Віны Троцкі адпачатку не прызнаў і паўтарыў гэтую пазыцыю ў судзе. Дзеяньні, якія прывялі яго на лаву падсудных, Аляксандар Троцкі патлумачыў «стрэсам і страхам перад людзьмі са зброяй і ў балаклавах».
«Дзейнічаў сьвядома»
Паводле абвінавачаньня, 12 жніўня каля 19.55 на праспэкце Пераможцаў маёр Юраў спыніў аўтамабіль «Шкода-Кадыяк», за стырном якога знаходзіўся Аляксандар Троцкі. Кіроўцу нібыта было прапанавана выйсьці і адчыніць для агляду багажнік, але той адмовіўся і паехаў наперад, проста на супрацоўніка ДАІ. Міліцыянт аказаўся на капоце, а потым на асфальце, атрымаў траўмы, а вінаваты ў наезьдзе на яго кіроўца зьехаў зь месца здарэньня, даводзіць суду сьледзтва. Паводле абвінавачаньня, Аляксандар Троцкі добра бачыў, што перад ім стаіць супрацоўнік міліцыі, ведаў пра праверкі аўтатранспарту, якія ў той час праводзілі супрацоўнікі ДАІ разам з АМАПам, і ўсьведамляў, кім зьяўляюцца людзі са зброяй у руках — то бок сьвядома замахваўся на жыцьцё супрацоўніка праваахоўных органаў.
«Нацэліўся ў мяне і быў гатовы страляць»
Аляксандар Троцкі ў судзе расказвае, што зь ім адбылося ў той дзень.
Спачатку ён патлумачыў, як аказаўся на праспэкце Пераможцаў, хоць жыве ў пасёлку Тарасава і ехаў якраз туды.
Паводле бізнэсмэна, пасьля працоўнага дня ён выехаў дамоў з офісу на вуліцы Чыгуначнай. Звычайна едзе на МКАД па праспэкце Дзяржынскага, але ў той дзень на знаёмым маршруце былі вялікія заторы, таму паехаў у іншым кірунку — празь Нямігу выехаў на праспэкт Пераможцаў, каб тудой выехаць на кальцавую аўтадарогу і збочыць у Тарасава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менчука, які наехаў на нагу міліцыянта, зьбіраюцца судзіць за замах на забойства«Але на пад’езьдзе да вуліцы Мельнікайце ўбачыў вялікую групу людзей у чорнай вопратцы, без апазнавальных знакаў, са зброяй і ў балаклавах. Адзін зь іх рэзка выйшаў на дарогу і жэстам загадаў мне спыніцца, іншыя акружылі аўтамабіль, наставілі на мяне аўтаматы», — кажа Аляксандар Троцкі.
Паводле абвінавачанага, людзі, якія яго спынілі, не прадставіліся, не патлумачылі, што ён парушыў. Ён забаяўся выходзіць з аўтамабіля, каб ня стаць ахвярай гвалту, і прапанаваў адкрыць багажнік для агляду з салёну. Але, паводле Троцкага, на яго наставілі зброю, адзін зь людзей у чорным спрабаваў локцем разьбіць шкло, а іншы супрацоўнік, які стаяў наперадзе, пачаў цэліць і ўжо быў гатовы страляць.
«Я спалохаўся за жыцьцё і паехаў наперад, спрабаваў аб’ехаць таго чалавека, ня памятаю, каб зьбіў яго», — паведаміў суду Аляксандар Троцкі.
Ён пацьвердзіў ранейшыя паказаньні, у якіх пагаджаўся «ў разумных памерах» кампэнсаваць пацярпеламу супрацоўніку ДАІ нанесеную шкоду. Пры гэтым падсудны па-ранейшаму настойваў на тым, што ня меў намеру наехаць на супрацоўніка ДАІ, а тым больш яму помсьціць.
«Ніколі ня ведаў Юрава, мне не было за што яму помсьціць», — сказаў Троцкі.
«Засоўвалі пісталет у рот і пагражалі забіць»
Троцкі расказаў, што зьехаў зь месца здарэньня пад стрэлы па ягонай машыне і спыніўся за стэлай насупраць музэю Айчыннай вайны. Паводле Троцкага, ён вырашыў пазваніць у міліцыю і паведаміць пра напад на яго невядомых, але ў гэты момант да яго падбеглі ўзброеныя людзі, выцягнулі з машыны і пачалі зьбіваць.
«Білі доўга і гэтак моцна, што ўжо ня мог сам перасоўвацца. Засоўвалі пісталет у рот і пагражалі забіць. Потым упаў у кому. Выратавалі мяне ў 5-м шпіталі, дапамагла апэрацыя», — кажа Аляксандар Троцкі.
Чаму пацярпелы ў суд не прыйшоў?
Міліцыянт, які, паводле Троцкага, цэліў яму ў галаву і нібыта быў гатовы стрэліць, — той самы супрацоўнік ДАІ маёр Юраў, якога сьледзтва прызнала пацярпелым. Паводле матэрыялаў справы, у пацярпелага абдзірыны і траўма пяткі. Але 24 лютага на адкрыцьцё працэсу Юраў не зьявіўся. Па зьвестках судзьдзі Аляксандра Хоміча, міліцыянт захварэў, у яго падазраюць каранавірус. Бакі пагадзіліся пачынаць слуханьні без пацярпелага, а пазьней вырашыць, як быць далей. Сьведак у справе выклікалі на наступныя дні, і судзьдзя, каб зэканоміць час, адразу пасьля допыту падсуднага перайшоў да вывучэньня матэрыялаў справы.
Абвінавачаньне перакваліфікавалі на цяжэйшае
Паводле матэрыялаў справы, яшчэ ў 5-м шпіталі, дзе Аляксандар Троцкі прабыў 3 тыдні і быў прыкаваны кайданкамі да ложка, ён напісаў заяву аб завядзеньні справы супраць міліцыянтаў, якія яго зьбівалі. У тым ліку называў і прозьвішча Юрава. Але ходу заяве так і не далі. А вось скаржніку ў лістападзе перакваліфікавалі абвінавачаньне на цяжэйшае. Калі спачатку Троцкага абвінавачвалі паводле 364 артыкула («гвалт адносна супрацоўніка органаў унутраных спраў», максымальнае пакараньне — да 6 гадоў зьняволеньня), дык у лістападзе яго абвінавацілі па цяжэйшым артыкуле — 362-м («замах на жыцьцё міліцыянта»). Цяпер за тыя ж дзеяньні экс-банкіру Аляксандру Троцкаму пагражае ад 10 гадоў зьняволеньня і да сьмяротнага пакараньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – люты 2021. Мы сьведкі. „Паглядзела яго картку і ўбачыла месца працы — АМАП“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЖадалі перамогі дэмакратыі і здаровага сэнсу
Ёсьць у справе і матэрыялы, узятыя з мабільнага тэлефона ды электроннай пошты падсуднага. У прыватнасьці, улетку яму прыходзіла паведамленьне з пажаданьнем «перамогі дэмакратыі і здаровага сэнсу». Паводле матэрыялаў, сабраных сьледчымі, былы банкір быў падпісаны на тэлеграм-канал Nexta ды іншыя крыніцы, зь якіх спампоўваў відэа пра падзеі ў краіне, у тым ліку пра брутальныя дзеяньні праваахоўнікаў. У адным камэнтары ён выказваўся за тое, каб зьбіраць базу дадзеных пра супрацоўнікаў, якія чыняць беззаконьні. Але ў пратэстах 9, 10 і 11 жніўня, паводле Троцкага, ён ня ўдзельнічаў.
Што яшчэ вядома пра Аляксандра Троцкага
Аляксандру Троцкаму 45 год, ён беларус. Нарадзіўся ў Слуцкім раёне, скончыў беларускамоўную школу.
Да працы на пасадзе выканаўчага дырэктара Менскага транзытнага банку Аляксандар Троцкі працаваў у вядомай беларускай фірме, якая займаецца продажам аўтамабіляў. Калі сышоў з банку, стварыў і ўзначаліў фірму, якая займаецца продажам будаўнічых матэрыялаў і прыладаў для будаўнічых прац. У фірме некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў.
«Як Аляксандра арыштавалі, дык заблякавалі рахункі, але потым разблякавалі, трэба ж плаціць заробкі», — кажуць калегі падсуднага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ясна ўсьведамляў, што мяне могуць расстраляць». Як сілавікі імітавалі пратэстоўцам пакараньне сьмерцюЖонка бізнэсоўца Ірына ў размове з карэспандэнтам назвала Аляксандра Троцкага «самым лепшым мужам і справядлівым чалавекам» і згадала, як ён зь сябрамі дапамагаў дзецям з Жодзінскага дзіцячага дому, ды пры гэтым не афішаваў сваю дабрачыннасьць.
«Увесь час, пакуль ішоў суд, я праплакала», — сказала Ірына. Дзеяньні мужа, якія цяпер вывучае суд, яна патлумачыла стрэсам і тымі відэа, якія зьявіліся пасьля падзей 9 жніўня. «Ёсьць шмат відэа, як кіроўцаў выцягвалі з машын і зьбівалі ні за што, вось і ён забаяўся гэтага», — мяркуе Ірына. Жанчына шкадуе, што на аўтамабілі яе мужа не было відэарэгістратара і цяпер складана пацьвердзіць ягоную вэрсію падзей, што адбыліся зь ім на праспэкце Пераможцаў.
У Троцкіх трое дзяцей, у тым ліку непаўналетняя дачка. Сын Даніла сказаў, што бацьку яны з маці пабачылі ўпершыню за паўгода і з радасьцю адзначылі, што цяпер зь ім усё добра.
«Цяпер выглядае нармальна, толькі схуднеў. Сьлядоў зьбіцьця не відаць, а праз два дні ад затрыманьня, як зь ім сустрэўся адвакат, той казаў, што твар быў зусім разьбіты, проста не пазнаць», — згадаў малады чалавек.