Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ўважліва сочыць за разьвіцьцём сытуацыі ў Армэніі і заклікае Ўзброеныя сілы гэтай краіны ўстрымацца ад таго, каб ўмешвацца ў палітыку, паведаміў на брыфінгу прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЗША Нэд Прайс.
«Мы пільна назіраем за разьвіцьцём сытуацыі і заклікаем ўсе бакі пазьбягаць любых эскаляцыйных і гвалтоўных дзеяньняў. Мы нагадваем ўсім бакам аб асноўных дэмакратычных прынцыпах — узброеныя сілы не павінны ўмешвацца ва ўнутраную палітыку», — заявіў Прайс, падкрэсьліўшы, што Злучаныя Штаты рашуча падтрымліваюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты Армэніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спроба перавароту», патрабаваньне вайскоўцаў да Пашыньяна і мітынгі за і супраць прэм’ера. Што адбываецца ў Армэніі«Мы працягваем падтрымліваць дэмакратыю і сувэрэнітэт Армэніі», — адзначыў таксама Нэд Прайс і заклікаў лідэраў «вырашаць рознагалосьсі мірным шляхам, паважаючы вяршэнства закону, дэмакратыю і дэмакратычныя інстытуты Армэніі».
Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян раніцай 25 лютага заявіў пра спробу вайсковага перавароту ў краіне і заклікаў сваіх прыхільнікаў выйсьці на вуліцы. Гэта адбылося пасьля таго, як Генэральны штаб Узброеных сіл запатрабаваў ад Пашыньян сысьці ў адстаўку, а Пашыньян у адказ на гэта патрабаваньне звольніў начальніка Генштабу Оніка Гаспарана. У Ерэване цэлы дзень ішлі акцыі пратэсту прыхільнікаў і праціўнікаў Пашыньяна.