У Менску вернікі другую нядзелю запар прыйшлі на малітву ля забранай уладамі царквы «Новае жыцьцё»

Забраны менскімі ўладамі будынак царквы.

Каля царквы ў менскім раёне Сухарава зноў сабралася некалькі дзясяткаў вернікаў.

Пратэстанцкая царква «Новае жыцьцё» некалькі апошніх гадоў падвяргалася нападкам з боку ўладаў. Урэшце будынак у царквы забралі. 28 лютага, як і ў мінулую нядзелю, некалькі дзясяткаў вернікаў прыйшлі да парожняга і зачыненага будынку царквы ды разам маліліся.

Гэтым разам міліцыянты на месца падзеі не прыехалі. На мінулым тыдні яны сачылі за малітвай, але ня ўмешваліся.

Што адбылося з царквой?

17 лютага судовыя выканаўцы ўварваліся ў царкву ў суправаджэньні міліцыянтаў падчас малітвы. У царкве на той момант знаходзіліся каля 50 вернікаў. Яны апісалі маёмасьць, а вернікаў выгналі, пагражаючы ім арыштам.

Рэлігійная грамада Царквы хрысьціян поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё» ў Менску летась атрымала судовае прадпісаньне вызваліць будынак на вуліцы Кавалёва, 72 да канца году. У адваротным выпадку царкве пагражалі прымусовым высяленьнем. Улады гораду заплянавалі ў гэтай мясцовасьці будаўніцтва кварталу шчыльнай забудовы.

Вернікі «Новага жыцьця» пасьля выбараў запісалі відэазварот, у якім выказаліся супраць забойстваў, гвалту і катаваньняў, ілжывых сьведчаньняў у судах, маніпуляцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вернікі маліліся каля забранага будынку пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» ў Менску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На гэты момант будынак захоплены». Што з царквой «Новае жыцьцё»