За тое, што былы ўжо кіраўнік пуцейнай брыгады Полацкага аддзяленьня чыгункі Анатоль Каханчык пафарбаваў сваю хату ў вёсцы Алёшча ў бел-чырвона-белыя колеры, яму далі сем сутак за нібыта «несанкцыянаваны пікет».
Пасьля адседкі Каханчыка выклікалі ў Полацак да кіраўніцтва і прапанавалі звольніцца «па згодзе бакоў». Каханчык адпрацаваў на чыгунцы 38 гадоў, да пэнсіі яму заставалася тры гады.
У міліцыі Каханчыку сказалі, што калі ён не перафарбуе хату, яго зноў пасадзяць. Аднак сябра КХП-БНФ заявіў, што ня будзе гэтага рабіць.
«Я не зафарбую. Так ім і сказаў, што, маўляў, у вас адзін варыянт — трымаць мяне за кратамі, але хата ўсё адно застанецца бел-чырвона-белай», — цытуе Каханчыка праваабарончы сайт «Віцебская вясна».