нявестка ў Алега была на спатканьні з дачкой. Сына прывялі ў кайданках і прыкулі да кратаў. На сустрэчу адвялі адну гадзіну. Нявестка расказала, што паставіла дачку на ножкі, а яна прыставіла ручку да шкла, каб бацька змог дакрануцца да яе. Дужа перажывае расстаньне. На спатканьні плакалі ўсе.
Некаторыя сынавы сябры баяцца са мною вітацца. Лістоў Алегу ня пішуць. Ёсьць сярод іх тыя, хто выпытвае, чаго нам у жыцьці не хапала, чаго ўмяшаліся ў разборку міліцыянта. Майго тлумачэньня слухаць ня хочуць.
Але ў нас зьявіліся новыя сябры. Гэта людзі, якія былі сьведкамі зьбіваньня сына і мужа. Яны прыяжджаюць да мяне і падтрымліваюць. Да 10 жніўня я іх ня ведала.
Мая маці мяне падтрымлівае. Яна ніколі не хадзіла галасаваць, а 9 жніўня ў 85 гадоў пайшла. Казала, што ледзь даклыпала. Галасавала супраць Лукашэнкі.
Мой дзед быў рэпрэсаваны. Яго расстралялі, і мы ня ведаем, дзе ён пахаваны. Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі — гэта той жа 1937 год, які, здавалася, мы перажылі, але ён вярнуўся — і цяпер нас забіваюць. Я нават не магла дапусьціць, што такое можа адбывацца ў Беларусі.
Пасьля таго, як забралі мужа і сына, я доўга шукала сабе працу. У многіх месцах адмаўлялі, калі даведваліся, хто я. У некаторых арганізацыях прасілі напісаць, ці ёсьць у сям’і тыя, хто знаходзіцца пад крымінальным перасьледам. Уладкавалася на працу з заробкам 300 рублёў. На гэтую вакансію ніхто не пагаджаўся.
Пасьля ўбачанага на плошчы і ў судах у мяне зьнік страх. Я не магу бяз гневу ставіцца да міліцыянтаў, судзьдзяў, пракурораў. Уся Беларусь цяпер жыве з такім настроем, бо колькі ўжо людзей пацярпелі за свае перакананьні і неабыякавасьць. Сярод іх і мае сын і муж“.
„Мы, жанчына з ЗАГСу і канвойныя“
Ганна, жонка палітвязьня, Берасьце:
„Мы з Раманам разам ужо чатыры гады. У кастрычніку 2020 году Раман зрабіў мне прапанову рукі і сэрца, але праз два дні па яго прыйшлі сілавікі.
Раману 25 гадоў. Ён працаваў камплектоўшчыкам, гуляў у футбол — звычайнае жыцьцё.
Але ў жніўні пасьля выбараў ён выходзіў на вуліцу. Што там адбылося, я дакладна ня ведаю, бо мяне не было нават у горадзе. Пасьля, калі вярнулася, убачыла ў Рамана на целе раны — сьляды ад гумавых куляў. Але на той момант ён нікуды не зьвяртаўся, наколькі я ведаю, ані ў лякарню, ані ў міліцыю.
18 кастрычніка Раман зрабіў мне прапанову выйсьці за яго. Я пагадзілася.
А раніцай 20 кастрычніка, а палове на восьмую, па Рому прыйшлі, нібыта зь Ленінскага РУУС. Сказалі, што затрымліваць ня будуць, маўляў, нават пашпарт ня трэба браць. Але праз тры гадзіны тэлефон Ромаў стаў недасяжны.
Я пачала яго шукаць. Толькі праз 7 гадзін мне пазваніў сьледчы, які сказаў, што Раман у іх і яго адправяць у ІЧУ на трое сутак, а пасьля ці адпусьцяць, ці перавядуць у СІЗА.
Не адпусьцілі. Ужо тры месяцы ён знаходзіцца ў СІЗА. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках (частка 2 артыкула 293 КК). Яму пагражае ад 3 да 8 гадоў зьняволеньня. Вінавацяць, што нібыта ён кінуў у кагосьці ці кудысьці камень.
Расьпісацца ў СІЗА — гэта была мая ідэя. Я хацела яго падтрымаць — сваякоў у Ромы няма, толькі мама, зь якой ня самыя лепшыя стасункі. Таму ў яго толькі я і сябры. І я сказала, што пастараюся, каб нас расьпісалі ў СІЗА.
Для гэтага спачатку бярэш дазвол у сьледчага. Калі ён дазваляе, то ідзеш у ЗАГС, паказваеш гэтую паперу. Там адзін блянк запаўняеш сама, другі вязеш у СІЗА. Плаціш мыта — і пасьля «выязная рэгістрацыя» празь некалькі дзён.
У дзень шлюбу я заехала ў ЗАГС па работніцу, прыехалі ў СІЗА. Там у невялікім пакоі ўсё і адбылося. Жанчына зачытала свае цырыманіяльныя словы, мы з Ромам паставілі подпісы — і ўсё. Сьведак не было. Прысутнічалі толькі мы, тая жанчына з ЗАГСу і двое канвойных.
Нельга было зрабіць нават фота — тэлефон жа ў СІЗА не пранясеш. Таксама не дазволілі адзець Раману шлюбны пярсьцёнак, нават хаця б на пару сэкундаў.
Мы абняліся — і Рому павялі. Спатканьня ніякага не далі. Цяпер будзем чакаць суду.
Атрымліваецца, буду жонкай палітвязьня. Хочацца спадзявацца на лепшае, але ж я бачу, што адбываецца навокал. Калі Раману дадуць тэрмін — ну што ж зробіш. Трэба будзе чакаць.
Але я ні пра што не шкадую.
Мая мама ўспрымае Рамана амаль як свайго сына. Таму і бацькі, і сябры падтрымалі маё рашэньне — супраць ніхто ня быў і ніхто мяне не адгаворваў“.
„Сябры пасьля турмы сказалі, што добра выглядаю“
Кацярына, сядзела 12 дзён:
„На «сутках» я была з касмэтыкай. Мае сваякі перадалі мне вялізны пакет сродкаў догляду скуры, бо ведалі, што яна ў мяне дастаткова праблемная. І ўсе вельмі сьмяяліся, бо дзяўчатам паклалі рулёны туалетнай паперы, а мне — скрабы, увільгатняльныя крэмы, міцэлярную ваду.
Самае галоўнае, што я таксама дзяўчатам сваім перадавала, — гэта антыбактэрыяльнае мыла. Я ўмывалася выключна ім, бо ў камэры вельмі шмат мікробаў, бактэрый. І абавязкова пасьля — увільгатняльны крэм, бо недахоп паветра вельмі сушыць скуру.
У нас не было гарачай вады. Быў лайфхак: мы бралі бутэлькі з вадой і ўкручвалі іх у коўдру, калі клаліся спаць, для таго, каб вада стала хаця б пакаёвай тэмпэратуры. Гэта была галоўная наша забава — цэлы дзень даглядаць сябе. Дзяўчаты мылі галаву празь дзень. Замест фэна выкарыстоўвалі ручнік: закручваеш яго ў каўбаску, нахіляеш галаву і пачынаеш узьбіваць валасы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАНас у «палаце» было 10 чалавек і, хоць яна разьлічаная на 10 ложкаў, была вельмі маленькая. Таму, калі гаварыць пра заняткі спортам, то гэта максымум расьцяжка, інакш ты проста забіраеш кісларод, якога і так бракуе. А калі ў нас быў шпацыр (тры разы за ўвесь час), мы зь дзяўчатамі абавязкова трэніраваліся: прысяданьні, скачкі, адцісканьні.
Калі хтосьці актыўна пратэстуе, парада — абавязкова зьняць пазногці. Шэляк (доўгатэрміновае пакрыцьцё) быў вялікай праблемай. Мне пашанцавала, бо я зьняла пакрыцьцё, калі яшчэ быў каранавірус актыўны. У каго быў шэляк, пазногці за 10 дзён так адрасьлі — чапляліся, ламаліся да крыві.
Першыя чатыры дні мы ня елі ад стрэсу, а пасьля зьявіўся апэтыт. Таму я сачыла за вагой. Я, напрыклад, дома ем толькі бялковую ежу і гародніну, а тут цябе кормяць кашамі з малаком, у перадачках — хлебцы, арэхі і каўбаса сыравэнджаная. Я пасьля турмы не магу наагул глядзець на каўбасу! Калі раней гэта быў жаданы ласунак, які дазваляеш сабе на нейкае сьвята на бяседзе, пару скрылікаў, то цяпер для мяне гэта асацыяцыя з турмой — усё! Дык вось, у ізалятары ў мяне была ўмова — ня есьці пасьля шасьці. Нас кармілі апошні раз у 17:00—17:30 — і ўсё на гэтым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЗразумела, што гэта ўсё жудасна і няправільна. Ня буду паглыбляцца ў падрабязнасьці таго, што там адбывалася. Але мы сябе настроілі калектыўна на добры лад. Бо тое, чаго дабіваюцца ў турме, — каб ты пазбавіўся прыгажосьці, характару, трываласьці, сілы волі. А калі ты перамагаеш свой страх, стрэс, ты можаш і там існаваць (у нас тады яшчэ не забіралі матрацаў).
Мы ў камэры ладзілі забавы, прыдумлялі м’юзыклы, пісалі песьні і вершы. Калі я выйшла, мне мае сябры сказалі: ды ты добра выглядаеш! Пазытыўнае мысьленьне — адна з галоўных перадумоў. Плюс антыбактэрыяльнае мыла“.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦАРэната, сядзела 14 дзён:
„Самае галоўнае — гэта добры настрой, сон, сьвежае паветра і халаднаватая вада. Я сабе не дазваляла замаркоціцца, бо ўсё ўжо здарылася — трэба пражыць і гэты этап жыцьця.
Сьмех дапамагае разрадзіць абстаноўку і прымушае нэрвавацца наглядчыкаў. Сьпяваньне любімых песень, перастукваньне з суседзямі. Зарадка, ёга — хто што любіць.
Гімнастыка для твару — проста знаходка! Пашанцавала, што адна дзяўчына ведала практыкаваньні, рабілі амаль штодзень. Я выйшла са сьвежым тварам і безь сінякоў пад вачыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦАУмываньне халаднаватай вадой бадзёрыла ранкам. Шампунь мне дастаўся ад валянтэраў, але ў Жодзіне давалі бутэльку на камэру і лазьневае мыла. Пасьля шампуню апалосквала валасы халоднай вадой, каб лускавінкі закрыліся. Паціскаеш валасы, пакуль вільготныя — і кучаравінкі на месцы.
Калі не выводзілі на шпацыр, дапамагала фортка. Калі не было холадна, тры дні правялі з прачыненым акном, на ноч завешвалі курткамі. Лепш сьвежае паветра, чым духата.
Сьвятло на ноч не выключалі, а маскі для сну зь перадач выкідалі, таму даводзілася вынаходзіць нешта. Спаць у капюшоне выдатна, але не ва ўсіх ёсьць.
Я прыдумала маску для сну са звычайнай блакітнай аднаразовай маскі і жаночай пракладкі. Усё цудоўна прыклейваецца і крыльцамі фіксуецца, можна нават дзьве прымацаваць. Цемра забясьпечаная, а значыць, і глыбокі паўнавартасны сон. Гумкі ня ціснуць, за ноч маска не спадае. Я сабе на памяць нават дадому прывезла.
Пракладкі ўсім перадавалі, у нас іх шмат было, таму не шкада. Мы спэцыяльна адвярнуліся сьпінамі ад камэры і тварылі на стале. Наглядчык зайшоў паглядзець, што мы такое робім. Пасьля, калі новенькіх да нас падсялялі, ім па дарозе расказвалі, што мы і маскі самі робім, і дзьверы ў туалеце змайстравалі. З прасьціны: адзін канец з дапамогай жгута з пакетаў злучылі з ложкам, а другі, калі трэба было, да сьцяны прывязвалі“.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦААляксандра, сядзела 20 дзён:
„У нашай камэры было шмат чаго. Са стандартнага — шампунь, гель для душу, крэм для рук. Але не хапала «ўмывалкі», крэму для твару і бальзаму для валасоў. Хаця стаялі розныя незразумелыя слоічкі з карэйскай касмэтыкай, якія многія асьцерагаліся спрабаваць — магчыма, там штосьці патрэбнае і было.
Пакуль сядзелі на ЦІПе, думалі маску з аўсянкі рабіць, але да гэтага не дайшло (усьміхаецца).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦАВаду грэлі ў бутэльках на батарэях. Нават былі сваркі, што хтосьці ўзяў замнога, калі ішлі мыцца: нас сядзела шмат у камэры (15-19 чалавек), а на батарэю мала бутэлек зьмяшчалася.
Зборы на выхад пачыналіся за дзень да гэтай даты. Звычайна гэта быў «душ» з бутэлек. Пасьля — глябальнае мыцьцё рэчаў, каб пакінуць іх новенькім. Перад выхадам усе запляталі каласкі. Укладку зрабіць ня можаш, а так хоць з кучаравінкамі выйдзеш. Хтосьці заплятаў 2-3 коскі, а хтосьці і 20. А гумкі для гэтага ад масак адрывалі.
Быў у нас ці то крэм для цела, ці то мус. Мы намазваліся ім замест духоў, каб хоць неяк прыемна пахнуць.
Дзяўчаты зьбіраліся загадзя, бо маглі адпусьціць раней. Таму пасьля ўсіх збораў пачыналася пакутлівае чаканьне. Асабліва гэта адбівалася на кучарах, якія пасьпявалі распусьціцца“.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – люты 2021. Мы сьведкі. „Паглядзела яго картку і ўбачыла месца працы — АМАП“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
„Усе падумалі, што гэта тэатральная пастаноўка“
Настасься Доль, мэнэджэрка гурту „РСП“:
„13 лютага на базе адпачынку «Агеньчык» пад Смалявічамі амапаўцы затрымалі ўдзельнікаў канцэрту, на якім мусілі выступіць гурты «Разьбітае сэрца пацана», Panska Moc, Ok-Band, сьпявачка Lear. У МУС падзею ахарактарызавалі коратка: «Актывісты дэструктыўных тэлеграм-каналаў сабраліся пад выглядам вечарынкі».
У выніку амаль усіх, акрамя непаўналетніх дзяцей і маладых маці, якіх адпусьцілі, пачалі судзіць, прызначаючы «суткі» і штрафы. Я вызвалілася з жодзінскага ізалятара са штрафам 30 базавых.
Падобныя канцэрты на турбазе «Агеньчык» праходзілі і раней, але ўпершыню сталі мішэньню для міліцыі. Некалькі сьцягоў, канфіскаваных у людзей пры затрыманьні, міліцыянты адразу кінулі на падлогу.
Пачала сьпяваць у 20:00 Lear. Пасьля яе на сцэну выйшлі хлопцы з «РСП». Яны пасьпелі выканаць усяго адну песьню, «Бег», як у памяшканьне ўварвалася каля 30 амапаўцаў і іншых супрацоўнікаў міліцыі. Яны нічога не тлумачылі, проста загадалі ўсім стаць тварам да сьцяны і пачалі забіраць у людзей тэлефоны.
Першыя хвіліны гледачы і артысты думалі, што адбываецца шоў ад «РСП», нейкая тэатральная пастаноўка, якая хутка скончыцца. Але неўзабаве стала зразумела, што ўсё гэта па-сапраўднаму. Амаль усіх удзельнікаў адвезьлі ў Смалявіцкі РАУС, дзе мы прасядзелі ў актавай залі да наступнага дня.
Мы пастаянна чулі там ад супрацоўнікаў міліцыі іхную вэрсію падзей: што мы сабраліся на несанкцыянаванае мерапрыемства, каб выказваць сваё незадавальненьне дзейнай уладай. На нас склалі пратаколы «пад капірку» — 1-я частка артыкула 23.34 КаАП. Мяне і ўдзельнікаў гурту павезьлі ў жодзінскі ізалятар каля 17:00 14 лютага. З моманту затрыманьня нас, вядома, не кармілі. Але хаця б вадзілі ў прыбіральню, дзе мы маглі піць ваду з-пад крана. Толькі вечарам наступнага дня ўжо ў Жодзіне далі кіслай капусты.
У камэры на восем месцаў я апынулася ў кампаніі чатырох дзяўчат.
Гэта вельмі яркі ўспамін, бо мы былі ў пальчатках, паліто і куртках, але ніяк не маглі сагрэцца. Усе прачыналіся ад холаду: матрацаў не было, мы спалі на жалезных нарах. А батарэя грэла зусім слаба.
Суд цягнуўся каля пяці хвілін, і я шчыра зьдзівілася, што мне далі штраф. Калегам пашанцавала менш: ужо вядома, што сьпявачцы Lear і клявішніку, вакалісту «РСП», актору Паўлу Гарадніцкаму і басісту Андрэю Восіпчыку прысудзілі па 15 сутак.
Чаму АМАП «накрыў» канцэрт? Самі міліцыянты намякалі, што нас «здалі» з фармулёўкай «там будзе адбывацца нешта забароненае». Пры тым, што раней праблем з канцэртамі на гэтай жа базе адпачынку не было, у такім фармаце вечарыны праходзілі там ня першы раз.
Нібыта гэта зьвязана са зьменай уласьніка пункту. Але гэта ўсё выключна падазрэньні“.
„Мы ляжалі ў крыві, а яны на нашым фоне рабілі сэлфі“
Аляксей Несьцярэнка, 32 гады, лекар-псыхіятар, загадчык наркалягічнага аддзяленьня РНПЦ псыхічнага здароўя:
„10 жніўня я вяртаўся з працы дадому на ровары. У пяць вечара патэлефанаваў жонцы, што еду дадому, зьмяніў доктарскі халат на шорты з майкай. Улетку я перасеў на ровар, а машыну аддаў жонцы, ёй больш патрэбна: сярэдняя, пяцігадовая дачка мае інваліднасьць, хваробу Пэртэса, трэба пастаянна вазіць малую на фізыяпрацэдуры. А мне на ровары ў добрае надвор'е і з настроем 40 хвілін язды. Шлях праходзіў ад РНПЦ псыхічнага здароўя міма стэлы да мэтро «Маладзёжная». Звычайны маршрут. Незвычайны быў толькі дзень — наступны пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
Напярэдадні грукат, выбухі — усё гэта адбывалася літаральна ў нас пад вокнамі, усё было чуваць. Раніцай мне на працу. Жонка кажа: «Ня трэба праз гэтую стэлу, едзь па Арлоўскай, зрабі крук». Арлоўская тады была ўся на рамонце. Я сказаў жонцы: «Ну чаго я ў сваёй краіне, у сваім горадзе буду хавацца і дабірацца абходнымі шляхамі? Я нічога не раблю супрацьпраўнага. Паеду сваім маршрутам». У тэлеграм-каналах праскоквала інфармацыя, што чакаюцца мітынгі ў сем-восем гадзін. Але ў мяне працоўны дзень заканчваецца ў пяць, і я падумаў, што пасьпею праскочыць дадому“.
Жонка Вольга:
„Я той вечар памятаю па сэкундах. Паглядзела на гадзіньнік, з хвіліны на хвіліну павінен вярнуцца. Я паставіла суп у мікрахвалёўку. Чакаю. Не заходзіць. Пяць хвілін. Не заходзіць. Тэлефаную — не дасяжны. Можа, разрадзіўся тэлефон? Можа, пацыент новы паступіў? Тэлефаную калегу на працу: «Даўно выехаў». Пачынаю хвалявацца: нешта ня тое, муж ніколі не затрымліваўся. Ён настолькі дамашні: праца-дом-сям’я-дзеці — мара кожнай жанчыны. Першая думка: аварыя! Стала шукаць па навінах «ровар-машыны-ДТЗ»“.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦААляксей:
„Мне да дому заставалася хвілін 10-15 максымум. На праспэкце Машэрава каля дарогі стаяў аўтазак. Ад яго хуткім крокам аддзялілася фігура ў чорным і рынулася ровару напярэймы з крыкам «Стаяць!»
Стаю. Сілавік ухапіўся за ровар: «Я лічу, што вы разумееце, чаму я вас спыняю. Вашы дакумэнты!». За сьпінай вырасьлі яшчэ дзьве постаці ў чорным. Дакумэнтаў пры сабе не было. «Разблякуйце тэлефон!». Паглядзелі фота, паведамленьні, Telegram: «О, у яго яшчэ і інтэрнэт працуе! Усё, пакуем!»
Сеціва зьнікла яшчэ напярэдадні. Я ўсталяваў сэрвіс для абыходу блякаваньня, і тэкставыя паведамленьні зь цяжкасьцю, але даходзілі. Гэта, думаю, і было галоўнай прычынай затрыманьня.
Перад мной раварыст ехаў, мужчына за 50, яго спынілі і адпусьцілі. А мяне забралі. За што? Бачаць: едзе здаровы мужык, лысы, на ровары, з заплечнікам, ды яшчэ і інтэрнэт у яго працуе, і на Нехту падпісаны. Пачынаю тлумачыць: «Я доктар, бюджэтнік, ды мяне з працы выганяць, калі я траплю ў нейкі закалот. Дадому еду, вось мой дом». Думаў, тое, што я лекар, мне дапаможа. Але ім было ўсё роўна: «Нешта ў вас, значыць, ідэалягічны аддзел дрэнна працуе». Трымае мой ровар, другой рукой бярэ мяне пад руку, пакуль яшчэ «ласкава»: «Ідзі сам, альбо зая*ошым зараз». І ў гэты момант усё падзялілася на «да» і «пасьля».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПадвялі да дзьвярэй аўтазака. Першае, што кінулася ў вочы, — сьцены і падлога, залітыя крывёй. І тут жа — першы ўдар дубінай па сьпіне. Заламалі рукі, угнуўшы тварам да зямлі: «Жывёла, пачвара, пайшоў, хутка-хутка-хутка». І закінулі ў «будку» задняй часткі спэцтранспарту, дзе ўжо былі людзі. Палова на шостую вечара. У горадзе на той момант было абсалютна спакойна. Яны выхоплівалі зусім выпадковых людзей. Адзін, студэнт, на самакаце ехаў. Другога, мужчыну гадоў 40, забралі, калі ён з крамы ішоў, яго жонка па тварог паслала, ягоны дом побач.
Я яшчэ зьдзівіўся, калі ўбачыў, што амапаўцы пакет з прадуктамі разьбіраюць, падумаў, як яны ў такім рыштунку ў краму ходзяць? Многіх з парку Перамогі цягнулі. Ніякіх тлумачэньняў ніхто і слухаць не хацеў. Загрузілі і павезьлі. Нас было восем. Куды едзем, не відаць. Разам лічылі павароты. Мяркуючы па ўсім, гэта была пляцоўка за музэем Вялікай Айчыннай вайны. Пачалі па адным выводзіць і перакідаць у іншы аўтазак. Звонку чуваць гул натоўпу: «У-у-у-у-у-у-у». Клянуся, як на футбольным матчы. Адчуваньне, што цябе там рыхтуюцца забіваць. Ты плывеш сьвядомасьцю, карціна сьвету разбураецца.
Адчыняюцца дзьверы, цябе хапаюць за каршэнь, рукі заломваюць, мордай уніз: «Пайшоў, пачвара, жывёла, сука, хутка!» Ад уваходу да ўваходу двума шэрагамі стаяць амапаўцы. Чакаюць, накручваюць сябе: «У-у-у». Ты прабягаеш праз гэтую «алею» ў паўсагнутым стане, твар на ўзроўні каленяў, нічога ня бачыш. І з усіх бакоў цябе малоцяць дубінкамі. У галаве поўнае неразуменьне, бязладзьдзе. Чаканьне таго, што цяпер разьбяруцца і адпусьцяць, зьнікла само сабою.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА«Стакан» у аўтазаку — гэта мэталічная шафа мэтар на мэтар з лаўкай. Калі на яе сесьці, калені ўпіраюцца ў сьцяну. З вэнтыляцыі — тры дзіркі ўверсе і ўнізе. Зьверху цьмяная лямпачка ў ахоўным корабе, які займае палову прасторы столі так, што стаяць выпрастаўшыся немагчыма. Месца хіба для дваіх.
Нас было пяцёра ў гэтай кансэрвавай бляшанцы. Мы стаялі прыгнуўшыся, адзін у аднаго на нагах, а на падлозе ляжаў чалавек, увесь у крыві. Усяго ў Кастрычніцкім РУУС, куды нас прывезьлі, было 65 затрыманых, па іх жа словах. І гэта толькі шэсьць-сем вечара, да пачатку беспарадкаў у горадзе!“
Вольга:
„Да 7 вечара я пакінула дзяцей на суседку, узяла дакумэнты і пайшла ў міліцыю пісаць заяву аб прапажы мужа. Шлях ляжаў праз Кальварыйскую, дзе ўжо зьбіраўся народ і ўсё «кіпела». РУУС было закрытае. Супрацоўнікі перамаўляліся празь мікрафон на дзьвярах. Заявы не прынялі. Параілі: «Абзвоньвайце лякарні, моргі; калі там нічога, тады прыходзьце».
Інтэрнэту няма, я даведваюся тэлефоны лякарняў, СІЗА, РУУС. Дзеці сьпяць, а я абзвоньваю моргі і апісваю, як ён выглядаў, якога ўзросту. Яны гартаюць журналы, паведамляюць, ёсьць такі чалавек ці не. Адчуваньні яшчэ тыя! У 102 немагчыма датэлефанавацца. Зь дзевяці РУУС трубку зьнялі толькі ў двух. У 11:00 вечара мяне падмяніла сяброўка, а я паехала ў Цэнтральнае РУУС. Але і там ня сталі размаўляць. Каля агароджы стаялі супрацоўнікі, я да іх. Адзін зьлітаваўся, патэлефанаваў некуды, сказаў, што ў сьпісах затрыманых няма.
Куды далей? Усё перакрытае, навігатар не працуе, вакол мітынгі, я спынялася каля пастоў міліцыі, спрабавала нешта дазнацца. Ня ведаю, якім цудам мяне не затрымалі. А другой гадзіне ночы вярнулася дадому і зноў села на тэлефон. Сну ні ў адным воку, магутны выкід адрэналіну. Мне ўдаецца датэлефанавацца ў 102. Дзяўчына мілым голасам: «Давайце, прыму заяву, да вас выедзе супрацоўнік». Я прачакала да раніцы, ніхто так і не прыехаў“.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦААляксей:
„Увесь гэты час я стаяў на каленях, уткнуўшыся лбом у асфальт, са сьцягнутымі за сьпінай рукамі ў дворыку Кастрычніцкага РУУС. Адзеньне пасьля язды ў душным аўтазаку было мокрае. Пад ноч ад холаду здавалася, што застыла нават кроў. Дазволілі легчы на жывот, але па-ранейшаму носам у тратуарную плітку. Варта было павярнуць галаву на бок, тут жа падбягалі і білі. Глядзець на іх было нельга. Яны быццам баяліся прамога позірку, хоць і былі ў масках. Сьціснуўшы зубы, я маўчаў і цярпліва ўсё трываў. Хто скардзіўся, прасіў чаго-небудзь, таго бязьлітасна білі. «Галава здранцьвела? На табе!». «Нага баліць? Новую адгадуеш». «У прыбіральню? Сцы пад сябе!» Людзі ляжалі ў крыві, у мачы, з разьбітымі тварамі, сінімі рукамі і нагамі. Дарослыя мужыкі вылі і стагналі ад болю. Але чым больш ты пярэчыў або крычаў, тым больш іх гэта раздражняла.
З самага пачатку, як ты туды трапляеш, цябе з усіх бакоў акружае гвалт. Тату на назе? Па назе ўдараць. На руцэ — руку адаб'юць. Доўгія валасы, завушніцы, тату — любыя адметныя рысы выклікалі агрэсію. Усё гэта шакавала. Я думаў: «Я ж нічога не раблю, не супраціўляюся, не аспрэчваю твае ўказаньні, спакойна паводжуся. Ты кажаш — на калені, я станаўлюся на калені, ты кажаш — тварам у зямлю, я станаўлюся і стаю, колькі трэба, чаму ты так агрэсіўна да мяне ставісься?» Ты выконваеш усе іхныя загады, але пры гэтым яны цябе ненавідзяць: «Пачвара, у*бак, мудак, жывёліна».
Яны зьдзекаваліся з пачуцьцём поўнай беспакаранасьці. Гэта нагадвала вайсковую дзедаўшчыну, калі хлопцаў падымалі і прымушалі хорам крычаць: «Менскі АМАП самы лепшы!». Калі яны не ва ўнісон крычалі, іх білі і прымушалі пачынаць спачатку. І гэтая жорсткасьць, як зараза, распаўсюджвалася на ўсіх.
Хтосьці, можа, і хацеў быць дабрэйшым, але, гледзячы на іншых, пачынаў паўтараць. Гэта было добра відаць, калі амапаўцы ў РУУС прывозілі новую партыю затрыманых. Да гэтага супрацоўнікі міліцыі падыходзілі і аслаблялі сьцяжкі на руках або ў туалет выводзілі. А калі прыяжджалі амапаўцы, зноў паводзілі сябе жорстка. Больш за ўсё даставалася малалетнім. У аднаго знайшлі шрубы ў рэчах і сказалі, што ён хацеў прабіць колы аўтазака. Іх лупілі неміласэрна. А потым абзвоньвалі бацькоў. Не ўяўляю, як там было іх мамам-татам.
Пасьля казалі, што АМАП накармілі таблеткамі, адсюль нібыта жорсткасьць і выносьлівасьць. Але я ня бачыў ніякіх прыкметаў наркатычнага ап’яненьня або вар’яцтва, яны былі абсалютна адэкватнымі. Іх ідэалягічна накруцілі, што яны ідуць на вайну з ворагамі: рабіце, што хочаце, але павінны іх правучыць. І яны стараліся. Мы ляжалі ў два рады тварам у асфальт, а яны на нашым фоне рабілі сэлфі. Дурныя маладыя хлопцы, упэўненыя ў карціне сьвету, якую для іх намалявалі. Яны думалі, што яны пераможцы, затрымалі небясьпечных злачынцаў, што асабіста я кідаў «кактэйль Молатава» ў іх калегу.
Не было допытаў. Па чарзе ўсіх падымалі, каб сфатаграфаваць, зьняць адбіткі пальцаў; трэба было сказаць на камэру свае анкетныя зьвесткі, расьпісацца ў пратаколе. Гэта быў канвэер. У пратаколе быў напісаны нейкі абсурд, што на Партызанскім праспэкце я браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, рухаўся ў складзе групы асобаў, выкрыкваў лёзунгі: «Ганьба», «Таракан» і «Жыве Беларусь». Нават прозьвішча з памылкай. Я абурыўся, што наогул быў у іншым месцы. Тады яны проста закрэсьлілі слова «Партызанскі», зьверху напісалі «Пераможцаў» і адвялі мяне далей стаяць на каленях.
На досьвітку павялі ў падвальнае памяшканьне, якое нагадвала канфэрэнц-залю, пасадзілі на крэслы і пачалі праводзіць палітінфармацыю. «На каго ты працуеш? Хто табе плаціў, прызнавайся?!» — уздымаў сілавік кожнага за шкірку. Гэта былі студэнты гадоў 19-20. Яны былі напалоханыя: «Я не разумею, пра што вы кажаце». Кожнага білі па галаве: «Прызнавайся, колькі табе заплацілі, прызнавайся!». Калі дайшоў да другога шэрагу, прытаміўся і ўжо не ўздымаў па адным, а проста зьверху дубінай усіх біў: «Пераменаў вам трэба? Наце!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦА«Сядзь нармальна! Галаву — ніжэй каленяў», — упячатаў ён са злосьцю кулак у каляных пальчатках мне ў патыліцу. За сталом сядзелі яго калегі і сьмяяліся: «Вы нас мучылі, цяпер мы вас памучаем. Пераменаў вам трэба? Дык мы вам яшчэ Цоя зараз уключым». Потым — зноў у двор на калені. Абурэньне, гнеў і вар’яцкая стомленасьць — усе пачуцьці ў той момант былі на мяжы…
Раніцай прыехалі бусікі і нас адвезьлі ў Кастрычніцкі аддзел Дэпартамэнту аховы МУС. Адвялі ў спартзалю, рукі перашпілілі наперад, далі кожнаму вады, прапанавалі схадзіць у туалет і нават спыталі, ці ёсьць скаргі на здароўе. Такая гуманнасьць пасьля 12 гадзін катаваньняў была нечаканай. Нам дазволілі легчы на падлогу. Пасьля жудаснага стрэсу, бяссоннай халоднай ночы ў нязручнай позе без вады, яды, сну, са сшэрхлымі ад сьцяжак рукамі, абадранымі каленямі я ўмомант вырубіўся. Неўзабаве прыехалі амапаўцы. Сказалі, павязуць на суд.
Рукі зноў за сьпіну, галаву ўніз, і цябе зь нянавісьцю цягнуць па сходах так, каб ты спатыкаўся, біўся аб усё, ілбом лічыў прыступкі. І з разгону, зь сілай закідваюць у аўтазак. Я выцінаюся галавой аб вушак і адчуваю пясок у роце — адкалоўся кавалак зуба. Цяпер у «стакане» нас чацьвёра. Куды едзем, ніхто не гаворыць. Мы зразумелі, што выехалі за горад, калі перасталі паварочваць і спыняцца на сьвятлафорах. Адразу выказалі здагадку, што ў Жодзіна. Калі б я ведаў, што на Акрэсьціна тады адбывалася, я б узрадаваўся, а так думкі былі толькі, як буду дабірацца назад, як паведамлю сям'і, што я там.
Каля турмы сабралася чарга з аўтазакаў. Жалезныя фургоны, бітком набітыя людзьмі, гадзінамі стаялі на разгрузку. Гэта было самае цяжкае выпрабаваньне.
Калі машына едзе, паветра пранікае крышку празь дзіркі ў дзьвярах. Калі стаіць, вэнтыляцыі няма наогул, усё заканапачана. А на вуліцы плюс 22. Гарачыня. Пот градам. Руху няма. Паветра не хапае. Мы стаім ушчыльную адзін да аднаго, мой пот цячэ на іншых, іхны пот — на мяне. На сьценах выпарэньне такое, што кроплі сьцякаюць. Горш, чым у лазьні. Вады не даюць. Галава кружыцца. Просім: «Адчыніце дзьверы. Мы ня будзем разьбягацца». — «Зараз, зараз». У аднаго затрыманага пачалася паніка: «У мяне хворае сэрца, я зараз памру, адчыніце». У суседняй камэры кагосьці званітавала, потым яшчэ камусьці стала дрэнна.
У той момант у мяне пачалася дэпэрсаналізацыя-дэрэалізацыя, як быццам гэта ўсё не са мной адбываецца. Адчуваньне нерэальнасьці, адчужэньня, калі сьвядомасьць як бы адплывае ўбок, як у паўсьне. Такое бывае пры высокай тэмпэратуры, за 40. Тады яны пачалі адчыняць дзьверы і даваць вады, вырываючы бутэльку пасьля першага ж глытка і аддаючы наступнаму. Гэтыя тры гадзіны кашмарнай душагубкі, пасьля якой магчымасьць зрабіць удых — найвышэйшая ступень шчасьця. Ёсьць чым дыхаць — ужо добра“.
Вольга:
„Тым часам я адвяла малодшую дачку ў сад і пабегла на Акрэсьціна. У якія дзьверы не пастукаюся — усюды груба адказваюць, траха не прамым тэкстам пасылаюць. Каля плоту натоўп людзей, усе — першы раз, ніхто ня ведае, што рабіць. На шчасьце, знайшліся валянтэры, якія пачалі складаць сьпісы. Але гэта можа і гадзіна, і дзень прайсьці, каб даведацца, ці ёсьць тут чалавек, які табе патрэбен. У гэты ж дзень я была каля брамы турмы ў Жодзіне. І там натоўп людзей. На пасту аховы груба адмахнуліся: «Нічога ня ведаем, сьпісаў няма, прэч. Едзьце ў СІЗА».
Я аб'ехала ўсе РУУСы, спрабуючы даведацца, за што затрымалі мужа і дзе ён. У Кастрычніцкім РУУС мяне сустрэлі ледзь не з абдымкамі: «Так, сапраўды быў такі, памятаем, адправілі ў той жа вечар, з рэчамі і роварам. Ой, што ж ён не сказаў, што лекар».
Я зьехала са спакойнай душой, дзякавала ім і думала, якія добрыя людзі... Тады я яшчэ ня ведала, што там іх суткі катавалі.
І вось я зноў каля турмы: «Мне сказалі, што ён тут, я прывезла яму цёплыя рэчы». У адказ: «Сьпісаў у нас няма. Будуць сьпісы — будзе чалавек. Няма сьпісаў — няма чалавека»“.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦААляксей:
„Канваіры ў Жодзіне прынялі спакойна, адразу зьнялі сьцяжкі і наогул дзівіліся, навошта іх надзявалі. Кісьці занямелі, боль быў такі моцны, што я ня мог падняць рукі нават на 30 градусаў. Павялі калідорамі: дзьверы — да сьцяны — дзьверы — да сьцяны. Упершыню ішлі нармальна, а не галавой у падлогу і рукамі ўгору. Людзей паступала вельмі шмат, і яны ледзь спраўляліся з такім патокам. Працэдура надгляду ў лекара адбывалася на вачах ва ўсёй чаргі: разьдзяваесься дагала, прысядаеш — ня дай Бог нешта пранёс. Супрацоўнікі турмы, гледзячы на натоўп пабітых, апухлых, чорных ад сінякоў і фінгалаў, з разарванымі ззаду штанамі, былі ашаломленыя: «Здурнець, во менскія жандары там ужо стараюцца». Ставіліся больш-менш па-чалавечы. Але ўмовы былі нечалавечыя.
Камэры ўжо былі перапоўненыя. На дзесяць ложкаў 34 чалавекі. Паветра мала. Форткі адчыняліся толькі на праветрываньне на 10 см. На прагулкі не выводзілі, у душ таксама (хоць па раскладзе павінны былі), перадач не перадавалі. На ложках — прасьціны і наўлечкі, але невядома, якой даўнасьці. Спалі па чарзе, «валетам», хтосьці ўладкоўваўся на стале, пад сталом, падаслаўшы коўдру на падлогу. Духата. Заснуць цяжка. Сьвятло гарэла і ўночы. Але быў кран з вадой, і кармілі! Ячная каша або сечка. І хлеб з узварам. На сьняданак, абед і вячэру.
Гэта былі асобныя камэры, «для палітычных». Некаторыя яшчэ з «бабарыкаўскіх» часоў сядзелі, зь ліпеня. Адзіны прыемны ўспамін тых дзён — гэта людзі, неймаверная атмасфэра падтрымкі. Сядзелі людзі розных прафэсій: афіцыянт, кіроўца таксі, кухар, дацэнт БДУ. Не было ніводнай асацыяльнай асобы. Гулялі ў гарады, прыдумлялі нейкія гульні з хлебнымі кубікамі. Гэта быў асаблівы сьвет. У гэты ж дзень прывезьлі Андрэя Ткачова, заснавальніка ініцыятывы ByCOVID-19, зь сябрам Кімам, тайбаксэрам.
Мне адразу твар Андрэя здаўся вельмі знаёмым. Падчас першай хвалі пандэміі ён развозіў па лякарнях маскі, рэсьпіратары. Ён быў пабіты страшна, увесь сіні, уся сьпіна была спаласаваная палкамі, разьбітая галава, яго ванітавала. Мы спрабавалі дастукацца, каб яму выклікалі «хуткую». Мясцовая фэльчарка паглядзела і вырашыла, што дапамога не патрэбна. Сябар ягоны таксама ледзь рухаўся па камэры: яго больш білі па нагах, ад пояса і да пятак усё было сіняе.
Суд праходзіў на трэці дзень пасьля затрыманьня. «І як жа гэта вас так собіла? — з дакорам пыталася судзьдзя суду Лагойскага раёну з прозьвішчам Сарахман. — Што ж вы так неакуратна. Трэба выбіраць маршруты!.. Аёй, трое дзяцей, вы ж думайце, што вы робіце!». Выслухала гісторыю і мае тлумачэньні і сказала: «Давайце трыма днямі і абмяжуемся». Праз паўгадзіны мяне павялі па рэчы“.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – люты 2021. Мы сьведкі. „Паглядзела яго картку і ўбачыла месца працы — АМАП“. АБНАЎЛЯЕЦЦАВольга:
„Але ў сьпісах у Жодзіне Аляксея так і не было ні на наступны дзень, ні празь дзень. Такое ўражаньне, што ён прапаў дзесьці па дарозе. На дапамогу я выклікала сьвякроў, бацьку, сястру мужа. Усёй сям’ёй мы стаялі пад сьценамі турмаў. То на Акрэсьціна, то ў Жодзіне. Дзьве ночы бяз сну. Цяжэй за ўсё было растлумачыць дзецям, дзе падзеўся тата.
Кожны вечар мы разам укладвалі іх спаць і чыталі казкі: ён сыну, я — дочкам, а потым наадварот. А тут яны наогул лажыліся самі. Мама то на тэлефоне, то ў Жодзіне, то на Акрэсьціна. У іх двайны стрэс, бацькі прапалі абое. Пытаюцца, дзе тата, а я ня ведаю, што адказаць: першую ноч казала, што ён дапамагаў параненым, другую — што лячыў дзяцей ад каранавірусу.
На трэці дзень зьявілася інфармацыя, што людзей пачалі выпускаць. Я сабралася на Акрэсьціна. Знаёмыя папярэджвалі: «Ня трэба, там АМАП затрымлівае тых, хто перадачкі прынёс». А я ў адну руку — пасьведчаньне пра шматдзетнасьць, у другую — пра інваліднасьць. Думала, што гэта падзейнічае на тых, хто асьлеп ад нянавісьці да людзей. Там была велізарная чарга з машын. Толькі прыпаркавалася, патэлефанавала незнаёмая дзяўчына: «У мяне кавалак паперы з тэлефонамі, ваш муж прасіў перадаць, што ён у Жодзіне».
Вярнуліся дадому, паўночы зьбіралі перадачку. А 8-й раніцы ў Жодзіне мы былі 86-я ў чарзе. Празь дзьве гадзіны выйшаў супрацоўнік турмы і сказаў, каб не перадавалі нічога да рашэньня суду. Мы ведалі, што па сканчэньні трох сутак, калі няма прысуду суду, чалавека павінны выпусьціць. Вырашылі пачакаць. І да самага вечара стаялі, як слупкі каля брамы, на самым пачатку доўгага калідора зь людзей, якія чакалі блізкіх. У 18:30 ён выйшаў“.
Аляксей:
„Я ішоў на свабоду з думкамі, як буду хавацца і дабірацца лясамі дадому. Была ўпэўненасьць, што проста на выхадзе, дзе-небудзь за рогам схопяць і прывязуць назад. Нават жонцы вырашыў патэлефанаваць, толькі калі ўжо дабяруся да Менску, каб яе таксама не забралі.
Добра б я адзін так разважаў, але там ва ўсіх толькі пра гэта і размовы былі: як выбірацца, каб не засеклі. Прайшоўшы праз сутачны галакост, людзі былі такія зламаныя, што панічна баяліся любога незнаёмца. Уцякалі ад валянтэраў, якія прапаноўвалі бясплатна адвезьці: басанож, у адной красоўцы, нацягнуўшы на вочы капюшон.
Я чакаў убачыць за варотамі чыстае поле, а ўбачыў натоўп і жонку наперадзе. Людзі працягвалі фатаздымкі: «А такога бачылі?», «А такі сядзіць?». Жонка спытала: «Цябе білі?» Я адказаў: «Не». А калі селі ў машыну, яна ўбачыла маю пабітую лысую галаву, запечаную кроў, сінякі на сьпіне.
Я не шкадую, што не паехаў іншай дарогай, што ўсё гэта не прайшло міма. Гэта цяжкі досьвед, які моцна зьмяніў маё ўспрыманьне жыцьця. Я выйшаў — і на мяне лінуў паток інфармацыі за гэтыя тры дні. Як з цабэрка аблілі. Да мурашак. Заяжджаем у горад, а ўздоўж дарог — жанчыны з кветкамі. Да глыбіні душы праняло. Потым быў «Марш свабоды».
Спачатку было дрэнна. Тыдзень хадзіў, як у тумане. Поўная адлучанасьць і апатыя. Некалькі начэй ня спаў. Зьявілася бясконцае трывожнае чаканьне груку ў дзьверы.
Я думаў, што па мяне зараз прыйдуць, правяраў замкі па дзесяць разоў за вечар. Жонка расказвала, што ў першую ноч я ў забыцьці выкрыкваў нейкія нецэнзурныя словы, нешта сьпяваў на незразумелай мове з грымасай «паміж слязьмі і сьмехам», ускокваў, але сам гэтага ня памятаю. Гэта была вострая рэакцыя на стрэс. Доўгі час прымаў антыдэпрэсанты. Цяпер усё мінула. Але ўспаміны яшчэ не набылі нэўтральнага тону. Хоць прайшло паўгода. Да гэтага часу, калі пракручваю ў галаве падзеі тых дзён, гэта псыхалягічна па мне б’е. Асабліва ўлічваючы, што вінаватыя не былі пакараныя і ўсё менш надзеі, што будуць.
Да жніўня я быў зусім апалітычны, ні ў чым ня ўдзельнічаў і лічыў, што гэта бессэнсоўна. Прайшоўшы праз катаваньні і быццам прачнуўся.
Я перастаў маўчаць і трываць, у мяне зьявілася актыўная грамадзянская пазыцыя. Страху няма. Ёсьць адчуваньне, што я на правільным баку. Я слова «аўтазак» даведаўся ў сьвядомым узросьце, а мая трэцягодка ўжо ведае, што ён зь сябе ўяўляе, якога колеру, на людзей у балаклавах паказвае: «Гэта АМАП». Па ідэі, дзіця павінна ведаць, як выглядае «хуткая», міліцыя, пажарныя. А аўтазак? Навошта гэта дзіцяці? Гэтыя падзеі, безумоўна, увойдуць у падручнікі гісторыі як зьмена эпох і каштоўнасьцяў.
На працы калегі падтрымалі, заступіліся перад кіраўніцтвам, для якога лекар з актыўнай пазыцыяй стаў «нязручным», нават пацыенты сустракалі аплядысмэнтамі, запаважалі: «Аляксей Віталевіч, а вы на якой хаце сядзелі?» Да ровара з тых часоў я не дакранаўся. Стаіць з пагнутымі сьпіцамі як страшны напамін. Ды і музэй ВАВ цяпер выклікае непрыемныя асацыяцыі. Празь некаторы час пасьля таго, што адбылося, Вольга пайшла ў музэй, каб даведацца, ці можна атрымаць доступ да запісаў з камэр назіраньня. Але ахоўнік толькі пасьмяяўся: «Вы што, гэта тэрыторыя супрацоўнікаў міліцыі, вам ніхто ня дасьць гэтай інфармацыі».
Пра такіх, як я, афіцыйныя ўлады потым сказалі: «Трапіў пад раздачу». Але прабачэньняў ніхто не прынёс. Я падаваў скаргу на рашэньне суду. Было тры пасяджэньні. За гэты час у сеціве зьявілася відэа пабіцьця ў Кастрычніцкім РУУС. Жыхар дома, вокны якога выходзяць на двор РУУС, у той дзень каля 18 гадзін здымаў тое, што там адбывалася. І адвакат пазнаў на відэа мяне. Гэта быў бясспрэчны доказ таго, што ягоны падабаронны ня мог з 18 да 20 вечара ўдзельнічаць у мітынгу, як было напісана ў пратаколе. Адвакат настойваў, каб прысутнічалі сьведкі, супрацоўнікі, якія затрымлівалі, але яны не зьявіліся ў суд, па скайпе на сувязь ня выйшлі, і судзьдзя пакінула ўсё ў сіле, патлумачыўшы, што ў яе няма падстаў не давяраць супрацоўнікам міліцыі. А тое відэа не палічыла важкім доказам невінаватасьці.
На наступны дзень пасьля вызваленьня я прайшоў судмэдэкспэртызу і падаў заяву ў СК па факце пабіцьця. Заяву прынялі, але з тых часоў няма і почуту. Да гэтага часу не гатовая судовая экспэртыза. На просьбу азнаёміцца з матэрыяламі праверкі даслалі адказ, што праверка праводзіцца, нічога сказаць ня можам. Затое Вольга атрымала адказ з РУУС на сваю заяву аб зьнікненьні мужа праз паўмесяца, калі муж ужо быў дома. Тэкст быў такі: «Ваш сын знаходзіцца ў Жодзіна»“.
„Забіралі двума «УАЗікамі» і трыма нарадамі“
Аляксандар Шарабайка, 49 гадоў, бодыбілдэр з Глыбокага:
„У Глыбокім мяне называюць Арні. У горадзе, у якім жыве каля 20 тысяч чалавек, праходзячы міма, адны ўсьміхаюцца (і ад гэтага на душы заўсёды становіцца сьветла, як падчас сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай, калі разумееш, колькі людзей побач, якім неабыякавы лёс Беларусі), у іншых усьмешкі нацягнутыя. Але такіх мала, і на іх я не зьвяртаю ўвагі.
Увечары 9 жніўня я прыехаў на ровары на плошчу каля райвыканкаму і на калёнцы ўключыў «Перамен» Віктара Цоя. Да мяне падцягнуліся людзі, якія прыйшлі выказаць нязгоду з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў. Міліцыя папрасіла разысьціся, маўляў, музыка камусьці перашкаджае. Прысутныя адказалі, што нікому нічога не перашкаджае, і пачалі скандаваць «Жыве Беларусь!» Пазьней нас папярэдзілі яшчэ раз, маўляў, не разыйдзецеся празь пяць хвілін — будзем караць.
Я сеў на ровар і ў 23:54 быў ужо дома.
Не пасьпеў пераадзецца, гляджу — па мяне прыехалі адразу два «УАЗікі»! Мы стаялі на вуліцы. Жонка не хацела адпускаць мяне зь сілавікамі. Адзін зь міліцыянтаў, выпадкова ці не, ударыў жонку. Пасьля невялікай сутычкі я зачыніў брамку, пайшоў дадому, пераадзеўся, выпіў каву і сеў ва «УАЗік».
Вядома, міліцыя была ў шоку. Мабыць, не чакалі, што ўсё пройдзе так спакойна. Затрымліваць жа прыехалі каля дзесяці чалавек. Але ва ўчастку я, вядома, выказаў усё, што пра іх думаю.
Мне далі пяць сутак. Спачатку пасадзілі ў камэру з журналістам. Потым прыйшоў нейкі начальнік і загадаў, каб я сядзеў адзін і ніхто са мной асабліва не кантактаваў.
Цікава, што, калі мне давалі суткі за наступныя мітынгі, гісторыя паўтаралася. Пасадзілі аднаго ў камэру на чатырох. Навошта? Ня ведаю. Магчыма, баяліся, што пачну кагосьці агітаваць. А можа быць, проста вырашылі аказаць псыхалягічны ціск. Але і ў міліцыі, і ў ІЧУ працуе некалькі чалавек, якія раней кансультаваліся ў мяне ў бодыбілдынгу. Ну і ўявіце: знаёмыя мяне садзяць, яны ж ахоўваюць. Горад маленькі — усе ўсіх ведаюць. Так што стаўленьне было нармальнае. Сілы не ўжывалі, нават рукамі не чапалі. Ніякай грубасьці. Мне знайшлі гарбату, каву, цыгарэты ў мяне таксама былі.
Вядома, так ставіліся не да ўсіх. У Глыбокім затрыманьні выглядалі гэтаксама, як і па ўсёй краіне. Удзельнічаў у акцыях ці не, ніхто не разьбіраўся. Кагосьці папярэджвалі, камусьці давалі штрафы, хтосьці атрымліваў дубінкай, некаторых саджалі.
Але людзей гэта не спыняла. Людзі прыходзілі да райвыканкаму і «шумелі». Часам зьбіраліся па 40 чалавек — для невялікага гораду гэта нямала. Дзяржслужбоўцам гэта, вядома, не падабалася. Каб не перасякацца з пратэстоўцамі, некаторыя з чыноўнікаў выходзілі на абед праз чорны ўваход.
За «ўдзел у несанкцыянаваных акцыях» я пабываў у ізалятары яшчэ некалькі разоў.
Аднойчы сілавікі прыехалі па мяне проста ў школу, куды я прыйшоў па васьмігадовую дачку.
Дзесяць мэтраў ад школьных варот! Да мяне падыходзяць два клоўны ў масках і ў форме. Не прадстаўляючыся, не паказваючы дакумэнтаў, хапаюць за рукі, спрабуюць кудысьці цягнуць. Самі ня справіліся — выклікалі другі нарад. Потым прыйшоў трэці. Людзі хадзілі, здымалі на відэа, пыталіся: «Што ён зрабіў? Ён прыйшоў па дзіця! Вы спачатку затрымліваеце, а потым людзі зьнікаюць». У адказ — адмазкі, маўляў, ніхто ня зьнікне, усё нармальна. Але я патэлефанаваў жонцы, сказаў, каб прыйшла па дачку. А ім сказаў, што нікуды не паеду да яе прыходу. Калі жонка прыйшла, аддаў ёй тэлефон, спакойна сеў зь імі і паехаў. Судзьдзя падчас працэсу сьмяялася і доўга не магла зразумець, як гэта тры нарады не змаглі затрымаць аднаго чалавека і навошта наогул было столькі міліцыі, калі я потым пайшоў за імі сам. Ім не знайшлося, што адказаць.
Быў яшчэ адзін суд — за бел-чырвона-белы сьцяг, які вісеў на маім доме.
Судзьдзя пытаецца, калі мы павесілі сьцяг. Адказваю: 25 сакавіка, амаль пяць гадоў таму. Судзьдзя ўсьміхнуўся, адвярнуў твар, махнуў рукой і пастанавіў — 40 базавых! Вось такі працэс. Колькі разоў да нас прыяжджалі пасьля мітынгаў, і сьцяг нікому не перашкаджаў. Пытаньні зьявіліся толькі пасьля таго, як загаварылі пра ўказ, які хочуць увесьці. Вось так сёй-той імкнецца пратрымацца ля кармушачкі, каб лепей паесьці.
У Глыбоцкім РУУС ёсьць маёр, які раней працаваў настаўнікам гісторыі. Я калі сядзеў, пачуў, як у яго пацікавіліся, які на самай справе гэты сьцяг. Ён адказаў, што гістарычны. «Тады чаго вы ўсе на яго ўзьеліся?» — спыталі яго яшчэ раз. «Ну такі загад», — адказаў маёр.
Наша сям’я пераехала ў Беларусь зь Сібіру, калі я быў маленькі. Тут я пайшоў у школу, адслужыў у ПДВ, пераспрабаваў усе віды спорту і спыніўся на бодыбілдынгу. Я двойчы пацьверджаны кандыдат у майстры спорту, удзельнік рэспубліканскіх спаборніцтваў, трэніруюся сам і дапамагаю парадамі пачаткоўцам.
Раней я працаваў трэнэрам у нашым фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Тры разы звальняўся, таму што было проста немагчыма. Пастаянныя спрэчкі з кіраўніцтвам пра тое, што грошы кудысьці прафукваюцца, а рамонты ў спартзалі канчаюцца на паперках у справаздачах. У рэальнасьці ўсё бурыцца, плястыкавыя вокны паставілі тры-чатыры гады таму. Да гэтага былі драўляныя, якія маглі выпасьці вонкі. Вы можаце сабе такое ўявіць? Такі ўжо «калгас»... Канчаткова звольніўся ў 2011 годзе і больш не вяртаўся туды на трэнэрскую працу. Цяпер ужо зрабілі больш-менш нармальны рамонт. Але калі ісьці калідорам, там прыгожа і акуратна, а ў разьдзявальнях усё засталося па-старому. Заходзіш — як у кароўніку.
Нейкі час я працаваў у Менску — даслужыўся да майстра ў будаўнічай канторы. Потым вярнуўся і ўладкаваўся ў будаўнічую брыгаду Глыбоцкага райспажыўтаварыства.
Калі людзі ў камэрцыйных фірмах хочуць зарабляць, яны працуюць не пакладаючы рук, хай і па восем гадзін на дзень, і атрымліваюць грошы. Дзяржаўная будаўнічая брыгада — гэта нешта! Тое, што можа зрабіць адзін рабочы, там выконваюць пяць-шэсьць чалавек. Часам даводзілася па сто разоў перафарбоўваць адно і тое месца, таму што фарбаваньне вядзецца не па правілах: і ў мароз, і пад дажджом. З аднаго боку, гэта, вядома, сьмешна, але з другога, сьмех потым пераходзіць у суцэльныя страты. А як у будбрыгадах крадуць грошы... Проста тупа вывозяць усё новае: фарбы, сумесі, кампанэнты... Начальнікам рабіліся рамонты. Няма працы — брыгаду распускаюць у адпачынак за свой кошт, застаюцца толькі набліжаныя — ім ідзе заробак.
Паназіраўшы за гэтым, я зразумеў, што больш не хачу працаваць на дзяржаву, і сышоў. Вырашыў, раз рукі растуць з правільнага месца, як-небудзь на жыцьцё зараблю.
Я ў дзяржавы нічога ня ўзяў, свой абавязак Бацькаўшчыне, а не дзяржаве, аддаў. Зарабляць на сваю сям'ю маю поўнае права, а карміць халяўных прыкарытнікаў ніякага жаданьня няма. Наша сям'я займацца гэтым дакладна не зьбіраецца. Я і малюю добра, і разьбой па дрэве займаюся. Пачаў прыдумляць і майстраваць розныя фальшывыя калёны, каміны... Асвойваю новыя тэхнікі. У Беларусі такога, напэўна, ніхто і ня робіць. Акрамя таго, у нас вялікі агарод: жонка па спэцыяльнасьці аграном, ёй там хапае працы. А які мы ўсёй сям'ёй плот ля дома выбудавалі — уручную, без мэханізацыі — проста любата! І дачка дапамагала.
Мая былая вучаніца раней працавала псыхолягам у школе, дзе вучыцца наша дачка. Яна папярэдзіла, што дзяўчынку хочуць выклікаць на псыхалягічную гутарку. Мы спрацавалі на апярэджаньне.
Мы напісалі заяву, каб ніякіх псыхолягаў, урокаў патрыятычнага і палітычнага кірунку бяз нашага ведама з нашай дачкой не праводзілася. Я прыйшоў да дырэктара, выказаў сваю думку, там была яшчэ завуч. Яны так уважліва мяне слухалі, што перад маім адыходам нават не падняліся з крэслаў. Зразумелі, што спрачацца бескарысна.
Нават герб «Пагоня», налеплены на дзёньніку дзяўчынкі, настаўнікі зьняць не асьмельваюцца.
У сям'і наогул усё выдатна, проста цудоўна. Мы шчасьлівыя і робім тое, што мусім рабіць. Сядзець, груба кажучы, на сваім азадку і маўчаць, бачачы, што адбываецца?.. У кожным разе гэта не па нас.
Але, якой бы аптымістычнай ні здавалася гэта гісторыя, дапамога сям'і ўсё ж спатрэбіцца. Пакуль я сядзеў на «сутках», я ня мог выконваць заказы па сваёй працы, некаторыя кліенты пагубляліся, іншыя пабойваюцца зьвязвацца з актывістамі. А вось я рвуся ў бой“.
„Якая экскурсія? Вы што, свайго горада ня ведаеце?“
Аксана Манкевіч, экскурсавод:
„31 студзеня ў Менску каля гатэля «Менск» затрымалі нашу экскурсійную групу зь дзевяці чалавек проста падчас экскурсіі.
Я ішла з групай клясычным аглядным маршрутам: ад плошчы Свабоды і праспэктам да Чырвонага касьцёла. На праспэкце да групы падышлі амапаўцы; яны паслухалі мяне, пераканаліся, што гэта экскурсія, і далі мне зразумець, што ўсё нармальна, потым сышлі. Каля гатэля «Менск» пад’ехаў мікрааўтобус, адтуль выйшлі іншыя амапаўцы, прасілі людзей прайсьці зь імі. Я патлумачыла, што ідзе экскурсія, паказала бэдж.
Яны ўжо сабраліся адыходзіць, як адзін зь іх абарочваецца і пытаецца: «Зь якой краіны турысты?». Калі яны даведаліся, што гэта не іншаземцы, а беларусы, адразу ўсім сказалі прайсьці. Потым яны яшчэ абураліся, чаму менчукі пайшлі на экскурсію. Маўляў, вы што, горада свайго ня ведаеце?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАУ мікрааўтобусе людзі абурыліся, маўляў, не даслухалі экскурсію празь сілавікоў. Я працягнула апавядаць пра гісторыю цэнтру гораду, архітэктуру, пра Чырвоны касьцёл, пра будынак БДУ: «Можаце азірнуцца назад: выдатная панарама адкрываецца з нашага аўтобуса».
У канцы хтосьці зь сілавікоў вырашыў пажартаваць: «Дзякуй за экскурсію».
Экскурсія была бясплатная, я часам праводжу такія аглядныя па клясычных маршрутах дзеля рэклямы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЯ не прашу нікога адпісвацца, што дакладна прыйдуць; хто хоча — далучаецца. Працы цяпер асабліва няма. У будні ў людзей ня надта атрымліваецца. Ня хочацца выпадаць са сфэры, таму што складана потым гэтую базу кліентаў зноў сабраць. Раней экскурсіі ў цэнтры гораду былі і ў суботу, і ў нядзелю, і нас не чапалі.
У РУУС сталі правяраць, менчукоў затрымалі ці не. У кожнага пыталіся, пра што была экскурсія, і прасілі пераказаць яе, удакладнялі, ці былі афішы. Я прапаноўвала паказаць свае дакумэнты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЯны сьвята верылі ў тое, што гэта была не экскурсія. Спрабавалі інтэрпрэтаваць мяне як арганізатарку, але бяз слова «экскурсія». Пыталіся ў людзей: «Яна ж арганізатар?». Пазьней дапытваў мужчына з КДБ, заскрыніў мае фатаздымкі з інстаграма. У тым ліку тую, дзе я зь бел-чырвона-белым сьцягам — а гэтаму здымку ўжо паўгода. Судзьдзя таксама пытаўся ў турыстаў на судзе: «Вы бачылі наогул яе інстаграм? Навошта вы хадзілі да яе на экскурсію?»
На Акрэсьціна ў ІЧУ, чакаючы суду, я пагаварыла зь дзяўчынай, якую затрымалі крыху раней за нас. Яна расказала, што чула, як сілавікі, убачыўшы групу турыстаў, сказалі: «Адразу 10 чалавек, давайце гэтых забярэм, добры ўлоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА1 лютага мяне асудзілі на 15 дзён арышту, я правяла іх у Жодзіне. Пяцярых турыстаў таксама асудзілі на 15 сутак, але з адтэрміноўкай; трое атрымалі штрафы. На судзе ўсім да справы далучылі скрыншот зь невядомага тэлеграм-канала, дзе людзей заклікалі ісьці ад стэлы ў цэнтар гораду на «рэпэтыцыю маршу» групамі безь сьцягоў і лёзунгаў. Паведамленьне выкарыстоўвалі як падставу для затрыманьня, хоць яго не было ў асабістым ліставаньні затрыманых.
Пасьля «сутак» я вярнулася дадому і неўзабаве перастала адчуваць пахі. Падазраю, што гэта каранавірус. Магла заразіцца ім у Жодзіне: у камэры хварэлі некалькі чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПераехалі туды пасьля Акрэсьціна, і стала зразумела, што пражывём нармальна рэшту сваіх «сутак». У камэры на 10 чалавек усё было нармальна: матрацы, ручнік, дзьве прасьціны, плед, падушка. Нас накармілі вячэрай. Але стаўленьне было рознае: нехта крычаў, нехта дапамагаў — прыносіў таблеткі, калі мы прасілі.
Праца мне дапамагла, калі я адбывала «суткі»: кожны раз перад сном, калі аб’яўлялі адбой, я сядала на ложак і апавядала легенды, гісторыі, чытала вершы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЦяпер стаіць пытаньне аб пазбаўленьні мяне атэстацыі, але я спадзяюся, што будзе толькі папярэджаньне. Я атэставаны гід на напрамках Мір — Нясьвіж. У сакавіку будзе атэстацыя па Менску.
Але гэта не прычына, каб затрымліваць людзей і пазбаўляць атэстацыі. Паводле закону, экскурсія без атэстацыі па пэўным маршруце не прадугледжвае пакараньня. Таксама мне паведамілі, што цяпер мы павінны апавяшчаць РУУС, калі зьбіраемся правесьці экскурсію, — яны прыяжджаюць і правяраюць гэты факт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – люты 2021. Мы сьведкі. „Паглядзела яго картку і ўбачыла месца працы — АМАП“. АБНАЎЛЯЕЦЦАУ маім пасьведчаньні аб атэстацыі экскурсавода, якое выдавала Нацыянальнае агенцтва турызму, сапраўды не пазначаны канкрэтны маршрут, толькі агульная фармулёўка «Яна прайшла атэстацыю, мае ўзровень ведаў і прафэсійных навыкаў, неабходных для правядзеньня экскурсій на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у вызначаным заканадаўствам парадку».
Я пляную працягваць працаваць гідам, але разам з тым думаю, як вырашыць назапашаныя пытаньні.
Я не гатовая адмаўляцца ад сваёй працы, кудысьці бегчы, хавацца, зьяжджаць з краіны.
Многія з калегаў пасьля гэтага выпадку вырашылі і зусім адмовіцца ад правядзеньня экскурсій па нядзелях у Менску. Таму што стала вельмі небясьпечна. У першую чаргу для турыстаў“.
„У цырку жывёлаў хаця б кормяць“
Караліна, Віцебск:
„Большасьць з нас затрымалі 27 студзеня каля 22 гадзін у мікрараёне Тарны за акцыю, якую, на думку міліцыі, мы хацелі арганізаваць. Сярод затрыманых апынуліся выпадковыя мінакі. А 30 студзеня «справу трынаццаці» паводле артыкулу 23.34 у Віцебску разглядаў суд. Прычым разглядаў да поўначы.
Раней я заўсёды наведвала спэктаклі або ўдзельнічала ў іх як акторка. 30 студзеня мяне запрасілі на паказ, але я, шчыра кажучы, не атрымала ніякага задавальненьня. Я б назвала тое, што адбываецца там, цыркам, але ў цырку жывёлаў хаця б кормяць. А нас раніцай у ІЧУ не пакармілі, ды і потым, ужо ў РАУС, дзе праходзіў суд, спачатку не дазвалялі есьці нават тое, што ў кагосьці было з сабой. Акрамя гэтага, практычна ўсе нашы хадайніцтвы адхіляліся. Таму ўвесь працэс суду я б назвала кепска зрэжысаваным спэктаклем.
Падчас суду мне стала дрэнна. Я маю праблемы з сэрцам, таму да мяне прыяжджала «хуткая», мерала ціск, давала лекі, а потым і зусім зрабілі ўкол «трайчаткі» з дымэдролам. У выніку другая частка працэсу для мяне прайшла як у тумане.
Дарэчы, на судзе ў мяне мусіў быў быць адвакат, якога нанялі мае родныя. Але яго да працэсу не дапусьцілі. Як потым даведалася, нібыта я ад яго адмовілася, але я гэтага не рабіла. Я дагэтуль ні разу не прыцягвалася, дык думала, што мне дадуць штраф. Але гэтага ня здарылася. Далі 15 сутак.
Пакуль ехала назад у ІЧУ, неяк трымалася, а ўжо ў самой установе ў мяне здарылася гістэрыка, калі мне сказалі разьдзецца перад камэрай.
Затым пасьля перажытага стрэсу я хутка заснула, нягледзячы на холад. А калі раніцай пачула, што трэба выйсьці з рэчамі на выхад, то першая думка была: «Судзьдзю замучыла сумленьне, нас адпусьцяць». Наіўная!
Спачатку нас зьбіраліся перавозіць у СІЗА, але потым вырашылі ў Гарадок адправіць хлопцаў, а нас вярнуць назад у камэры.
Мы сядзелі ўдзьвюх зь дзяўчынай са «справы трынаццаці», ня буду называць яе імя, хай будзе Анжаліка. Астатнія насельнікі нашага «нумару» ўвесь час мяняліся. За гэтыя 15 дзён з кім мы толькі не пазнаёміліся, але, дарэчы, усе яны казалі, што яшчэ ніколі ў іх так хутка ня бег час у зьняволеньні, як з намі.
Пакуль мне не прынесьлі перадачы, было няпроста. А высьветлілася, што ў суботу, у дзень суду, ад родных пасылак не ўзялі, затым у нядзелю-панядзелак перадачы ў ІЧУ не прымалі згодна з зацьверджаным раскладам. Толькі ў аўторак я атрымала цёплыя рэчы, прадукты, цыгарэты, паперу, асадкі ды іншую драбязу.
Есьці там можна было хіба што хлеб і бульбу. Ну і трохі пасёрбаць суп у абед. На сьняданак там часьцей за ўсё была незразумелая каша. На вячэру часта давалі рыбу, на якую ў мяне алергія. Гарбаты налівалі толькі палову конаўкі, але можна было піць ваду з-пад крана. Жыць можна, але ўсе гэтыя дзесяць дзён я марыла пра шаўрму ці хаця б піцу.
Каб зусім не сумаваць, мы з Анжалікай сьпявалі песьні, чыталі вершы Бродзкага, а па вечарах ладзілі стэнд-апы. Папрасілі кніжак, і нам прынесьлі цэлых 16 штук зь іншых камэр. Літаратура была на любы густ: ваенная, любоўныя раманы, дэтэктывы.
Мы сядзелі 15 дзён на ІЧУ, таму прагулак у нас не было. Максымум — дарога ў душ. Але ўсё роўна я ня толькі трохі схуднела, але і нават села на шпагат.
Самае цяжкае было — гэта адсутнасьць гарачай вады. Душ паводле раскладу — адзін раз на сем дзён. Каб элемэнтарна памыць галаву, даводзілася хітрыць: набіраць у плястыкавую бутэльку ваду з-пад крана і грэць яе на батарэі.
Акрамя гэтага, у памяшканьні было халаднавата. Спаць даводзілася апранутымі. Затое кожныя дзьве гадзіны можна было курыць.
Падзялюся некаторымі вынаходкамі. Сьвятло ў камэры не выключалася ні ўдзень, ні ўночы, таму мы прыстасаваліся выкарыстоўваць каранавірусную маску для твару як павязку для вачэй. Яшчэ высьветлілася, што дзіцячы крэм для «далікатнай попкі» не нашмат горшы за дарагую сыроватку для твару, якой я звычайна карысталася дома. І яшчэ адзін маленькі сакрэт: двума стрыжнямі можна вышчыпваць бровы.
Большасьць супрацоўнікаў да нас ставілася нармальна, нават добра. Але шмат што залежала ад зьмены. Бывала такое, што забаранялі сьпяваць песьні — маўляў, канцэрту ніхто не замаўляў. Але многія нашы просьбы, прапановы і скаргі задавальняліся.
Мы з Анжалікай часта былі дзяжурнымі ў камэры, таму штодня размаўлялі з начальствам. Да размовы рыхтаваліся загадзя — складалі сьпіс прапановаў і скаргаў. У выніку ў камэры, напрыклад, паправілі рукамыйніцу.
Усе гэтыя дні я вяла дзёньнік. Не выключаю, што, магчыма, калісьці апублікую гэтыя запісы ў сеціве. Акрамя гэтага, я адказвала на лісты і паштоўкі родных, сяброў і знаёмых, якіх мне прыходзіла нямала.
Некалькі чалавек прыйшлі сустракаць мяне і пасьля вызваленьня.
Я ўжо аплаціла 87 рублёў за сваё знаходжаньне ў ІЧУ. Але тэлефоны, якія ў мяне канфіскавалі ў РАУС, мне пакуль так і не вярнулі. Акрамя гэтага, мне яшчэ ня выдалі пастановы суду. Калі я зьвярнулася з гэтым у Першамайскі суд, там адказалі, што справа ўжо ў абласным судзе.
Я навучылася радавацца дробязям. Заканчваліся цыгарэты, і мы з Анжалікай думалі, як расьцягнуць рэшткі, — прынесьлі перадачу. Захацела памыць галаву — а тут родныя перадалі шампунь. Здавалася б, нічога такога, але на ІЧУ ты пачынаеш разумець, што нагоду парадавацца можна знайсьці заўсёды. Галоўнае — захацець“.
„Спрабуюць запалохаць неабыякавых людзей“
Зьміцер Шэшка, Бабруйск:
„22 студзеня маю сям’ю — жонку і пяцярых дзяцей — паднялі на вушы каля 6:30, хоць у пратаколе напісана, што на гадзіну пазьней. Дзеці маленькія — старэйшаму дзесяць, малодшай крыху больш за год.
Дзяцей спалохалі, хадзілі ў абутку па ўсёй кватэры. Я бяз майкі, у адных трусах — за імі. Прычым чацьвёра супрацоўнікаў спрабавалі разысьціся адначасова па пакоях, я запатрабаваў, каб безь мяне не хадзілі. Забралі ноўтбук сына, тэлефоны, флэшку, цьвёрды дыск, усе налепкі зь бел-чырвона-белай атрыбутыкай.
Папрасілі праехаць у пастарунак на маёй машыне, нібыта каб уладзіць фармальнасьці. Ужо на тэрыторыі УУС на вуліцы Мінскай пачалі складаць пратакол вобшуку машыны, хоць пастановы на ператрус мне не паказалі. З аўтамабіля забралі чырвоны парасон і дзіцячыя вырабы. Прымусілі зьдзерці бел-чырвона-белую налепку з попельніцы.
Мяне спрабавалі пераканаць, што ў машыне, якую я ня больш як пяць месяцаў таму ставіў на ўлік у ДАІ, пашкоджаны або зьменены нумар. Цяпер машына на экспэртызе, пакуль я праходжу сьведкам у нейкай крымінальнай справе.
Асудзілі мяне паводле арт. 23.34 КаАП за пікет з плякатам у лесе (доказ — фота) і прысудзілі трое сутак адміністрацыйнага арышту. Выйшаў я 25 студзеня. Напісаў скаргу ў пракуратуру на парушэньні пры затрыманьні і незаконную канфіскацыю аўтамабіля.
Па факце я адбыў пад арыштам больш, чым мне прысудзілі. Цяпер у Бабруйску спрабуюць знайсьці і запалохаць людзей, якім неабыякава, што адбываецца ў краіне, у горадзе. Людзі баяцца, ведаюць, што ў Бабруйску, калі засьвецісься, ня знойдзеш працы. Баяцца ня мець магчымасьці плаціць па крэдытах. У інтэрнэце нагледзісься — людзей б’юць, даюць вялікія тэрміны нізавошта. Мы ведаем, што існуюць чорныя сьпісы; людзей, асуджаных паводле арт. 23.34, прэсуюць. Вось людзі і не выходзяць з пратэстамі“.