26 лютага ў Нацыянальным алімпійскім камітэце ўпершыню за 24 гады зьмяніўся старшыня. Алімпійскі сход замест Аляксандра Лукашэнкі выбраў ягонага сына Віктара Лукашэнку, паведаміў тэлеграм-канал «Пул Первого».
Да гэтага Віктар Лукашэнка быў першым віцэ-прэзыдэнтам НАК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка-старэйшы саступіў месца Лукашэнку-малодшаму. Што гэта азначае?Генэральны сакратар НАК Паліна Галавіна першапачаткова прапанавала на пасаду прэзыдэнта НАК дзьве кандыдатуры — Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Лукашэнкі.
«Калі дзьве кандыдатуры прапаноўваліся, для мяне гэта навіна. Я думаў, што вы з адной выйдзеце. Я не плянаваў выбірацца на чарговы тэрмін кіраўніком Алімпійскага камітэту. Папрашу вас, калі вас гэта задавальняе, перадаю вам свайго старэйшага сына. Абяцаю, што крадзяжу, карупцыі, нямэтавага выкарыстаньня грошай ня будзе. І стаўленьне да спартоўцаў і трэнэраў будзе самае добрае. Што тычыцца мяне, я ж усё роўна нікуды не пайду ад пытаньняў спорту», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА.
Што яшчэ сказаў Лукашэнка:
- «Абсалютная большасьць спартоўцаў — сапраўдныя патрыёты, якія дарэшты аддаюць свой талент, сілы і энэргію для перамог у імя Айчыны».
- «Нам сапраўды патрэбен баяздольны дэсант у Токіё. Мы туды паедзем ваяваць, нам будзе няпроста. Дакладна так, як Расею, па-народнаму кажучы, нас будуць плюшчыць з усіх бакоў».
- «Ці патрэбны, Сяргей Міхайлавіч (Кавальчук — міністар спорту. — РС), вынік? Ня дай Бог яго ня будзе на Алімпіядзе, вы ведаеце, якая потым будзе размова».
«Наступяць больш жорсткія санкцыі МАК»
Брытанскі сайт insidethegames.biz, які спэцыялізуецца на асьвятленьні алімпійскага і паралімпійскага руху, прадказвае магчымую забарону для беларускіх алімпійцаў выступаць пад дзяржаўным сьцягам на сёлетняй Алімпіядзе ў Токіё.
Прадстаўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва Віктар Крывашэеў назваў абраньне Віктара Лукашэнкі «дзіўным рашэньнем», бо «і Віктар, і Аляксандар Лукашэнка знаходзяцца пад санкцыямі МАК».
«Менавіта з прычыны гэтых выбараў Міжнародны алімпійскі камітэт пакуль не прыняў фінальнага рашэньня аб тым, што рабіць далей зь Беларусьсю — гэта быў шанец для НАК Беларусі выправіць сытуацыю. Але Лукашэнка і спартовыя чыноўнікі, мабыць, жывуць у іншай рэальнасьці», — гаворыцца ў заяве НАУ.
На думку Віктара Крывашэева, гэтае рашэньне «будзе сыгналам для МАК, каб ня толькі падоўжыць, але і зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Беларусі». У выніку, паводле прадстаўніка Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва, беларускім спартоўцам «напэўна прыйдзецца выступаць на Алімпіядзе ў Токіё пад нэўтральным сьцягам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэпэтыцыя перадачы ўлады? Як сацсеткі адрэагавалі на замену аднаго Лукашэнкі другім у Алімпійскім камітэцеШто папярэднічала сходу НАК
У сьнежні выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэту пастанавіў, што «цяперашняе кіраўніцтва НАК належным чынам не абараніла беларускіх спартоўцаў ад палітычнай дыскрымінацыі», што супярэчыць Алімпійскай хартыі.
Выканкам МАК забараніў старшыні НАК Аляксандру Лукашэнку і яго старэйшаму сыну Віктару, які зьяўляецца першым віцэ-прэзыдэнтам НАК Беларусі, наведваць Токіё-2020, а таксама пастанавіў спыніць фінансавую падтрымку гэтай арганізацыі. Наступным крокам можа стаць забарона беларускім спартоўцам выступаць на Алімпіядзе пад дзяржаўным сьцягам.
У сьнежні 2020 году Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі паведаміў, што 5 тысяч беларускіх спартоўцаў падпісалі ліст у падтрымку дзейнай улады. Пазьней стала вядома, што подпісы некаторых паставілі бязь іхнага ведама. Сярод падпісантаў былі ня толькі спартоўцы і трэнэры, але і спартовыя чыноўнікі.
Ліст праўладных спартоўцаў зьявіўся ў адказ на адкрыты ліст спартоўцаў, якія заклікалі спыніць гвалт і правесьці новыя выбары. Большасьць тых, хто падпісаўся пад гэтым лістом, пазьней былі звольненыя з працы, і спартовая карʼера для іх закрылася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можа Лукашэнка пакінуць пасаду прэзыдэнта Алімпійскага камітэту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта быў адзін з наймацнейшых удараў, калі мы пасьмелі „адкрыць рот“». Герасіменя пра Лукашэнку і «здраду» спартоўцаў