Ці можа Лукашэнка пакінуць пасаду прэзыдэнта Алімпійскага камітэту

Надзея Астапчук

Вядомая беларуская лёгкаатлетка Надзея Астапчук заявіла, што Аляксандр Лукашэнка можа пакінуць пасаду прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

Пра гэта яна сказала у інтэрвію інтэрнэт-рэсурсу tribuna.com.

— 26 лютага пройдзе пасяджэньне НАК Беларусі. Ці выберуць Лукашэнкіу прэзыдэнтам НАК на новы тэрмін?

— Складана прагназаваць. Кажуць, што хутчэй за ўсё там будзе новая кандыдатура на пасаду кіраўніка НАК, але я ня ведаю, гэта залежыць ад настрою Лукашэнкі. Тым больш, вы ж ведаеце, што ўсё праходзіць зь ягонага ўхваленьня, таму калі кандыдата падбяруць, то «выберуць», а калі кандыдата не падбяруць, то, хутчэй за ўсё, Лукашэнка застанецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэнэр Казека прапанаваў у склад Нацыянальнага алімпійскага камітэту дваіх спартоўцаў, якія падпісалі ліст за новыя выбары

— Калі за Лукашэнку, скажам гэтак, не прагаласуюць, то ці дапаможа гэта пазьбегнуць санкцый МАК?

— Думаю, што гэта магчыма. Тым больш адна з прэтэнзій МАК — парушэньні хартыі, дзе ёсьць такі пункт, што дзяржаўны служачы, дзяржаўны кіраўнік не павінен займаць такую пасаду. Палітыка павінна быць у баку ад НАК. Таму я ня ведаю... І так колькі часу яны на гэта вочы заплюшчвалі, магчыма, цяпер ужо не захочуць заплюшчваць. Таму, магчыма, будзе разглядацца такі варыянт, што ў нас зьменіцца прэзыдэнт НАКу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​«Гэта быў адзін з наймацнейшых удараў, калі мы пасьмелі „адкрыць рот“». Герасіменя пра Лукашэнку і «здраду» спартоўцаў


— Калі б стаяў выбар: Беларусь на Алімпіядзе ці Лукашэнка — кіраўнік НАК. Як думаеце, што б ён абраў?

— Спадзяюся, што ён абраў бы Беларусь на Алімпіядзе. Думаю, што для яго дэманстрацыя таго ж сьцяга важней, чым гэтая пасада, якая яму абсалютна па барабану, ён яе проста займаў дадаткова для галачкі, — сказала Астапчук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Страты беларускага спорту хутка не аднавіць». Як жывуць спартоўцы, якія выступілі супраць Лукашэнкі


​Напярэдадні пасяджэньня выканкаму Міжнароднага Алімпійскага камітэту 24 лютага гучалі меркаваньні, што МАК можа пазбавіць беларускіх спартоўцаў права выступаць на Алімпіядзе пад дзяржаўным сьцягам. Аднак кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах на прэсавай канфэрэнцыі па выніках пасяджэньня выканкаму адмовіўся да вынікаў выбараў у НАК Беларусі рабіць здагадкі, ці паўплываюць яны на палітыку МАК.

МАК пачаў расьсьледаваньне ў дачыненьні да Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі пасьля абвінавачаньняў у палітычнай дыскрымінацыі спартоўцаў, якія выступілі супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

У сьнежні Выканкам МАК пастанавіў, што «цяперашняе кіраўніцтва НАК належным чынам не абараніла беларускіх спартоўцаў ад палітычнай дыскрымінацыі», што супярэчыць Алімпійскай хартыі. Выканкам МАК забараніў старшыні НАК Аляксандру Лукашэнку і яго старэйшаму сыну Віктару, які зьяўляецца першым віцэ-прэзыдэнтам НАК Беларусі, наведваць Токіё-2020, а таксама пастанавіў спыніць фінансавую падтрымку гэтай арганізацыі. Наступным крокам магла стаць забарона беларускім спартоўцам выступаць на Алімпіядзе пад дзяржаўным сьцягам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Times паведаміла аб плянах адмяніць летнюю Алімпіяду. Японія гэта адмаўляе