Ці можна фатаграфавацца ў басэйне каля белых і чырвоных паплаўкоў? Вось што адказалі жыхарам мазырскія чыноўнікі

Басэйн у Мазыры

У басэйне Мазыра, як і ва ўсіх басэйнах, паплаўкі і разьдзяляльнікі — белага і чырвонага колеру. Жыхары райцэнтру занепакоіліся і спыталіся ў мясцовай улады:

— ці ня будзе заплыў у басэйне лічыцца пікетаваньнем ці несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам з выкарыстаньнем сымболікі «па схеме БЧБ»?
— ці могуць супрацоўнікаў і наведвальнікаў басэйна прыцягнуць да адказнасьці па артыкуле 23.34?
— ці можна выкладваць здымкі з басэйна, на якіх бачныя разьдзяляльнікі, у інтэрнэт?


Намесьнік старшыні райвыканкаму Фэлікс Галюк супакоіў грамадзян: у басэйне можна плаваць і нават фатаграфавацца.

«Калі вы не падавалі (падавалі) і Вам не выдаваўся (выдаваўся) дазвол на правядзеньне пікету, можна разглядаць наведваньне Вамі басэйна выключна з мэтай вядзеньня здаровага ладу жыцьця. Падстаў для прыцягваньня супрацоўнікаў і (альбо) наведвальнікаў басэйна да адміністрацыйнай адказнасьці няма», — абяцае намесьнік старшыні выканкаму.

Але ёсьць нюанс.

«У выпадку, калі выява фатаздымкаў, зробленых у басэйне, утрымлівае ў якасьці элемэнтаў абазначэньня разьметкі, прызначанай выключна для выкананьня правілаў тэхнікі бясьпекі, бяз вашых камэнтароў па адпаведнай тэматыцы, то разьмяшчэньне гэтых фатаздымкаў не зьяўляецца забароненым», — адказаў Фэлікс Галюк.


За што яшчэ ў Беларусі можна займець праблемы зь міліцыяй