Гэта адбылося пасьля таго, як Генэральны штаб Узброеных сіл запатрабаваў ад Пашыньяна сысьці ў адстаўку, а Пашыньян у адказ на гэтае патрабаваньне звольніў начальніка Генштабу Оніка Гаспарана.
Пра сытуацыю ў Армэніі паведамляе тэлеканал «Настоящее время».
«Вы ведаеце, што я ўзяў на сябе адказнасьць за тое, што адбылося падчас канфлікту з Азэрбайджанам, і пастараўся зрабіць усё, каб адказаць на ўсе пытаньні самастойна. Цяпер мы падышлі да этапу, калі ня можам пазьбегнуць пытаньняў на адрас некаторых нашых высокапастаўленых вайскоўцаў», — заявіў Пашыньян.
Прычыны супрацьстаяньня
Супрацьстаяньне прэмʼера і апазыцыі ў Армэніі працягваецца ўжо некалькі месяцаў. Але прычынай новага абвастрэньня канфлікту стала спрэчка паміж Пашыньянам і вайскоўцамі пра ўжываньне Армэніяй набытых у Расеі комплексаў «Іскандэр» падчас нядаўняга канфлікту ў Нагорным Карабаху.
Былы прэзыдэнт Армэніі Серж Саргсьян заявіў, што армянскія вайскоўцы павінны былі задзейнічаць «Іскандэры» ў першыя дні баявых дзеяньняў. У адказ Пашыньян сказаў, што «Іскандэры», якія стаяць на ўзбраеньні Армэніі, падчас канфлікту ў Нагорным Карабаху восеньню 2020 году паказалі слабую эфэктыўнасьць у ваенных умовах: «не падарваліся або ўзарваліся толькі на 10%». Раней Пашыньян таксама крытыкаваў набытае былымі ўладамі Армэніі расейскае ўзбраеньне.
У Мінабароны Армэніі адмовіліся камэнтаваць новую заяву прэмʼера пра «Іскандэры». Аднак намесьнік начальніка Генштабу генэрал Тыран Хачатран заявіў, што «гэта немагчыма», а рабіць высновы аб зброі з «павярхоўнымі ацэнкамі несурʼёзна». У адказ Нікол Пашыньян звольніў Тырана Хачатрана: па вэрсіі армянскіх СМІ, вайскоўца адхілілі менавіта праз тое, што ён высьмеяў словы Пашыньяна пра расейскія «Іскандэры».
Пасьля звальненьня Хачатрана Генэральны штаб Узброеных сілаў Армэніі запатрабаваў адстаўкі Пашыньяна і ўраду.
«Прэмʼер-міністар і ўрад Армэніі больш ня ў стане прымаць адэкватныя рашэньні ў гэтай крызіснай і лёсавызначальнай для армянскага народу сытуацыі», — адзначаецца ў заяве Генштабу. Там таксама сказана, што «Ўзброеныя сілы Армэніі доўгі час цярпліва выносілі нападкі, накіраваныя на дыскрэдытацыю Ўзброеных сілаў дзеючай уладай, аднак усё мае свае межы».
У адказ Пашыньян заявіў пра спробу вайсковага перавароту і абвясьціў, што звольніць начальніка Генштабу Оніка Гаспарана.
«Лічу заяву Генштабу спробай вайсковага перавароту. Я запрашаю ўсіх нашых прыхільнікаў на плошчу Рэспублікі проста цяпер», — адзначыў Пашыньян у фэйсбуку.
Пасьля гэтага Генштаб выступіў з новай заявай, у якой пацьвердзіў патрабаваньне аб адстаўцы прэмʼера і ягонага ўраду.
Па Канстытуцыі Армэніі, начальніка Генштабу прызначае і здымае з пасады прэзыдэнт па прапанове прэмʼера. Калі прэзыдэнт не прымае прапанову прэмʼера, яна аўтаматычна ўступае ў сілу праз 15 дзён. У адміністрацыі прэзыдэнта Армэніі Армэна Саркісьяна паведамілі, што ён ужо атрымаў прапанову Пашыньяна аб адстаўцы кіраўніка Генштабу, аднак яшчэ не падпісаў указ.
Мітынгі за і супраць
Апазыцыйны «Рух за выратаваньне айчыны», куды ўваходзяць 17 апазыцыйных партый, падтрымаў патрабаваньні вайскоўцаў адносна адстаўкі Пашыньяна. Былыя прэзыдэнты краіны Робэрт Качаран і Серж Саргсян таксама падтрымалі вайскоўцаў. А вось кіруючая парлямэнцкая фракцыя «Мой крок» назвала патрабаваньне Генштабу аб адстаўцы Пашыньяна неканстытуцыйным.
Днём 25 лютага ў Ерэване пачаліся адразу дзьве акцыі пратэсту. Апазыцыйны «Рух за выратаваньне айчыны», які ўжо некалькі месяцаў дамагаецца адстаўкі прэмʼера, сабраў сваіх прыхільнікаў на плошчы Свабоды ў цэнтры гораду. Яны выказвалі падтрымку арміі і чарговым разам патрабавалі адстаўкі Пашыньяна.
У іншым раёне, каля будынку ўраду на плошчы Рэспублікі ў Ерэване, на шэсьце са сваімі прыхільнікамі выйшаў прэмʼер-міністар. Нікол Пашыньян заклікаў начальніка Генштабу Оніка Гаспарана добраахвотна сысьці ў адстаўку і заявіў, што любая зьмена ўлады магчымая толькі на датэрміновых або чарговых выбарах. Прадстаўнікоў Узброеных сілаў ён заклікаў «заняцца сваёй місіяй па абароне межаў».
«Некаторыя спрабавалі ўцягнуць нашу армію, нашы Ўзброеныя сілы ў антыдэмакратычны, антыканстытуцыйны працэс. Сёньня я выразна ацаніў, што заява Генштабу — спроба вайсковага перавароту, і народ не дапусьціць вайсковага перавароту ў Армэніі», — заявіў Пашыньян.
Пасьля гэтага некалькі тысяч прыхільнікаў прэмʼера разам зь ім прайшлі шэсьцем па вуліцах Ерэвану.
Гісторыя крызісу
- Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам з нагоды Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла пра выхад з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай Рэспублікі».
- За пэрыяд збройнага канфлікту 1988–1994 гадоў у сэпаратысцкім рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Прылеглыя да Нагорнага Карабаху некалькі раёнаў Азербайджану перайшлі пад фактычны кантроль Узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, у асноўным этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і змушанымі перасяленцамі.
- «Нагорна-Карабаская рэспубліка» афіцыйна не прызнаная ніводнай краінай ААН, у тым ліку Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі, якія патрабавалі вывесьці армянскія войскі з рэгіёну Карабаху і прызнаць тэрыторыю часткай Азэрбайджану.
- Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна важны горад Шуша (на армянскай мове — Шушы). На наступны дзень пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.
- Па ўмовах пагадненьня за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Ўздоўж лініі сутыку разьмешчана міратворчая місія Расеі.