Пагадненьне аб усёабдымным і пашыраным партнэрстве паміж Армэніяй і Эўрапейскім Зьвязам, працэс ратыфікацыі якога доўжыўся каля трох гадоў, набывае моц. Палажэньні дакумэнту, падпісанага 24 лістапада 2017 году, пачалі дзейнічаць з 1 сакавіка.
У заяве МЗС Армэніі з нагоды завяршэньня працэсу ратыфікацыі адзначылі, што пагадненьне выводзіць двухбаковыя адносіны паміж Армэніяй і ЭЗ на новы ўзровень.
Што зьмяняе дакумэнт:
- Дакумэнт рэгулюе дыялёг як у палітычнай, так і ў эканамічнай сфэрах.
- Вызначае супрацу ў галіне правасудзьдзя, бясьпекі, эканомікі, сельскай гаспадаркі, адукацыі і навукі, культуры і аховы здароўя.
«Эфэктыўнае выкананьне пагадненьня прынясе адчувальныя вынікі грамадзянам Армэніі, паспрыяе ўмацаваньню дэмакратыі, палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай стабільнасьці шляхам буйнамаштабных рэформаў, а з часам паўплывае на дабрабыт і ўзровень жыцьця грамадзян», — гаворыцца ў заяве МЗС.
У дакумэнце разглядаецца таксама мірнае ўрэгуляваньне карабаскага канфлікту, у сувязі з чым пацьверджаная прыхільнасьць ЭЗ да падтрыманьня намаганьняў і падыходаў сустаршыняў Менскай групы АБСЭ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Армэніі працягваецца супрацьстаяньне: прэм’ер-міністар уступіў у канфлікт з прэзыдэнтам