Аўтары вырашылі стварыць вобраз пратэстоўца з дапамогай нэйрасеткі. Для гэтага сабралі 1886 унікальных фатаздымкаў. Пасьля апрацоўваньня бібліятэка налічвала 8300 асобаў.
Шукалі фота людзей з адкрытымі тварамі. Аднак зь верасьня такія здымкі знаходзіць было ўсё больш складана: людзі пачалі хаваць твары.
Больш пра працу нэйронных сетак можна пачытаць на сайце Глеба Бурнашава.
«Першыя выявы нэйрасеткі былі чыста жаночымі тварамі. Гэта ідзе ва ўнісон з выказваньнем „У пратэсту жаночы твар“. Аднак усё ж не хацелася вылучаць нейкі гендэр», — кажа аўтар праекту.
Вынікам працы стаў пэрфарматыўны акт — спальваньне партрэта.
«Я хацеў перадаць пачуцьцё бясьсільля, злосьці і гневу перад рэпрэсіўнай машынай», — кажа мастак. З гэтага ўзьнікла ідэя праекту.
Каталізатарам стаў выпадак самападпалу ў Смалявічах.
«Для мяне гэта акт поўнага адчаю, калі ты прыносіш у ахвяру сваё жыцьцё, толькі каб прыцягнуць увагу да палітычнага крызісу ў краіне. Эмоцыі, выкліканыя дзеяньнямі сілавікоў і бязьдзейнасьцю людзей у сыстэме, падобныя да агню: калі ня даць ім выйсьця, яны спаляць чалавека дашчэнту», — расказвае мастак Глеб Бурнашаў.