Лукашэнка-старэйшы саступіў месца Лукашэнку-малодшаму. Што гэта азначае?

Аляксандар Лукашэнка і Віктар Лукашэнка на Алімпійскім сходзе

У Беларусі адбыўся палітычны цуд — Лукашэнка адмовіўся ад адной са сваіх прэзыдэнцкіх пасадаў. Праўда, пакуль што толькі ад спартовай — пасады прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту стаў Віктар Лукашэнка. Будуць новыя санкцыі МАК?

Сьцісла:

  • Каб Лукашэнка адмаўляўся ад нейкай пасады, павінна было здарыцца нешта надзвычайнае.
  • Лукашэнка атрымаў удар адразу з двух бакоў: ад спартоўцаў і ад МАК.
  • Лукашэнка вырашыў саступіць. Сыход з пасады прэзыдэнта НАК — гэта жэст у бок МАК, спроба залагодзіць яго.
  • Беларускі спорт цярпіць вялікія страты ад панаваньня існага рэжыму.

Пакінуўшы пасаду кіраўніка НАК, Лукашэнка фактычна адмовіўся ад сваёй любімай цацкі. Гэтая пасада была цесна зьвязана з вобразам бацькі ўсіх беларускіх спартоўцаў. Больш за тое, ён адмовіўся ад прапановаў застацца ганаровым прэзыдэнтам НАК. Каб Лукашэнка адмаўляўся ад нейкіх, няхай нават сымбалічных, пасадаў — гэта рэдкая зьява. Павінна было здарацца нешта незвычайнае.

Справа ў тым, што Лукашэнка атрымаў удар адразу з двух бакоў. Найперш, шмат вядомых спартоўцаў выказалі пратэст супраць гвалту з боку рэжыму. І гэта стала поўнай нечаканасьцю для ўладаў. Бо спартоўцы — гэта ў Беларусі асобная каста, прылашчаная ўладай. І з гэтага боку Лукашэнка пратэстаў не чакаў. Таму такая балючая ягоная рэакцыя, маўляў, «здраднікі». І жорсткі перасьлед.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэпэтыцыя перадачы ўлады? Як сацсеткі адрэагавалі на замену аднаго Лукашэнкі другім у Алімпійскім камітэце

Другі ўдар афіцыйны Менск атрымаў з боку міжнародных спартовых арганізацый. Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) прыняў санкцыі да НАК за перасьлед спартоўцаў з палітычных прычынаў. Ён забараніў усяму складу Выканкаму НАК, на чале з Лукашэнкам, наведваць Алімпійскія гульні ў Токіё і спыніў любую фінансавую падтрымку гэтай арганізацыі.

Таксама зь Беларусі былі перанесены чэмпіянаты сьвету ў хакеі і сучасным пяціборстве ў Беларусі.

Яшчэ важны нюанс. НАК — фармальна грамадзкая арганізацыя. Гэтага патрабуюць правілы функцыянаваньня міжнароднага алімпійскага руху. І тое, што прэзыдэнт краіны адначасова зьяўляецца прэзыдэнтам НАК, не зусім стасуецца з гэтым правіламі. Як і тое, што на чале спартовых фэдэрацый (таксама грамадзкіх) стаяць буйныя чыноўнікі, як правіла, міністры і кіраўнікі ведамстваў. Але дасюль МАК заплюшчваў вочы на гэтую неадпаведнасьць. Аднак цяпер, калі здарыўся канфлікт і зьявіліся скаргі на перасьлед спартоўцаў з палітычных прычынаў, гэтая праблема ўсплыла наверх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў Лукашэнку прысутнічаць на Алімпійскіх гульнях і іншых спаборніцтвах

Больш за тое, узьнікла пагроза новых санкцый. На апошнім пасяджэнні Выканкаму МАК ягоны кіраўнік Томас Бах заявіў, што яны сочаць за сытуацыяй вакол выбараў у НАК Беларусі і ўжо пасьля будуць прымаць адпаведныя рашэньні. А брытанскае выданьне Inside the Games паведамляла, што калі выканкам МАК прыйдзе да высновы, што сытуацыя зь перасьледам спартоўцаў не вырашаецца, то можа здарыцца адхіленьне НАК Беларусі ад алімпійскага руху, што вымусіць беларускіх спартоўцаў выступаць пад нэўтральным алімпійскім сьцягам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў кіраўніцтва Міжнароднага алімпійскага камітэту «бандай», прыгразіў судом

Аляксандар Лукашэнка ў сьнежні назваў МАК «бандай» і пагражаў зьвярнуцца ў суд. Аднак цяпер, выглядае, перадумаў і вырашыў саступіць. Сыход з пасады прэзыдэнта НАК — гэта жэст у бок МАК, спроба залагодзіць яго. Ёсьць і другая саступка. Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што новага прэзыдэнта НАК Віктара Лукашэнку вызваліць ад дзяржаўнай пасады (памочніка прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы). Каб у МАК не было пытаньняў з гэтай нагоды.

Аднак ці задаволіць МАК гэтая саступка? Бо варта было б перавыбраць увесь склад выканкаму НАК, які, нагадаю, пад санкцыямі. Аднак склад гэтага органа мала памяняўся. Арамя таго, з гледзішча МАК фігура Віктара Лукашэнкі таксама даволі таксычная. Найперш з прычыны прозьвішча. Таксама чальцом выканкаму НАК застаўся сумна вядомы Дзьмітры Баскаў — старшыня Фэдэрацыі хакею. Нагадаю, Міжнародная фэдэрацыі хакею вядзе расьсьледаваньне яго ролі ў палітычных рэпрэсіях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неабходна выбраць новае кіраўніцтва НАК, Лукашэнка мусіць падаць у адстаўку», — алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч

Увогуле, можна сказаць, што беларускі спорт цярпіць вялікія страты ад панаваньня існага рэжыму. Як, папраўдзе, і ўсе іншыя грамадзкія сфэры.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.