На плятформе Petitions.by зьбіраюць подпісы пад пэтыцыяй супраць усхваленьня нацызму на дзяржаўным тэлеканале СТВ Аляксеем Голікавым. Сюжэт выйшаў 22 лютага пад загалоўкам «Улада і парадак — гэта ня тое, што можна трымаць растапыранымі пальцамі».
У пэтыцыі гаворыцца, што ролік зьмяшчае прыкметы правапарушэньня, прадугледжанага арт. 130 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь «Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці, рэабілітацыя нацызму».
«У гэтым роліку даецца станоўчая ацэнка забойстваў нацыстамі мірнага насельніцтва за нязначныя правапарушэньні і, мяркуем, прапануецца ўвесьці падобную практыку ў Рэспубліцы Беларусь».
Аўтары пэтыцыі падкрэсьлілі, што ролік «глыбока абурыў» іх, яны лічаць недапушчальным рэабілітацыю і апраўданьне нацызму, таму зьвяртаюцца ў Сьледчы камітэт і Міністэрства інфармацыі, якім зварот накіруюць 27 лютага пасьля збору подпісаў.
У звароце таксама падкрэсьлілі, што Мінінфарм і Сьледчы камітэт маюць кампэтэнцыі, каб адпаведным чынам адрэагаваць на паведамленьне аб зьдзяйсьненьні злачынства. Міністэрства можа выдаць СТВ папярэджаньне і абмежаваць доступ да каналу, а СК можа завесьці крымінальную справу супраць Голікава ў сувязі зь ягонымі заявамі ў этэры.
Па стане на 15 гадзін 24 лютага пэтыцыю падпсіалі больш за 3000 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што агульнага маюць Год нацыянальнага адзінства ў Беларусі і «Радыё тысячы пагоркаў» у Руандзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля Лукашэнкі ад дзяржавы застануцца руіны», — Паротнікаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-камандзір батальёна «Данбас» пракамэнтаваў фільм АНТ, у якім яму прыпісваюць пастаўкі зброі ў Беларусь